Сам-насам я — ніхто, адно вось гэтая панылая пыса, засяроджаная на двух-трох эгаістычных хаценьнях, а з этнасам у сэрцы я — ягонае сэрца, якое б’ецца ўва мне. Я — жывое сэрца міту, які стварыў мяне, і ніякай каштоўнасьці ўва мне няма і не магло быць, каб празь мяне не працякала плынь вечнасьці майго этнасу.
Зрэшты, гэта — патэтыка, спроба вымавіць невымоўнае, падтэкст. І ня варта засяроджвацца на марнай справе. У зьвязку з развагамі пра эгаізм і этнас мяне цікавіць зусім іншае. Этнас — вынік зьбегу гістарычных акалічнасьцяў ці непазьбежнасьць, прадумоўленая нейкім сэнсам? Гэта важна. Бо ў першым выпадку ён мог і ня быць, на ягоным мейсцы магло быць нешта іншае. У другім ён, акрамя сэнсу самадастатковасьці, мае яшчэ нешта, і тады ў Этнаса зьяўляецца пазагістарычная ідэя. А ў мяне — магчымасьць пазьбегнуць рыторыкі, калі я кажу: мой бог — мой Этнас.
Куды ні абярнуся, Ён заўсёды за сьпіной.
Шалеючы, мармычу скрозь зубы:
— Цябе няма.
І адразу адчуваю хрыбтом цяжар нябёсаў, і сэрцу робіц-ца млосна.
Хай сабе.
Цябе няма. На каменных скрыжалях Майсей высек не дамову з Табой, а першую літаратурную містыфікацыю. Ён затлуміў нам галаву ўнівэрсальнай мэтафарай, і ніхто не даўмеўся запытацца Майсея: навошта Богу твая пісанка?
Цябе самога пытацца дарэмна. Ты — маўчыш. Твой схарон у бязмоўі. Ты — толькі падстава для дыялёгу...
Чалавеку няма з кім гаварыць, ён страшэнна адзінокі. Ён спрабуе пазбыцца адзіноты, прамаўляючы да жанчыны, дзяцей, людзтва, але гэтыя словы стамляюць рэхам.
І тады ён змаўкае і застаецца сам-насам. Цяпер яму няма з кім нават памаўчаць, акрамя Цябе. Затое Твае маўклівасьці яму хопіць назаўсёды.
Ты – выбаўленьне адзіноты.
Але ты і самая вусьцішная адзінота, якую толькі можна ўявіць.
І таму я пытаюся: можа, Ты выдумаў мяне адно каб самому ўнікнуць нуды? Можа, сапраўды Ты мяне вымавіў, каб было каму гаварыць з Табой?
Ты — жорсткі і панылы Шыхрыяр, які нудзіцца тысячагодзьдзі і ня мае сну ні днём, ні ўначы...
— Ты і на гэта маўчыш?
Я зважаю, што калі Ты слова, то ў кожным маім пытаньні Твой адказ.
Я зважаю, што Ты — толькі слова, і таму нязлосна пакепліваю з хітрыкаў Яана (“Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова”). Калі Слова было наперадзе Бога, то ўжо аніяк Яно ў Яго не магло быць, адно — наадварот.
Мяне ня вабяць антынамічныя формулы накшталт “Бог знаходзіцца ўва ўсім і па-за ўсім”* .
Яана таксама ня вабілі, і ў наступным сказе ён паспрабаваў выкруціцца з алягізму (“Яно было ў Бога спрадвеку”). Апошнім выкрунтасам Яан канчаткова заблытаў і сябе, і астатніх. А так добра пачынаў: “На пачатку было Слова... і Богам было Слова”.
Слова, што тут казаць — Бог. Цуд маўленьня — найвя-лікшы з магчымых на гэтай скрані быцьця. У параўнані зь ім нішто нават само стварэньне сьвету. Ня вымаўлены і праз маўленьне не ўсьвядомлены суплёт існага — нешта нагэтулькі жахлівае, што ня мае (і ня можа мець) роўнажахлівага слова... Узьнікаюць і гінуць галяктыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над сьнягамі аблокі, туляцца ў пу-шчах зьвяры, а ў карчах рыбы... І ўсяго гэтага дзіва ніхто не заўважае, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня, і хаця сьвішча вецер,трушчацца камяні, рыкае зьвер, але вусьцішная цішыня няўцямнасьці пануе ўсюдна.
Усё ёсьць і нічога няма. Жудаснае відовішча.
Як быццам я яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр. І ўсё так, усё так — дазваньня.
Што існае бяз слова? Сказаць — нішто, значыць нічога не сказаць.
Натуральна, Слова — Бог. Яно перастварыла вусьцішную фантасмагорыю ў ветлую рэальнасьць, і калі што абагаўляць, то нішто іншае, як Слова. Назваўшы Існае — існым, яно выявіла яго наяўнасьць для некага другога.
Пакуль сусьвет быў адно сам для сябе, яго не было. Усё, што ёсьць, ёсьць толькі таму, што яно ёсьць для некага. Адам, надаўшы істотам ды існасьцям імёны, вызваліў іх зь вязьніцы саміх сябе. І ўсё, што было — сталася Словам, што ня сталася Словам — таго не знайсьці.
Кожны раз, прамаўляючы нешта, мы прамаўляем Тваё Імя. Лаянка і мальба, споведзь і хлусьня, патаемная думка і енк — усё Ты.
Забі — Ты. Зьлітуйся — Ты. Мы — Ты. Я — Ты.
Ты — Слова, пэрсаніфікаванае ў слове Бог.
Ты — абагаўленьне магчымасьці гаварыць, ведаць, разумець, — жыць.
Паўторанае за тысячагодзьдзі безьліч разоў Тваё імя зацьвярдзела ад дотыкаў вуснаў, а рэха матэрыялізавала прастору Твайго бытаваньня.
Вызначаючы лёсы людзей, народаў і ўсяго людзтва, слова Бог само мацавалася чалавечай моцай, зьбіралася чалавечымі высілкамі ў магутную дзейсную волю.