I вось шаснаццаць пасля пятай здарыўся цуд. Узышло красавiцкае сонца. Быццам бы i штодзень вырываецца яно з абдымкаў супрацьлеглага паўшар’я, падымаецца на неба, вандруе з усходу на захад, але... Светлыя промнi рассыпалiся ўздоўж вулiцы, пабеглi ў сквэр, мiж блёкаў. Як дзеткi, залiшне прызамкнёныя ў цеснай хаце, зараз, знюхаўшы волю, шнырылi ва ўсiх, самых тайных закавулках, адштурхоўваючыся ад тратуара, ўзлазiлi на сцены, на дрэвы, на зубрыны хрбет.
Хто згледзiў той цуд як першы, сёння ўжо невядома. Калi а восьмай ранiцы лясны вартаўнік Гудзейка даваў iнтэрв’ю ў мясцовую газету, ён сказаў: “Я во, перакладаў якраз ногу паўз раму, нат i замарудзiў крыху, i зазлаваў быў на той ровар, што нязручны ён такi, а справы якраз былi неадкладныя, дэфраўданты ж не спяць... Вось, змагаюся з клындаю, а тая нiяк не лезе куды яе месца. Ну Груль думаю няўжо ж iзноў табе пашанцуе?! Няўжо няма справядлiвасцi ў свеце? Раптам, гляджу паблiсквае штосьцi ў туях, зараз над тратуарам. Маладзiк? Не маладзiк? Ды адкуль малады месяц на тратуары? Вiнтоўку з пляча чаму быць, тое i будзе iду. Ступiў крок блiшчыць. Яшчэ крок, i яшчэ а як жа, блiшчыць! Падыходжу блiжэй ужо не падступіш а тут кажу вам не блiшчыць а проста сiяе. Як сонца ў чыстым небе!
Тым часам у пяцi кроках далей, кандуктар Самахiл распавядаў сваю гiсторыю на мiкрафон. I Самахiлу было вельмi прыемна гляньце во, не якiсьцi там надзьмуты начальнiк Кукулка распавядае свету пра самыя важныя справы, а ён, кандуктар. На ягонай асобе засяроджваецца ўвага прысутных. Словы iшлi ў прамы эфiр: “Ну што тут скажаш? Як сумленны працаўнiк чыгункi, нармальна, устаў, памыўся, торба на плячо i ў дзверы. Час разумееце не чакае. Кажуць чыгунка без пунктуальнасцi не ёсць нiякая чыгунка а звычайны бардак. I так сабе iду i думаю: бедная наша чыгунка, ну зусiм небагатая яна. I унiформы вось, самi бачыце. I вагоны, нейкiя такiя абшастаныя, i рэйкi расхiстаныя. Кiраўнiцтва вядома стараецца, ды што тут настараешся. Хаця, дарэчы, не ўсе кiраўнiкi добра працуюць. Iду вось i разважаю: будзе лепш, цi мо горш будзе? А на душы дзiўна неяк, быццам у святло якое ступаў. А калi б так думаю здарыўся якiсьцi цуд.... I не паверыце толькi паспеў падумаць, а зараз з-пад зямлi i высоўваецца зубр з залатымi рагамi.
А восьмай ранiцы стаяў тут натоўп, як за лепшым часам пад мясной крамай. Як снежная куля, сходзячы з узгорка каўкае ўсё, што на шляху, так зубр з залатымi рагамi згартаў да сябе мястэчка. Хто падышоў, той i прылiп. I працоўны народ, i беспрацоўны, дырэктары i сяляне, лекары i пенсiянеры, настаўнiкi i школьная моладзь. I ўсё яшчэ прычалялi новыя. Кожны з уласнымi спадзяваннямi.
Пяць на дзевятую згледзiў той натоўп Кастусь Шыла. Ён iшоў на шпацыр. Як штодзень, абмiнуў касцёл, банк, за банкам быў намер павярнуць у самае цiкавае месца, на базар, а тут натоўп ля магiстрата! „Няўжо iзноў забiлi кагосьцi?” мiльганула ў галаве кволенькая надзея. Раз у год, рэгулярна, каго-небудзь у мястэчку зацюкаюць, а ён, Кастусь Шыла, нiколi ў добры час, у адпаведным месцы. Пакуль з’явiцца пан Шыла, чыста ўжо i гладка, а доказ злачынства даўно прыбраны санiтарнымi або палiцэйскiмi службамi. Ён i не надта любiў тыя службы, за такую, залiшнюю пасля фактаў скутэчнасць. Праўда, здавалася на мiнулым тыднi, вось-вось i атрымаецца доўга чаканае. На скрыжаваннi Пiлсудскага i Трэцямайскай ровар сутыкнуўся з машынай. Быццам i не дзiва, ровар тут самы лепшы сродак камунiкацыi. Значыць так: жанчына гадоў пад семдзесят абмiнаючы ўсе дарожныя законы, лоб у лоб найшла на буфер “форда”. Смешна перабiраючы нагамi, выскачыла метраў два ўверх i як чорная варона распляшчылася ўпоперак вулiцы. „Падымецца? Цi не падымецца?” падумаў пан Кастусь Шыла. Ён шчаслiва знайшоўся якраз на ўскараiне мястэчковага скверу i карыстаючыся дарункам лёсу, пiльна сачыў за падзеямi. Ахвяра дарожнай аварыi ўсё яшчэ спачывала там, дзе яе пакiнуў буфер “форда”. „Не ўстане, няма моцных” паспеў даць прагноз, а ў той момант жанчына падарвала спiну, села. Хвiлiн тры вярталася да прытомнасцi. Побач, збялелы ад страху, хiстаючыся на мяккiх нагах таптаўся кiроўца. Усё нармальна, цётачка? працягнулася дапаможнае плячо. — “Вы мяне бачыце?” Жанчына, iгнаруючы прапанаваную падтрымку, узнялася на ногi сваiмi сiламi. I як едзеш, балван ты! Хто табе правы даў? Панства халернае. Бачыце, бачыце вы мяне, яшчэ пытае. Дзе нi глянь, таксоўкi ўсё згарнула з тратуара ровар, якi ў рэзультаце здарэння страцiў камунiкацыйныя ўласцiвасцi i павалаклася ў сваiм напрамку. Куды пайшла, пан Шыла не ведае. З тае хвiлiны, калi жанчына ўзнялася на ногi, ён страцiў сэрца для гiсторыi, што пачалася, здавалася, арматнiм салютам, а далей пайшла на схiл, да банальнага завяршэння. Як чалавек абшастаны з гучных абятнiцаў, пан Шыла адступiў у свой шэры, знярухамелы свет.