— Ну-ы, — трубка прахрыпела неяк дзіўна. Ні так, ні сяк. Але сакратар, прымусіўшы вуха да максімальнай працы, нат у гэтым абыякавым “нуы”, здагадаўся перавагу станоўчага над адмоўным.
— Увогуле — геніяльная ідэя. Я заўсёды паўтараю людзям: не сіроты мы, не бязбацькавічы якія. Бачаць нас і клапоцяцца за нас. У Варшаве, і ўвогуле — падбадзёраны трапнасцю сваіх дыягнозаў, сакратар разгартаўся ў доўгую песню. Але калі шосты або дзесяты раз словам “дзякуй” паўтарыўся прыпеў, яго спынілі:
— Так вось і скажыце людзям — няхай карыстаюцца на здароўе. А мы тут памятаем і клапоцімся, і забоцімся. І ўсё ведаем, бачым і чуем.
Апошнія словы сказаліся ветліва, адчувалася ў іх бацькоўская цеплыня і жартоўнасць. Але ж і вытыркалася зза жартоўнай цеплыні нешта сухое, перасцерэгальнае, пагрозлівае. І сакратар, быццам шукаючы тайна вока і вуха, аб’ехаў позіркам сцены, партыйную шыльду на сцяне, нават жырандаль чатырма лямпамі разложаны над галавой. Але сцены глядзелі адно партрэтамі ранейшых сакратароў, што адслужыўшы свае тэрміны, выканаўшы даручаныя заданні, адышлі — хто куды — на больш адказныя пазіцыі, на пенсію, у лепшы свет. І ўсе партрэты, усе вочы зірылі за маладым сакратаром — турботна, абыякава, іранічна. А найбольш іроніі было ў вачах Яўхіма Гаворкі.
Партрэт Яўхіма як апошні засеў месца на сцяне, а і сам Яўхім не так даўно сваёй чыста фізічнай асобай запаўняў гэты кабінет. Яго астральную прысутнасць адчуваў малады сакратар па сённяшні дзень. “Ну што, хлапец, захацеў быць грыбом, палезай у каробку” — так менавіта усміхаліся гэтыя вочы. — Ідзі, выштурхоўвалі вочы. На вуліцу ступай, там чакаюць”.
А на вуліцы мітусіўся народ. Гаманіў, таптаўся з нагі на ногу. Сакратар хвіліну адчакаў, абвёў зрокам знаёмыя і незнаёмыя абліччы, узняў разпасцёртыя, адкрытыя далоні і бы які Кашпіроўскі, пасылаючы ўсяму свету добрыя флуіды, заклінаў гоман. Гэты жэст заўсёды спрацоўваў. І зараз таксама — людзі адгаманілі яшчэ хвіліну і замоўклі.
— Дарагія сябры, добрыя людзі. Мне заўсёды прыемна бачыць вас у нашых сценах. Гэта вельмі важна, калі народ цікавіцца пачынаннямі сваёй улады. Аспрэчвае іх, або адабрае. Калі сумняваецца і стаўляе пытанні. Так і зараз шмат якія пытанні тут прагучалі.
— Адкуль узяўся ў мястэчку цудоўны зубр? — выскачыў з натоўпу голас Бомбы.
— І хто расплаціцца за яго? Ці якраз не мы, беспрацоўныя і рабочыя? — з задніх шарэнгаў вышпарылася чарговае пытанне.
— На маю думку расіяне, зусім бясплатна абдорылі нас, — паспяшаў з адказам Паўлюк Палітура.
— Э, там. Зараз — расіяне. Калі б расейскі ён, тады не рогі, хучэй ужо зубы былі б залатыя, — скептыцызмам паўтарыўся Бомба.
У гэты момант трэба было дыскусію спыніць.
— Пытаеце і стаўляеце адказы — часта вельмі цікавыя, але ж і вельмі складаныя. А свет не такі ўжо і скамплікаваны. У свеце, таксама ў свеце палітыкі ўсё мае канкрэтную прычыну. За злом ступае кара, за дабром — узнагарода.
— А нас за што узнаградзілі? — яшчэ адно пытанне ўваткнулася ў словы сакратару.
— А звычайна, за тое, што мы ёсць, — усміхнуўся сакратар. Зараз безбалесным і натуральным шляхам трэба было пераходзіць да мэрітум справы. І сакратар перайшоў. — Вы добра ведаеце нашага міністра. Ён заўсёды з намі, у добрую хвіліну і ў благую. Днём і ноччу. І зараз ён тут — думкамі і душою — удакладніў, бо людзі зірнулі цікава ў бок, шукаючы добра вядомую постаць.
— Значыць, што? Міністэрскі гэты зубр?
Сакратар зноў усміхнуўся. Чакаў, даводзячы іх сумняванні і цікавасць да межаў вытрымкі. І калі гэтая цікавасць узнялася на самы высокі паверх, ён сказаў:
— Так дарагія сябры, вы ідзеце ў слушным напрамку. Шмат якое дачыненне мае наш міністр да гэтага цудоўнага зубра. Ягоны гэта дарунак. А ён, міністр — дарунак нябёсаў нашаму мястэчку, — апошнія словы сакратар безумоўна адрасаваў айцу Рыгору. “Як цудоўна ўсё атрымалася”, — падумаў.
Але нябёсы якраз прыхоўваліся за чорнымі хмурынамі. Адвёўшы ўсю ўвагу важкім, але ж зямным справам, яны праваронілі той момант, калі ў небе мяняюць антуаж, прыбіраецца са сцэны ідылічнае афармленне, а яго месца запаўняецца больш драматычнымі рэквізітамі. Такія ракіроўкі неабходныя. У другіх выпадках чалавек забываецца на вартасць святла, добраахвотніцкія частункі ўспрымае як належны сабе паёк і пачынае дамагацца — больш давай, і больш.
Першая кропля дажджу пакаўзнулася па зубрыных рогах і апала залатой слязой у траву. Затым яшчэ адна, і яшчэ. Ніхто пакуль да гэтых кропляў не прыкладаў залішнюю ўвагу. Нават і добра, нават і трэба — хучэй падымецца, раскрасуецца ў агародчыках вясновая трава, вясновая кветка.