Але пані не прыходзіла. Мястэчка сцякалася зараз на базар шматлікімі ручайкамі, а ручайкі зліваліся ў гаманлівыя рэчкі, а рэчкі спалучаліся ў адну магутную плынь, а спынялася тая плынь на ларку пана Антона, бы на якой аграмаднай плаціне. І напаткаўшы найпрыгажэйшы ў мястэчку нос, ранейшая жвавасць і гаманлівасць, пераўтваралася ў шолах, што пераліваецца з вуха ў вуха спакойнымі, паасобнымі каплямі.
Але часам з шопату вылузвалася на свет і мацнейшае слова, вострае бы лязо хірургічнага скальпеля.
— Во, прыдурак які. Во, дзіва. Ніхто, ніколі ў мястэчку такое і не падумаў, а ён...
Гэтыя словы выпраўляла ў натоўп звычайная чалавечая зайздрасць. Яна заўжды пустазеллем выяўляецца там, дзе адвечная аблога расцвітае самотнай і нікому незразумелай кветкай.
Бывае, для непазнакі гэтая зайздрасць прыкідваецца светлай патрыятычнай хустачкай, апраўдоўваецца сама ад сваёй малечы, і ў такіх выпадках папракаюць вас у куды значнейшай віне: Ну як жа так? — кажуць. — Без прычыны, дзеля прыватнай карысці адмовіцца, адрачыся, пусціць у заняпад, у забыццё бацькоўскі, класічна беларускі нос?
Але пан Антон не звяртаў увагу на такія закіды. Ён чакаў блізкае сабе сэрца, брацкую душу, што зразумее кожны позірк, кожны жэст, кожнае маўчанне.
Але пані не прыходзіла. І пан Антон, хочаш — не хчаш часцей зазіраў у яе свет. Зараз не толькі адвячоркамі, але і досвіткамі прысаджваўся да акна, а затым, разгартаючы халоднае шкло, ступаў між пальмы і кіпрысы, і перакідваўся словам з людзьмі ў белых сукенках, і як раней, як у гэтым мястэчковым амфітэатры, быў шчаслівы.
А ў ларку накапляліся найпрыгажэйшыя яблыкі і апельсіны.
У мястэчку сталявалася восень, з пушчанскіх сцяжын ступала на галоўную вуліцу, з галоўнай вуліцы сачылася між шматпавярховыя дамы, між драўляныя домікі, у чырвань і золата размалёўвала найтайнейшыя закавулкі. І тады ўрэшце-рэшт здарылася доўга чаканае.
Прыгожая пані харыстка прыйшла на базар. Прагулялася між ларкамі, там-сям кранула тонкімі пальцамі якую сукенку, у люстрах, для выгоды кліентаў расстаўленых між вопраткай паправіла прычоску.
Следам харысткі крочыў мужчына — моцны, булаваты, быццам у рэзультаце якога землятрусу вырваўся з каменнай скалы.
Яны спыніліся на ларку пана Антона.
“Які прыгожы нос, — падумала пані харыстка. — Гэта ж ці не той, пра які зараз гамоняць у мястэчку?”.
Тым часам пан Антон падбіраў для яе апельсіны і яблыкі. Перакідваў у далонях, разглядаў у залатых промнях восеньскага сонца, пальцамі, спраўна абмяркоўваў іх пружыністасць і сакавітасць.
— І вазьмі яшчэ кілаграм чырвоных буракоў і дзве цыбулькі. Я люблю бурачаны бульён. Ты сёння зварыш мне — моцны мужчынскі голас ні то пытаў, ні то загадваў.
А жанчына адказала:
— Ты так любіш мілы мой. Я звару сёння бурачаны бульён.
Адвярнулася, яе тонкія пальцы, тыя, што ўчора стрэсвалі салаўіны спеў са струн арфы, зараз пяшчотным жэстам гладзілі твар мужчыны, яго шчокі напятыя ў два таўстыя, бліскучыя ўзгоркі, і нос, што вытыркаўся з гэтых узгоркаў доўгай, спічастай вежай.
Мужчына ўсміхнуўся, прыхапіў пакеты загружаныя апельсінамі, яблыкамі, буракамі і цыбуляй. І накіраваўся ў натоўп. Ступаў моцна, упэўнена, вялікім носам, і шырокімі грудзьмі, і моцным плячом разгартаў той натоўп, як сталёвы карабль разгартае збунтаваныя хвалі.
Пані яшчэ раз, крадком зірнула ў аблічча пана Антона.
“Які прыгожы нос. Шкада, што не сапраўдны ён” — падумала і, бы бяспечным калідорам ступіла ўслед за сваім мужчынам.
Шафа
Ранiцой, расплюшчыўшы вочы, бачу знаёмую сцяну, акно ў сцяне, за акном вяршынi дрэў — аголеныя нахабнымi пальцамi зiмы i толькi на досвiтку, сарамлiвы iней апранае iх у карункавую бялiзну.
Не хочацца ступаць у чарговы дзень. Бо i куды пойдзеш, калi ўсё мястэчка, ушыр i ўдоўж, раней паспеў ты затаптаць глыбокiмi слядамi? Ну, няхай там, можна, скажам, узяць напрамак на базар. А што на базары? Зараз жа, як i ўчора, прыклеіцца касавокi Жоржык. Што чуваць? — выскаляцца бяззубыя яслi. Гм, што чуваць. Тое, што i ўчора чуваць — адкажаш, а косае вока падмiргне над тваiм плячом:
— Значыць, я пяцёрку, ты пяцёрку i пайшлi. Бачыш вунь там саветку? Сiвае футра, зараз за брамай. Полька у яе — прiма сорт.