Выбрать главу

Культура — гэта трывала зафіксаваныя формы быцьця соцыюму, якія найбольш выразна выяўляюцца ў мове, побыце, культавых абрадах, вытворчых тэхналёгіях… Але якую б форму культуры мы не вылучалі, у аснове кажнай зь іх ляжыць трывала зафіксаваная сума статыкі. Вось чаму дынамічныя з сваёй прыроды бунт і іншыя праявы супраціву па азначэньні зьяўляюцца падзеямі чужымі і супрацьлежнымі культуры, калі заўгодна — падзеямі антыкультуры.

Мне здаецца, што формула “культура бунту” (“культура супраціву”) з”явілася ў сілу ня намі створанага непаразуменьня, якое тоесьніць культуру і мастацтва.

Але ж гэтае непаразуменьне тоесьніць культуру і мастацтва!

Бо мастацтва, мастацкі творчы акт пераважна грунтуецца на індывідуальным ці калектыўным экспрэсыўным бунце; без унутранага супраціву хоць чаму мастацкі твор наўрад ці ў прынцыпе магчымы, як і мастацкая творчасьць увогуле. Вось чаму нішто так і не разбурае культуру, як мастацтва. Нават сацыяльныя катаклізмы. Зрэшты, а ці не мастацтва заўсёды ініцыявала сацыяльныя катаклізмы. І ці не зьяўляюцца сацыяльныя катаклізмы матэрыяльнай рэалізацыяй агрэсыўных па сваёй сутнасьці (дынаміка — гэта заўсёды агрэсія) ідэяў мастацтва?..

(У дужках заўважу, што катэгорыя “супраціву” ў маёй інтэрпрэтацыі ўключае ў сябе ўсе формы супраціву: ад радыкальных сацыяльна-палітычных, такіх як рэвалюцыя, бунт, да мэтафізычных, такіх як нэгатыўная тэалёгія ці філязофія.)

Пачну я, бадай, з вызначэньня таго мейсца, дзе супраціў (у дужках заўважу, што катэгорыя “супраціву” ў маёй інтэрпрэтацыі ўключае ў сябе ўсе формы супраціву: ад радыкальных сацыяльна-палітычных, такіх як рэвалюцыя, бунт, да мэтафізычных, такіх як нэгатыўная тэалёгія ці філязофія) зьяўляецца ў якасьці ўжо заўважанага намі фэномэну. Як на маё разуменьне, то па часе мейсца зьяўленьня супраціву заўсёды знаходзіцца ў будучым. Супраціў ня можа аб’явіцца раней таго, чаму ён будзе пакліканы супраціўляцца. Супраціў — гэта нэгатыўная рэакцыя на тое, што ўжо ёсьць, таму, што ёсьць. Пэўна, адсюль, са свайго паходжаньня з будучыні, палітычныя адэпты супраціву называюць сваіх апанэнтаў рэакцыянэрамі, гэта значыць тымі, хто замінае будучаму рэалізоўвацца ў сучасным, хаця па сутнасьці рэакцыянэрамі трэба было б называць “эвалюцыянэраў”, адэптаў супраціву, паколькі менавіта яны прэзэнтуюць сабой нэгатыўную рэакцыю пострэальнасьці на наяўнасьць рэальнасьці.

Няма сумненьня, што тое, што ёсьць, само стварае, калі заўгодна — правакуе падзею супраціву самому сябе. Навошта? Адна з вэрсій: каб праз супраціў выявіць наяўнасьць і форму самога сябе ў сытуацыі прасоўваньня сябе ў будучае. Калі гэта так, то, у самым шырокім сэнсе, супраціў ня што іншае, як форма сустрэчы сучаснага з будучым.

Але гэта толькі адна вэрсія, да таго ж залішне адцягненая нават для нашай досыць адцягненай гаворкі.

Пакуль зразумела, здаецца, адно: супраціў па часе паходзіць з пострэальнасьці. Адсюль вынікае, што адносна рэальнасьці, супраціў, хоць і пакліканы рэальнасьцяй, ёсьць велічынёй ірэальнай, ён уяўляе сабой нешта падобнае да рэха рэальнасьці, сваеасаблівы скажоны водгук на ўжо прамоўлены гук.

Як гук ніколі ня ведае, якім і скуль ён вернецца рэхам, так і рэальнасьць ня ведае, у якіх формах супраціву адгукнецца на яе покліч пострэальнасьць.

Таму і ў гэтым сэнсе, у гэтым сэнсе непрадбачнасьці супраціў заўсёды ёсьць велічынёй ірэальнай.

Бадай, ірэальнасьць супраціву, што да рэальнасьці, зьвязана найперш з тым, што калі рэальнасць мае толькі адзін варыянт самой сябе, то пострэальнасьць, будучае віртуальна неабмежаванае, зрэшты, як і кажны ірэальны дыскурс.

Карацей, вэктарна супраціў у часе знаходзіцца наперадзе той падзеі, дзеля якой ён быў вымкнуты супраціўляцца. Зусім адваротнае мейсца займае супраціў у прасторы.

Вэктарна ў прасторы супраціў заўсёды займае мейсца ззаду таго, чаму ён быў вымкнуты супраціўляцца.Зьявіўшыся ў часе з будучыні, з пострэальнасьці і патрапіўшы ў рэальнасьць як прастору рэальнасьці ён становіцца не наперадзе-насупраць свайго супраціўніка, а яму за сьпіну. Чаму так атрымліваецца?

Рэч у тым, што супраціў заўсёды спазьняецца на сваё пакліканьне. Нейкая падзея выгукнула яго з будучыні і ён адгукнуўся на яе покліч, сьпяшаецца туды, а яе ўжо там няма, бо нішто ніколі не стаіць на мейсцы.

Каб патлумачыць гэта і сёе-тое іншае больш выразна, яшчэ раз згадаем апорыю Зянона “Ахіл і чарапаха”. Ахіл зьяўляецца з часу ў прастору пазьней за чарапаху, яна там ужо ёсьць і таму рухаецца наперадзе яго. Ахіл зьявіўся, каб дагнаць чарапаху, ён яе супраціў. Але Ахіл ніколі не дагоніць чарапаху, таму што з будучыні ён патрапляе не ў сучаснае рухомай чарапахі, а ў яе прамінулае, як часава, так і прасторава. І як бы Ахіл не вымагаўся, як бы не набліжаўся да чарапахі, ён ніколі не пераадолее нейкі апошні зазор між сабой і ёю, ён заўсёды будзе заставацца часавым і прасторавым прамінулым чарапахі. Уласна, Ахіл ня столькі даганяе чарапаху, колькі бяжыць навыперадкі сам з сабою, і будзе так бегчы, пакуль канчаткова не зьнясіліцца.