Былі гэта звычайныя мужчыны, яны паміраюць у сваіх ложках, на сваіх падушках. Так ціха, што мюжна падумаць — не паміраюць ніколі.
Зубр
Зубр быў звычайны. Нi малады нi стары, нi малы нi вялiкi. Галава, тулава, хвост, ногi. Значыць усё, што i трэба дзеля iснавання зубрынай матэрыi.
Такую ацэнку даў лясны вартаўнік Гудзейка што нi скажаш асоба ж кампетэнтная, калi ўпершыню глядзеў знаходку на тратуары ў цэнтры мястэчка.
Сонца не паспела выкаўзнуцца зза гарызонту i якраз у туях, што аддзяляюць тратуар i магiстрацкую сцяну, ноч апошнiмi сiламi адбiвалася ад новага дня. Тут, у змрочным закавулку, вось сабе i ляжаў зубр, тут, як першы найшоў на яго кандуктар Самахiл. Ступаў трушком на цягнiк пятая пятнаццаць у Седльцы, а на памяць прыходзiлi мала важныя перспектывы сумны, смярдзючы тытунёвым дымом вагон, чырвонае, непрыхiльнае ўсяму свету аблiчча начальнiка Кукулкi. Ёсць такiя людзi: як нi хадзi кругом iх на пальчыках, як нi танцуй, як ні ўсміхайся, так цi iначай атрымаецца дрэнна. А ўжо асаблiва яму, Самахiлу заўжды не так ступiлася, не так сказалася. Усё не так. Узяў Самахiла на прыцэл начальнiк Кукулка, ды смалiць пры нагодзе, i без яе. А пры тым можна падумаць лiчыць самым у раёне неабходным чалавекам. У навагоднюю ноч хто злётае ў Седльцы? Вядома, Самахiл. А Вялiкодным святам у Варшаву? Тое ж. А яшчэ i той хiтры натоўп, што тыркнуўшы кандуктару абшастаную залатоўку, мае жаданне з’ездзiць на край свету, ды шчаслiва вярнуцца дамоў. Не надта ж выдаўжаюць крок такiя думкi. Усё-такi чыгунка ёсць чыгунка, гадзiннiк ёсць гадзiннiк i справа якраз кандуктара звянчаць грубую магутнасць лакаматыва «гагарын» з усялякімі тонкасцямі швейцарскай «амэгі», а затым пунктуальна пятнаццаць пасля пятай з гонарам падняць руку i: „ся-дай! па-ехалi!” Праверыўшы гадзiннiк, ён спалохаўся: часу астаецца няшмат, а абавязкаў хоць адбаўляй. Хiба калi б зараз за поштай павярнуць мiж блёкаў, скарацiць шлях....
У той момант нешта зашавялiлася ў кустах. „Птушка?”— Кандуктар зiрнуў туды, i прыпынiўся. Невялiкi чорны ўзгорак нiколi тут раней не бачаны зараз выразна выдзяляўся з плоскасцi тратуара. Цiкаваць хапiлася загрудкi з пунктуальнасцю, яна мабыць i перамагла, i кандуктар мiж блёкаў не звярнуў. Ступiў яшчэ крок наперад i спынiўся канчаткова. Чорны лоб уздымаўся з тратуара, разгартаючы змрок хiсталiся магутныя рогi. Па левы бок непрыхiльны начны сквер, з правага маўклiвыя прамавугольнiкi паштовых будынкаў. А наўкол нi жывой душы. Самахiлу зрабiлася няёмка. Раз яшчэ зiрнуў у напрамку туяў. Рагаты лоб, як i раней, тырчаў на фоне шэрага тратуара. „Якi чорт? Жарты, цi як?” ён зняў з пляча службовую торбу, на выпадак нечаканай атакi.
Шчаслiва, ад цэнтральнага скрыжавання, заўзята нацiскаючы педалi, хтосьцi пхаўся на ровары. Мяркуючы па вiнтоўцы, што тырчала зза спiны, кандуктар рассакрэцiў ляснога вартаўніка Гудзейку. I не памыляўся.
— Ну што стаiш кiраўнiк, закапаўшыся. Качай брат, iначай без цябе паедуць азваўся хрыплы бас. Але, кандуктар не зварухнуўся.
— Нiхто нiкуды без мяне не паехаў i не паедзе ён не абдорваў залiшнiм сентыментам веквечна надзьмутага ляснiка i тут, мабыць i насуперак фактаў, захацелася адзначыць важнасць сваёй асобы. Там во, глянь паказаў у туi.
— Там, што? не зразумеў вартаўнік. Высаджваўся якраз з ровара.
— Ха, калi б я ведаў, што...
Ровар прызямлiўся тым часам на тратуары i пан Гудзейка, падмацаваўшы адвагу стволам вiнтоўкi, паставiў тры, па-партызанцку чуйныя крокi ў напрамку магiстрата. Сцiскаючы слiзкi прыклад, ён i не падумаў пра амунiцыю, што рэзультатам ранiшняй мiтуснi, асталася ў хаце. Дык хто б i думаў пра такiя дробязi, калi iстотныя справы наступаюць на спiну. Чалавечае жыццё у чым пераканаўся пан Гудзейка не раз, i не два разы складаюць аказii, наогул непаўторныя, праваронiш зручны момант, пiшы прапала. А тое-сёе адпусцiлi ж жылястыя далонi пана Гудзейкi, не вытрымалi. Вось, такiя хаця б вадзiцельскiя правы.... Вядома, агульны перападлiк атрымоўваўся зусiм прыстойны, была свая хата салiдныя, пушчанскiя сцены, была сям’я, дзецi сяк-так уладкованыя ў свеце, машына на панадворку таксама не з апошнiх.
Успамiн машыны i забiвае калючую iголку ў шырокiя грудзi пана Гудзейкi, асаблiва калi ўжо перакiнуўшы нагу паўз зялёную раму, даводзiцца нажымаць супроць ветру. Не заўсёды так было. У апошняе лета, вызвалiўшыся ад у нiякiх паперах непрысутнай бярэзiны, адзначалi той факт на светлай, утульнай паляне, зараз за Лiпiнамi. Дзень быў дужа святочны, майскi Мiкола ў календары, а пан Гудзейка таксама ж Мiкола, i гонар свой мае, i фiнансавыя магчымасцi за той гонар заступіцца. Словам зацягнулася. Да дому даехаў нармальна. Якое ж тут дзiва? Раз во, раскрыўшы дзверы, снапом вывальваўся ў траву? А ў той дзень не пашчэнсціла. Быццам i не выпадкова чакалi на панадворку.