Пятнаццаць хвiлiн на шостую, у блёку па вулiцы Трэцямайскай расплюшчыў вочы сакратар партыi Яўхiм Гаворка. Звычаёва падступiў да акна, паглядзеў унiз з вышынi трэцяга паверху. Мiж лiпаў чарнеў асфальт вулiцы. Было там цiха i пуста, быццам мястэчка, скарыстаўшы ўсе свае сiлы, адыйшло заўчасна на пенсiю. У адстаўку. Страшнае слова адстаўка. Шмат у iм часу, што не раздзяляецца на паасобныя днi, гадзiны, хвiлiны. Спакойнай рэчкай, згартаючы за сабою ранейшыя гонары, перамогi, iдэалы, усё кiруецца да няўхiльнага вусця. А вусце, вядома нябыт. Нат тэлефон раней гаваркi i чуйны зараз, расцягнуўшы чорны аблiнелы хрбет, дажывае апошнiя днi, бы стары кот на ласцы таксама ж старога гаспадара. Час ад часу патэлефануе Хведар Жменька, раней сакратар партыi ў суседнiм мястэчку, зараз, як i Яўхiм, закiнуты ў самыя апошнiя закавулкi памяцi. „Няма партыi, нiчога няма” падумаў Яўхiм. „Значыць не зусiм няма. Партыяў зараз хоць адбаўляй. Ды якiя ж там яны? Гуляюць мiж сабою, бы хлопцы з дзяўчынамi ў каханне, сварацца то абдымаюцца, сходзяцца i развiтваюцца, у iхняй канверсацыi слова “не” неабавязкова чытай “не”, а слова “так” наогул нiякага не мае значэння. Раней усё было простае. Даў Яўхiм Гаворка слова i нiякай мястэчковай сiле не адклiкаць, не аспрэчыць сказанае Яўхiмам. А вось у дзевяностым восьмым i Яўхiму сказалi не! I падумаць хто? Засранцы маладыя. Сваiмi грудзьмi кармiў iх. Асабліва актуальны сакратар — бацькам быў яму і настаўнікам, і сябрам, а ў зручны сабе момант ён што сказаў? „Партыя не тая ўжо заявiў. Новы час, новая партыя. I людзi таксама ж. Вы Яўхiм, прабачце, вы надта выразны. Учарашнi вы. Бiяграфiя у вас... Ну самi ведаеце, самi разумееце...
А пятай ранiцы Паўлюка Палiтуру разбудзiў грукат Пагонi. Яму снiлася магутная, зачытаная ў кнiжках далёкая мiнуўшчына, вялiкi князь Альгерд пад мурамi Масквы. Сеўшы на каня, ён якраз пад’ехаў да крамля i дакрануўся да яго дзiдай. Крэмль, як то ў сне, быў зусiм падобны да мястэчковага магiстрата, а маскоўскi валадар Дзмiтры Iванавiч меў не ведаць чаму аблiчча бухгалтара Лявона Пупко. „Памятай, што дзiда лiтоўская стаяла пад Масквою” звярнуўся да Дзмiтра-Лявона князь Альгерд. „Па-мя-та-ай” паўтарыў яшчэ раз, i яшчэ, а затым, сцiскаючы каленямi конскiя бокi, кiнуўся галопам у белую iмглу. Дружына з дзесяцi рыцараў пайшла следам. Грукат капытаў разбудзiў Паўлюка Палiтуру.
„Добра, што разбудзiўся ў час падумаў пан Палiтура. — Навошта ж здабываць тую Маскву нам. Славянская яна ж. I праваслаўная.” А над галавою барабанiлi пятамi ў столь суседзевы дзеткi. I зараз, увайшоўшы ў рэальны свет, аб iх i падумаў Паўлюк: „Слухмяныя жэўжыкi, не скажаш. I дзень добры заўсёды даюць на сходах, нат i кланяюцца з пашанай старэйшым. I ў царкве, а як жа, бачыш iх у нядзельныя поранкi. Калi б вось не тое “цоканне-пшэканне...” Знiкае наша Бацькаўшчына, сто гадоў i след астыне. Хiба ж зараз, у пачатку трэцяга тысячагоддзя яшчэ здараюцца цуды?” Такiя вось думкi таўклiся ў галаве Паўлюка Палiтуры, калi сумным вокам глядзеў ён у акно. А тратуарам, праз дзве гадзiны, самыя пiльныя смургалi будуць ужо маршыраваць у школу. Зазiраючы з перспектывы трэцяга паверха ў загружаныя рукзакi, ён убачыць там усякiя “трылёгii, элемэнтажы”, ды i ўсе апошнiя iнструменты, што не бач калi, хiтрасцю i назойлiвасцю высысаюць душы з маладых целаў. „Куды iдзеце? На смерць iдзеце!” захочацца крыкнуць. Але ён змаўчыць. Адступiўшы ад акна, моўчкi прысядзе за сталом i закурыць. Захочацца плакаць.
Пятнаццаць хвiлiнаў на шостую Агафон Сакалюк яшчэ не спаў. Сядзеў за столiкам у зале рэстарана i заўзята крэслiў на паперы нейкiя лiчбы, словы, геаметрычныя зiгзагi. „Пiва плюс бiфштэкс дае злоты дванаццаць” пасылала iмпульс галава. „Воля плюс роўнасць дае братэрства” у халодную бухгалтэрыю бунтарская душа падкiдала свае гарачыя словы. „Суп злоты два грошаў трыццаць” абмяркоўвалася ў галаве. „А хлеб для ўсiх” з тайных закавулкаў свядомасцi вылiвалася на паперу.
У Агафона быў малы рэстаранчык i вялiкiя мары. Мроiўся Агафону рэстаран аграмадны, не такi як зараз, дзвюма дзесяткамі людзей яго запоўнiш, ды i тыя дзесяткі не склiкаць нат у святочныя днi. Вось, хаця б у апошнi вечар: пяць клiентаў, пасядзелi, выпiлi пiва, а ў касе што асталося? Пуста ў касе. А пры тым у мястэчку шмат галодных i беспрацоўных. Тады i мроiўся Агафону рэстаран вялiкi бы свет, бясконцы, даўжэйшы за неба дах, пад якiм згуртуюцца ўсе жыхары нашай планеты чорныя, белыя i жоўтыя, каталiкi, праваслаўныя i мусульмане. А ён, Агафон Сакалюк усiх накормiць, усiх напоiць, i кожнаму паасобнаму знойдзе добрае слова i ветлiвую ўсмешку. I ўжо нiколi галодных на зямлi.
Пералiчваючы бараноў, што рэзаць iх давядзецца дзеля пачастунку для ўсяе планеты, якраз шаснаццаць на шостую ён заснуў. I спаў да адвячорка.