Выбрать главу

— Ну i крычыць той насаты моцны альт вярнуў пана Антона ў зусiм не музычную прастору. Голас прыналежыў асобе, якую ў думках паспеў ён назваць вяршыняй прыгажосці ў нашым сусвеце.

— Ага, падтрымала яе другая харыстка. — Голас нават і нічога, ды зусім неадукаваны. І ўражлівасць на мастацтва, на прыгажосць і эстэтыку — не адчуваецца.

— Уражлівасць — прыродная справа. Яна ёсць, або яе няма. Але ж, як відаць, не ўсе такое разумеюць.

— Далёка не ўсе — вочы салісткі згубілі ранейшую ўсмешку. Узіраліся ў пана Антона лютым холадам, як суддзі і пракуроры ўзіраюцца ў разбуральнікаў назначанага кадэксамі парадку.

Ад шчасця ў няшчасце, ад перамогi ў паражэнне, ад славы ў няславу, нат не крок, i не мiг.

„Чалавечае жыццё бы кола аўтамашыны. I зверху ты, i адначасова знiзу, i не паспееш прывыкнуць iржавы цвiк спускае дух, пераўтварае цябе ў лiшнi кусок скамечанай матэрыi”.

Такая, па-фiласофску разумная думка нарадзiлася ў галаве пана Антона, калi на крокаў дваццаць адышоў ён ад цэнтра здарэнняў. Прыдбаць другiя разумныя думкi, ён не паспеў.

— Водачка, сiгарэты, азваўся знаёмы голас.

— Дайце пляшку, адказаў пан Антон. А затым, мiж блёкаў, адбiўшы капслю, заправiў вантробы доўгiм глытком гаркоты.

Мястэчка тым часам, заходзiлася ад музыкi i ад шчасця.

2.

Гардзеевы вузлы рэжуцца мячом, а недасканалыя насы — лязом хірургічнага скальпеля. І яшчэ, вядома — далонямі рашучасці і адвагі, без якіх гісторыя астаецца мёртвай думкай, на век вечны раскірэчанай між мінулай а будучай хвілінамі, а кожны няўдалы нос дажывае сумную старасць, павесіўшы ноздры між правым а левым вокам няшчаснага ўласніка.

У нашым выпадку спрацавалі ўсе неабходныя варункі.

Нос атрымаўся цуда. Пан Антон глядзеў у люстэрка, кранаў пальцамi бадзёра насцярожаныя ноздры, абмацваў iх, а затым, паставiўшы паказальны палец мiж броваў, на хрбет носа, зязджаў унiз iдэальна простай лiнiяй. А пальцамi правай рукi шчыпаў сябе ў заднiцу, мацней i мацней, каб адагнаць найпрыгажэйшы сон. Аблiчча ў люстэрку, здавалася, зараз разыдзецца, рассыплецца дробным макам i пачнецца няўхiльнае вяртанне да прытомнасцi, i з срэбрнай роўнядзi шкла, здзеклiва ўсмiхаючыся, вытыркнецца на свет добра вядомая бульбіна.

Аблiчча ў люстэрку стаяла непарушанае. Можа, калi ад дупы, нахабна практыкаванай наконт рэчаiснасцi, сетачкай нервовых калiдораў прыбягалi балючыя сігналы, тады i крывiлiся, тады i пратэставалі вусны. А нос якраз трымаў iдэальную лiнiю.

Ад радасці пану Антону хацелася разарваць грудзi, дастаць адтуль сэрца i шпурнуць яе мiж усiх людзей знаёмых i абсалютных чужынцаў. А перш за ўсё злажыць гэтае сэрца ў далоні прыгожай пані-харысткі, якую першы раз пабачыў у мястэчковым амфiтэатры, у гонар якое вылузваў з вантробаў верхняе до, а якая бесцырымонна ашарашыла яго адным словам — насаты.

Але за жорсткае слова пан Антон не крыўдаваў. У яго была свядомасць, што гэтая пані прыналежыць зусім другому свету, і што ў гэтым яе свеце зусім другія вартасці. Вышэйшыя канстытуцыі грунтуюцца там на пашане прыгажосці, а і штодзённыя законы пішуцца тонкім пяром эстэтыкі і фантазіі. Разумеў пан Антон і тое, што ягоны ранейшы нос, у гэтым свеце можа ўспрымацца адно як антаганізм дэталёва абдуманай гармоніі.

Напрыканцы лета пан Антон пачаў зазіраць у гэты свет. Адвячоркамі прысаджваўся да акна і глядзеў удалеч.

Калі глядзіш у акно звычайна, вачыма, бачыш там шэрыя, шматпавярховыя дамы, вуліцу, дрэвы, запэцканы варонамі тратуар. І чуеш як грубым голасам гудзяць машыны, і абмяркоўваючы празаічныя справы, пехацінцы перакідваюцца словам.

Але пан Антон глядзеў у шыбу сэрцам. І ў ягоных думках адлюстроўваўся зусім другі краявід. У бясконцай прасторы ён бачыў таксама ж бясконцыя шарэнгі пальмаў і кіпрысаў, і яблыняў, што згінаюцца да зямлі цяжарам спелых пладоў. Але яблыкі там не такія як на базары. Усе яны ідэальныя кшталтам, і ўсе спелыя ў чырвань і золата, быццам разбіў хто летняе сонца, рассыпаў у зялёным галлі. А па-над дрэвамі стаялі хмары расспяваных салаўёў і людзі — усе ў доўгіх белых сукенках — шпацыравалі ў блакітным паўсвятле — хто пры там гортаў кніжку, хто зручным кісцікам замацоўваў на ільняным палатне уяўныя колеры і кшталты, а яшчэ другі хто, прымкнуўшы вейкі, выяўляў сябе ў анёльскай песні.

А часам усе тыя пальмы—кіпрысы-яблыні складаліся ў аграмадную арфу. З усіх бакоў зляталіся салаў’і, прысаджваліся на струнах. Прыгожая пані харыстка брала ў далоні райскі інструмент, кранала яго тонкімі пальцамі і стрэсвала тых салаўёў са струн, як летні вецер страсае расу з жытніх каласоў.

Тады асабліва хацелася пану Антону злажыць у далоні прыгожай пані свой новы нос. І ў доказ шчырага кахання, з галавы да ступнёў абсыпаць яе яблыкамі і апельсінамі. Вярнуўшыся з уяўнага свету на мястэчковы базар, доўга гортаўся ў скрынках і мяшках. Падбіраў, вышукоўваў самыя прыгожыя яблыкі і апельсіны, насычаныя сонцам так глыбока, што і Усявышняму не было б прычыны саромецца за іхнюю якасць.