— Што цяпер будзе? апранаючы гардэроб спытала Лiлька.
Вiтусь не адказаў. Ён не ведаў.
Кажуць — усходам сонца пачынаецца новы дзень. І яшчэ кукурыканнем пеўняў. Такія меркаванні грунтуюцца на стандартах далёкай мінуўшчыны, калі свет пераліваўся з хвіліны ў хвіліну каплямі ранішняй або вечаровай імглы, і калі чалавек слухмяна хадзіў наўкол сонечнага манежа, заложаны ў ягоныя аглоблі.
За нашым часам дзверы ў новыя дні раскрываюцца спажывецкімі крамамі. Ігнаруюць гэтыя крамы і сонечны гадзіннік, і кукурыканне пеўняў, і ранішнюю расу. Жалудак бесцырымонна вытурвае чалавека на вуліцу. „Iдзi кажа. Есцi хачу”. I чалавек не дыскутуе з жалудкам. Iдзе ў Мамуазэль.
А ўласнікі такіх крамаў падымаюцца на ногі раней за ўсіх апошніх. А можа, хто іх ведае, бы які біялагічны варыянт perpetum mobile, фунцыянуюць бесперапынна і кругласутачна?
Яркае сонца ўзвялося на трэці паверх летняга неба, а Вітусь Агоньчык усё яшчэ ляжаў пад коўдрай. Ён не спаў. Заплюшчыць вочы не дазваляў гадамі настроены біялагічны гадзіннік. А таксама і думкі, што натоўпам гуртаваліся ў галаве, гаманлівым рознагалоссем спрачаліся кожная за сваю рацыю. Прыходзіла на памяць крама і Вітусю рабілася сорамна. Зараз пэўна там чарга кліентаў а на паліцах дзяжурыць учарашні хлеб, і ўчарашняе малако. І зза неахайнасці гаспадара, апраўдоўваецца перад кліентамі прадаўшчыца Лілька.
Лілька. Прыходзіла на думку яе імя і Вітуся агортваў раптоўны сполах, бо за Лількай ішло чарговае слова — дзіця. Прыпаўзала ракам, разгартала ружовенькія ручкі, зза абсліненай соскі ўсміхаліся кругленькія губкі. Соска выплёўвалася караценькім словам: тата.
Ад слова “тата” ўскалыхнулася, напоўнілася насалодай сэрца. Ён амаль і прызабыў гэтае слова, згубіў спадзяванні на яе. А тут — вось і на табе. Зараз ракам яно прыпаўзае, а не бач калі ўзвядзецца на ногі, прыбяжыць, застукае ў дзверы, закіне ручкі за тваю шыю, маленькая шчака прытуліцца да вялікай. Затым пойдзе гэтае слова ў школу і будзеш цешыцца на кожную пяцёрку, на кожны, хай сабе і самы дурненькі вершык вывучаны на памяць. Аж у які прыгожы дзень прыйдзе ў дом — пад ручкі з такім жа як ён словам, толькі другога полу. І разам адтэрмінуюць тваё небыццё на яшчэ адно пакаленне.
А потым Вітусю прыйшоў на памяць Грыша Грынь, што жыве па-суседску, а дзве вуліцы ў бок прыдбалася ў яго дзіця ад аднае грудзістай панюсі. Хлопчык часам забягае на іхнюю вуліцу і напаткаўшы Грышу кліча яго — тата. Але гэтае кліканне Грышу Грыню не падабаецца. Каштуе трыста злоты ў месяц. Няшмат, бо як сказалі ў судзе — браць больш за палову зарплаты негуманітарна.
“А калі так і Лілька захоча палову? Значыць — дзве крамы? Можа нават “Мамуазэль”?” — Гэтая думка яшчэ глыбей забіла Вітуся пад коўдру. Заплюшчыў вочы, прытаіў дыханне. Дарма. З абсалютнай цемры, літара за літарай вытыркаўся зялёны неон: “М-А-М-У-А-З-Э-Л-Ь”. І крышку ніжэй: “Уласнік — Кавалёва Лілька”.
“Не, не можа быць. Лілька не такая. Не ад карыслівасці ўчора там, у лесе за могілкамі”, — вярнуліся на памяць абразкі ад апошняй ночы і ў цемры пад коўдрай Вітусь усміхнуўся сам сабе. — “Можа нават кахае мяне Лілька? Яна такая пыгожая і такая сумленная”. — Згарнуў коўдру з галавы, зірнуў на свет. Сонца пераступала чарговы паверх неба, а на Вітуся зваліўся чарговы сполах. “Там, у краме натоўп злых кліентаў, Лілька бедная, апраўдоўваецца, узлазіць на расстаўныя драбіны, сарамліва ўсміхаецца... Менавіта. На якую халеру ўсміхацца чужым мужыкам? І сукенка — кароценькая такая. Магла б жа апрануць якія нагавіцы, або што... Прыстойныя дзяўчыны не гойсаюць па драбінах у такіх сукенках. Нават тая грудзістая прыгажуня Грышы Грыня — калі бачыў хто яе на драбінах? А не такая яна ўжо і прыстойная — за яе ж справай “дзецяробам” клічць Грышу ў мястэчку”.
“Дзецяроб. Значыць — што? Ніхто зараз не скажа: “Я купіў сыр у Агоньчыка?” Або: “іду за півам у Мамуазэль? Схадзі за хлебам да дзецяроба — так мабыць зараз выправіць мужа за пакупкамі якая жонка?”. І Вітусь чарговы раз нырнуў пад коўдру.
“А Лілька — яна такая прыгожая і такая сумленная. Калі спытае хто: Дзе ж ты зараз працуеш, Лілька, што тады для яе астаецца? У дзецяроба за прылаўкам я працую, адказаць? А сваім шляхам — ад сумленнасці да несумленнасці адзін крок. Была ж нястача ў касе на мінулым тыдні. Праўда, за руку ніхто нікога не злавіў. Але ж — стаяла за прылаўкам жонка і ніякай нястачы не было.
Жонка. Заўтра пятніца, а ў суботу вяртаецца яна”.
Цёплая — як ніколі раней — хваля агарнула Вітуся. Знаёмыя вочы, знаёмая ўсмешка. У суботу пасля поўдня ён сядзе на машыну, паедзе на вакзал. Будзе спяшаць, каб да прыезду цягніка знайсці добрае месца на пероне. І калі грукатам вагоны зайдуць на вакзал, пакуль спыняцца між перонаў, праз адкрытае акно яна памахае рукой. А ён, як заўсёды, радасна адмахне. Прыхапіўшы багаж, пойдзе перонамі. Яна будзе ступаць побач, а ён тады скажа: “Ведаеш? Гэта прадаўшчыца, што ты да ад’езду вынайшла яе... А, дарма і казаць што”.