Дзяўчына
Любяць глядзець дзяўчын, што ў разгары маладосці ідуць на сустрэчу з мястэчкам.
Прысаджваюцца за столік, зараз побач з крамай “Атлянта”. Гэта добрае месца, па галоўнай вуліцы. А вуліца — і крыніца, і вусце — разгартаецца ва ўсіх напрамках, ды згартае да сябе ўсё, што мае тут якое колечы значэнне.
І не быць, не функцыянаваць у мястэчку даўжэй за два дні, не ступаючы на тую вуліцу.
Гэтым шляхам вяртаюца з мясцовага магістрата турботныя рэферэнты — як нармальна не спінаецца ў іх бюджэт, і прыдзіраюцца начальнікі, бо такая праца начальнікаў, і хварэюць шлюбныя жанкі, і сыны падрастаюць неабавязкова на вобраз і падабенства запісанае ў рамах буйнай амбіцыі, і ў шырокім плане года астаецца няшмат месца для празаічнай пляшкі з кумам.
Тут ў дзве гадзіны пасля поўдня, заўчасна прыстарэлыя маткі-полькі хілком уцякаюць ад ранішняй змены на фабрыцы. І ў думках ругаюць гэту фабрыку, што за пяцьсот злоты ў месяц бесцырымонна распранае іх з апошніх атрыбутаў прыгажосці. А затым, у краме “Атлянта” пераліваюць залатоўкі ў пластмасавыя пакеты з малаком, напаўняюць араматам свежага хлеба, загартаюць у цёплыя апельсінавыя хустачкі. Ступаюць на вуліцу, а сонца ўсміхаецца дзіцячай усмешкай. І ўжо іначай, і ўжо пяшчотным зрокам абводзяць фабрычны комін.
Напышліва надзімаючы бруха час ад часу перакоціцца вуліцай штатны кіраўнік чагосці там. Жоўты гальштук, бы кітайскі мандарын распіраецца напалову лежачы ў жывой рыкшы.
Часам ступіць тратуарам пачарнелы ад сонца мужык, што з’явіўся ў мястэчка па неадкладных справах. І зазіраючы спад брыля кепкі на сонна спавольнены свет, мабыць і задумоўваецца — чаму летні час выяўляецца ў розных варыянтах. Мястэчковымі вуліцамі сноўдае нага за нагою, а вось пераступіўшы мяжу мястэчка, паглыбіўшыся між жытніх палёў, вокамгненна паскарае крок, набірае хуткасць.
Гэтай вуліцай з ліцэальных абдымкаў Пітагора і Сакрата маладосць рвецца бестурботнай рэчкай у шчаслівае папоўдне, значыць — унікуды.
Дзяўчыну, што ідзе тратуарам яны бачаць ўпершыню. Гэта вельмі прыгожая дзяўчына. Гадоў не больш за дзевятнаццаць, высокага росту, але рост яе перш за ўсё выдаўжаюць ногі — значыць тое, што прыбаўляе прыгажосці дадатковы бляск, апранае яе ў шляхэтнасць, як зручная ювілерская рука апранае ў шляхецтва звычайны камень.
Побач з дзяўчынай крочыць хлопец — таксама дзевятнаццацігадовы. Мабыць які школьны сябрук. На ўроках прысаджваецца за суседнюю парту, а калі ўсе схіляюцца над кніжкамі і сшыткамі, ён крадком спаглядае на яе плечы і ўздыхае, і мроіць якія фанабэрыі. А ўсё і так астаецца чыстай фантазіяй, бо якое можа мець дачыненне прыгажосць да штодзённай звычайнасці?
Бо хлопец бачыцца ім звычайны. Можа глядзяць на яго з перспектывы маладых, але ўжо сталых мужчын, з гэтага месца, дзе скульптар-час на адну хвіліну спыняецца, адпачывае, накапляе сіл для дэструкцыйнай працы? І тады значная частка свету аддаецца чалавеку ва ўласнасць, а ён, зведзены ўлудай, напышліва выдзімае губы. А можа бачаць хлопца праз вобраз гэтай дзяўчыны, цераз яе блакітныя вочы, светлы твар, валасы так залатыя, што ўсё побач уяўляецца шэрае і звычайнае?
Але далоні хлопца сплятаюцца з далонямі дзяўчыны, яго — пакуль не мужчынскія, але ж моцныя пальцы — гуляюць яе даўгімі пальцамі. Здаецца — дзяўчыне гэта падабаецца. І яна ўсмешкай дае адказ пяшчотнай гульні пальцаў.
“Чаму зараз такія прыгожыя дзяўчыны? І дзе яны былі раней?” — думае Колька. Уяўленне вылузвае з памяці моцную, прысадзістую фігуру шлюбнай жонкі. Разглядае, параўноўвае. Але параўнанне атрымоўваецца дрэннае — кароткія пульхныя ногі ніяк не стрымоўваюць крок нагам доўгім і далікатным. Блытаюцца, губляюць дыстанцыю, свараць адна другую спацелым дыханнем. А доўгія ногі ідуць, ідуць, ідуць. Ёсць у іх каварства і бязгучная элегантнасць павука, што аплятае вочы тонкай сетачкай. І вачам не закрыцца ўжо, не адступіць у бок. Лева — права, лева — права, лева, — спічастыя абцасікі пікаюць аб тратуар — цішэй і цішэй, аж канчаткова змаўкаюць і ўзнятыя шырока раскрытымі зрэнкамі, узлятаюць у маёвы блакіт, сплятаюцца з сонечнымі промнямі.
І тады агортвае Кольку сорам, пачуццё віны. Як хлапчук, каго злавілі ў чужым садзе апраўдоўваецца, паклікаючы на памяць усе лепшыя дні. Наогул гэта апошнія дні месяца, калі вясёла падсістваючы крочыць чалавек дамоў, пяшчотна кранае запханы ў кішэню кашалёк. З парога расплачваецца з жонкай, аддае у яе руплівыя рукі прыбытак апошняга месяца. Яна ўсміхаецца, а ён сядае на кухні — маленькай, тры метры на два — і зазіраючы ў акно, што раскрываецца на блізнячы, вытканы з вялікай пліты блёк, паглыбляецца ў талерку цёплага спакою і маленькай стабілізацыі.