Хуткасьць культурных экспансіяў, калейдаскапічная множнасьць і рознавэктарнасьць іх тэндэнцыяў анігілююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансіі. Да таго ж электронныя сродкі інфармацыі, якія робяцца дамінуючымі ў транспартацыі знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыі кастрыруюць культурны знак (такая іх тэхналягічная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго ідэнтыфікат (такая іх сацыяльная задача), бо толькі пазбавіўшы ідэнтыфікату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымі турботы тых, хто непакоіцца, што ўладальнікі асноўных камунікатыўных сродкаў (і ў прыватнасьці — інтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакі таго ці іншага культурнага коду і такім чынам сфармулююць культурную імпэрыю, якая праглыне ўсе іншыя культуры. Зрэшты, калі б падобнае і здарылася, то з гледзішча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялікшай бядою, бо тады мы мелі б хоць адну — вартую нашых традыцыйных уяўленьняў — культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лічыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкі час (і гэта зусім верагодна) мы ня будзем мець ніякай культуры — ніякай у яе традыцыйным разуменьні, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма ідэнтыфікаваць нават адносна самой сябе.
Зрэшты, калі наканавана такому здарыцца, то тут, як кажуць, і казаць няма пра што. Культура перастане быць культураю, і ідэнтыфікаваць сябе чалавек (і супольнасьць) будзе не з нацыянальнаю культурай ці культурай пэўнага рэгіёну, а зь нечым зусім іншым. Аднак, магчыма, гэтыя мае футуралягічныя трызьненьні ёсьць толькі штучнай унівэрсалізацыяй патэнцыйна лякальнай падзеі, пэрвэнтыўным перапалохам ад зруху ў прасторы, якая раптам бязьмежна расхінулася ва ўсе бакі ад нечаканага выбуху камунікацыяў. Паспрабуем пагадзіцца, што гэта насамрэч так, і сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва кардынальна ня зьменіць адвечнай сутнасьці чалавека, які і надалей будзе шукаць і знаходзіць свае асновапалеглыя праекцыі ў нацыянальным культурным кодзе. Але якраз у гэтым выпадку мы і маем драматычную праблему, дзеля актуалізацыі якой прапануецца гэты тэкст. Бо нават калі мы бязьмежна перабольшваем тую радыкальную навізну культурнай сытуацыі, якую нясе з сабою камунікатыўна адкрытае гармадзтва, то ўсё роўна ня зможам зусім адмаўляць, што многія тут згаданыя працэсы (натуральна, невымерна больш іх засталося за кантэкстам гаворкі) маюць месца ўжо цяпер і, відавочна, будуць інтэнсыўна разгортвацца ў недалёкай будучыні. А гэта азначае, што да звыклай вайны культураў дадаецца яшчэ адзін актыўны і пагрозьлівы для кожнай культуры дзейнік — татальная камунікацыя. Яна небясьпечная для ўсіх культураў, але гэтая небясьпека не для ўсіх аднолькавая. Для тых культураў (напрыклад, італійскай, нямецкай), якія даўно і цалкам сфармаваліся, трывала ўгрунтаваліся ў сацыяльныя інстытуты, індывідуальную мэнтальнасьць, штодзённы побыт — гэта толькі магчымая небясьпека, пакуль больш гіпатэтычная, чым рэальная. А вось для тых культураў (найперш маю на ўвазе беларускую), працэс фармаваньня якіх яшчэ не завершаны, у якіх ледзьве хапае сілаў трымаць апошнія межы абароны ў вайне з больш магутнымі культурамі, гэты нечаканы вораг за сьпіною робіцца ўжо сёньня рэальнай і звышнебясьпечнай пагрозай.
На вялікі жаль, у нас на гэтую небясьпеку амаль не зьвяртаюць увагі, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Між тым, на маю думку, сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблемай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.