Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасьць — гэта каштоўнасьць скарбонкі, у якую ссыпаны скарб, набыты нястомнай працай на працягу невядома якога часу. І калі я прыходжу да высновы, што я ўсяго толькі месьцішча, дзе мой этнас працягвае існаваньне з усімі сваімі тысячагодзьдзямі і каленамі, то амаль міжволі вымаўляю: мой бог — мой этнас.
Пры ўсёй відавочнай дэкляратыўнасьці гэтай тэзы, не абмінем увагай і тое, што рытарычна аблегчаная фігура хавае грувасткі падтэкст. Ён невымоўны, як і кожны падтэкст (трансцэндэнтны Бог — гэта таксама падтэкст існага)...
Мой бог, у адрозьненьне ад трансцэндэнтнага, мае інфарматыўны абрыс і лёгіку быцьця. Ён вынік амаль паэтычнай мэтамарфозы. Рэальная гісторыя этнасу ў пэрспэктыве часу ператвараецца ў ідэальную сутнасьць. У будучым рэалістычнае мінулае набывае ідэалістычныя рысы. Падзея выкрышталізоўваецца ў міт і ў якасьці міту доўжыць сваё існаваньне да верагоднамагчымай бясконцасьці, вырастаючы зь першапачатковага драбка ў празрыста-важкую шматгранную друзу, кожная грань якой зіхаціць асобым сэнсам.
Мне любы мой бог сваёй дваістасьцю, сваім сымбіёзам рэальнага і ідэальнага, але я здагадваюся, што сапраўдныя вытокі маёй любасьці ў іншым. Безь Яго я нішто, камяк жывога рэчыва, адзінае прызначэньне якога павялічыць аб’ём біясфэры на плянэце Зямля. А прыстаўшы да Яго, я сам раблюся ім.
Этнас — гэта я, памножаны на ўсю гісторыю майго народа. Этнас — гэта мой адзіны прытулак пасьля сьмерці, апошняя, хай сабе і даволі ўмоўная, надзея на несьмяротнасьць. Так я толькі памру, а калі ён зьнікне, то зьнікну і я.
Памерці — гэта мая натуральная функцыя, усяго толькі драма майго асабістага жыцьця. Зьнікнуць — трагедыя.
Вось чаму мне страшэнна хочацца, каб мой этнас застаўся, бо тады застануся і я, як адна зь незьлічоных прычынаў Яго.
Я спрычыняюся сваёй матэрыяльнай сутнасьцю да стварэньня яго ідэальнай існасьці і застаюся ў гэтай існасьці, як казюрка ў залатым бурштыне (прыгожае параўнаньне, але не дакладнае, бо застылае, нерухомае, не пульсуе).
Мяне вабіць магчымасьць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён дадзенасьць, завершаная і непахісная ад пачатку да канца. А мой бог — несупынны рух і памнажэньне ў часе і прасторы, ён тоесны працягласьці аб’ектыўнай гісторыі. Але гэта нічога не тлумачыць у маім выбары, і я павінен сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблічная вечнасьць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасьці райскаму прытулку ягонага канкурэнта.
Справа тут да сьмешнага празаічная — я ня веру ў Яго існаваньне. Я не магу даць веры існаваньню Бога, якога здолеў перамагчы эгаізм чалавека. Калі ня Бог, а чалавек найвялікшая каштоўнасьць, калі семдзесят кіло гуманістычна заклапочанай арганікі крочыць наперадзе, а духоўная ідэя валачэцца ў яе за сьпінай, як цень на зыходзе дня, то мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсьць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькі палохае, калі я часам азіраюся. І яшчэ. Бачыце, я безумоўна і адразу паверыў бы ў існаваньне трансцэндэнтнага Бога, каб ён намаляваў хаця б адну карціну, зрабіў скульптуру, які храм альбо вежу. Мне незразумела, як Творца з такімі эстэтычнымі здольнасьцямі, з такім пачуцьцём гармоніі і пэрспэктывы змог утрымацца і не паспрабаваць сябе у дойлідзтве, жывапісе, паэзіі?
Этнас творыць несупынна. Творчасьць — перадумова яго існаваньня. Этнас — форма, вашчына, у якую кожны з нас дадае кроплю свайго жыцьця як творчага акту.
Ува ўсёй неверагодна складанай (і абсалютна нерас-працаванай) сыстэме ўзаемадачыненьняў паміж Я і Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасьць быць далучаным да духоўнай ідэі, у сьвятле якой мой эгаізм у фанабэрыстых строях найвялікшай каштоўнасьці робіцца да сьмешнага мізэрным, дробненькім і ўвогуле чэзьне. Бо гэтаксама як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманізму, з-пад квятаста размаляванай маскі якога выглядае бляклая пыса панылай экзістэнцыі.
Экзістэнцыялізм (сьветапогляд, філязофія, мастацтва) — гэта жах сямідзесяці кіло жывога рэчыва перад сваёй бессэнсоўнасьцю. Вылучаны з агульнага кантэксту этнасу, завершаны, сам-насам чалавек — безумоўна абсурд. Ён мае сутнасьць, але пазбаўлены сэнсу. Шматлікія спробы на падставе сутнасьці чалавека вызначыць ягоны сэнс ня могуць весьці да посьпеху, бо няможна знайсьці тое, чаго няма.
Папярэднія экзістэнцыялізму філязофіі, за выняткам этыкі, не зьвярталі ўвагу на асобу, бо выразна ўсьведамлялі яе ў субстанцыі існага.