— Якi ж там творчы настрой — заяўляў жонцы, познiм вечарам, калi ўжо пашчасцiла адшукаць дзверы ў дамашняе прыстанiшча. — Я кажу табе, там нават дым з папяросы мае....
Наогул i не ўдавалася ўдакладнiць, чым характэрны папяросавы дым у бары Лялечка. Ногi неяк дастаўлялi гаспадара на спальню, ды выпаўняць сваю функцыю далей — станоўча адмаўлялiся. I панi Перчук, раззуваючы iх з запэцканых чаравiкаў, шаптала сама сабе:
— Спi Сашык, спi. Заўтра будзе лепшы дзень.
А заўтрашнi дзень пачынаўся бульёнам з курыцы, тонкiм, якраз на хваробу, што бярэцца ад праз меру спажытага пiва.
— Табе вядомы паэт Кукулка? — пытаў пан Перчук, зазiраючы ў талерку з бульёнам. I зараз даваў адказ: — Ну як жа, усiм ён вядомы. Напiсаў Чорныя лебедзi ды i шмат яшчэ што. А ўсё, паверыш, вылiвалася з яго толькi тады, калi добра выпiў. Кожная зваротка, кожная фраза, кожнае паасобнае слова. Нат i памёр ён... Ведаеш як памёр?
Але панi Перчук адказвала маўчаннем. Бо i адкуль было для яе ведаць пра апошнiя хвiлiны паэта Кукулкi?
— Цудоўна памёр Кукулка. У творчым настроi быў якраз. Узлез на электрычны слуп, казалi — прыкурыць папяросу. А знiзу стаялi другiя, менш знакамiтыя паэты. Вяртайся, крычалi адны. Давай-давай! Вышэй! — юдзiлi другiя. А ён iх якраз i паслухаў. I асiроцiў усiх нас.
Усё-такi ў паэта Перчука не атрымоўвалася так, як у паэта Кукулкi. Як нi стараўся, што б нi ўлiваў у сябе — не вярталася паэтычным словам. А ўзнiмацца на электрычны слуп дзеля закуркi, звычайна — саромеўся. У невялiкiм мястэчку — усе ж ўсiх ведаюць.
Спадзяванне на новыя творчыя сiлы прыйшло раннiм летам. Дакладна з гэтага дня, калi ў бар Лялечка з’явiлася новая барменка Лёля. Прыехала — нiхто не ведае адкуль, зусiм як у амерыканскiм кiно пра каўбояў. Адно яе халоднае і сумнае аблiчча сведчыла за якую там бяду, мабыць няшчаснае каханне, што ўяўна астаецца за лiнiяй далягляду, а па праўдзе ступае за чалавекам крок у крок, па апошнія ягоныя дні.
Цi не па прычыне гэтага ж смутку закахалiся ў Лёлю Саша Перчук.
Раней былі тут шмат якія барменкі і шмат якія афіцыянткі. І ўсе капля ў каплю падобныя да сябе — маладыя, дваццацігадовыя дзяўчыны. Учора стаялі ў краме з вопраткай, заўтра лёс закідаў іх за прылавак базаровага ларка з картоплямі і цыбуляй.
А сёння, выпадкова зусім апыналіся ў Лялечцы. І выяўлялася гэтая выпадковасць нязручнымі жэстамі, кавай разлітай на пінжак кліента, лыжкамі і відэльцамі раскладзенымі ў парадку, што больш прыпамінае хаатычную партызанцкую атаку, як строй назначаны дыплямаванымі стратэгамі.
Яны свядомыя ў сваёй недасканаласці і апраўдоўваліся за яе сарамлівай усмешкай.
Сашу падабаліся такія ўсмешкі. Было ў гэтых дзяўчын нешта тутэйшае і базабароннае, што дазваляе ўяўляць пэўныя сітуацыі. І гэтыя ўяўленні блізкія рэчаіснаму свету — падбадзёрыўшыся півам, можаш працягнуць руку, дакрануцца да інтрыгуючых кругласцяў.
Але ж на мяжы з рэчаіснасцю, каханне ніколі не выцвітае яркай кветкай.
А ў паню Лёлю Саша Перчук закахаўся адразу. Яе фізіяномія — холад і дасканаласць каменнай структуры. Ідэальныя вочы, вусны, нос, бровы. Нават у пальцах адчувалася дасканаласць аптэчнай вагі, калі рыхтавалі тыя пальцы крывавую мэры. Сорак грам гарэлкі больс, дзесяць лімоннага соку, сто дваццаць таматнага. Яшчэ грам солі, шчыпта перцу табаско, тры косткі лёду. Гэты лёд вылузвала пані Лёля не з халадзільніка, а проста з сэрца. Яе вочы ўсміхаліся чыстым блакітам далёкай Арктыкі, яе пальцы мяшалі халодную кроў у халоднай шклянцы. Пальцы ніколі не памыляліся.
Але часам Лёля губляла свой бяздонны смутак.
— А мо паўтарыць разок, а? — падморгiвала, згартаючы парожняе шкло.
— З вашай рукi — няхай i атруту — адморгiваў паэт Саша.
Так i здавалася : вось прыйдзе той дзень, безумоўна сонечны i прыгожы, i ў такую светлую хвiлiну, у рэзультаце нешчаслiвага кахання, ён Саша, ды яна, Лёля, каўкнуўшы смяротныя цыянкi, спалучацца, каб на век вечны жыць мiж анёлаў.
А прычына пачуццю горкаму ды няспоўненаму, завяршаецца, вядома, у асобе панi Перчук, якая на прапанову развiтання з мужам, адгукнецца громкiм не!
Лета разгаралася тым часам. Вышэй узводзілася сонца, выдаўжаліся дні, ступалi за сонцам i любоўныя крокi Сашы Перчука. З Лёляй разумелiся яны без слоў. Зараз не пытала Лёля: а мо паўтарыць разок, а? Не паспела шклянка распрануцца з чырвонай сукенкi, як з’яўлялася новая порцыя. Ад яе ўсмешкi, i ад крывавай мэры, трацiў Саша цвярозае мышленне. Наблiжалася хвіліна, што закладае ў аглоблі ўсе хвіліны. Асабліва тыя, якія наперадзе, у неназванай будучыні топчуцца з нагі на ногу, у нямым спадзяванні на рашучы штуршок.