А хмурыны замацоўваліся на нябесных пазіцыях. Дождж гусцеў і ад кожнай кроплі на бліскучым золаце зубрыных рогаў вырастала дзяружная шрама.
— А гэта што? — Яўхім Гаворка апынуўся ў першай шарэнзе. Паказальным пальцам каўзануўся па зубрыных рогах і палец набраў бляск. І Яўхім узводзіў высока-высока залаты палец, прэзентаваў яго ўсім прысутным, і ўсяму сусвету. І яшчэ раз, зазіраючы ў вочы маладому сакратару, пытаў Яўхім — А што ж гэта такое?
Пытаў лішне. Сакратар і сам сляпы не быў. З першай кроплі дажджу адсачыў усё, што трэба. Але ж...
Чалавек — наогул істота аптымістычная. Бачыць тое, што хочацца бачыць, на што спадзяецца сэрца. А калі абразкі разыходзяцца, калі сварацца між сабою, спрачаюцца, тады чалавек закрывае вочы, раскрывае, закрывае зноў. І так у бясконцасць, аж вобразы вачэй і сэрца спалучацца ў згодную пару, прагучаць адным акордам.
А тут прагучаў голас Яўхіма Гаворкі — гучна, груба. Забіўся цвіком у сэрца, і сэрца зрабілася нямое ды сляпое. “І што ж зараз будзе? Што будзе? Гэтыя на вуліцы, хрэн там. Ім усё можна патлумачыць, што толькі захочаш. А вось міністр.....”
Слова “міністр” забівалася паасобным, самым вялікім і самым вострым цвіком. “І які чорт падшапнуў тэлефанаваць адразу ў Варшаву? Які д’ябал?”
Шукаючы адказ на такія пытанні, ён шукаў таксама самы зручны, самы ананімны шлях для эвакуацыі з гэтага месца.
Тым часам маладыя гарцэры, выштурхнёныя наперад пачуццём грамадзянскага абавязку, разгарнулі над зубрынай спіной вялікі парасон. Але дождж, абмінаючы заслону, рабіў сваю працу паспяхова. Падпіраючыся рэзкім ветрам, наступаў з аднаго боку, з другога, адбіваўся рыкашэтам ад туяў. Праз хвіліну ні залатая кропля, ні заблытаны праменьчык, ні які колечы ўспамін ад незвычайнасці не астаўся ў зубрыных рогах. А чорныя хмурыны ападалі ўсё ніжэй і ніжэй. Прысаджваліся на крышу магістрата, на паштовыя будынкі, разгарталіся на абліччы людзей, кандэнсаваліся ў вачах сакратара. І бы праз чорнае шкло ён бачыў заўтрашні дзень. Адчуваючы халодны, сыры подых будучыні, малады сакратар паставіў крок назад, потым яшчэ крок, і яшчэ, аж апынуўся ў бяспечных абдымках кабінета. Глянуў на тэлефон, з агідай падумаў пра вучоных канструктараў, што прыдумалі такую тэхніку, абвёў зрокам абвешаную партрэтамі сцяну. Фізіяномія Яўхіма Гаворкі, заўжды задумёная і сур’ёзная, зараз разгарталася ўсмешкай на ўвесь пратэз. А можа сакратару тое проста ўявілася? Ляснуў дзвярыма з усяе сілы — няхай абарвецца той Яўхім, няхай праваліцца ў бяздонную пропасць!
Чорным ходам збег з магістрата, сеў на машыну і адехаў.
— Панове, прапусціце. Гэта мой зубр. Мой, — малы, дзесяцігадовы хлапчук, разгартаючы пінжакі і сукні выбіваўся з перыферыйных раёнаў натоўпа. У далонях хлопца паблісківала бляшаная баначка. — Я першы знайшоў яго, учора вечарам. І нават, о глядзіце, гэтай во краскай рогі пакрасіў.
Апынуўшыся побач з зубром, працягнуў руку. Залатая стужка спрэю мільганула ў паветры, рассыпалася на рогі бліскучым золатам. Але дождж ішоў ужо густы і моцны, і золата вокамгненна згарталася ў траву. Хлопец паўтарыў аперацыю, затым яшчэ раз, але ж рэзультат атрымоўваўся як і раней — дрэнны. І ад бязраднасці ён развёў рукамі.
— Будзе лепшае надвор’е, пакрашу яшчэ раз. Зараз не атрымаецца. Краска благая — дажджу баіцца, — вінавата ўсміхаючыся паставіў крок назад, знік у натоўпе.
Зусім блізка ляснуў з неба пярун, агнявым асколкам забіўся ў фабрычны комін. Агартаючы галовы парасонамі, хустачкамі, пластмасавымі пакетамі народ хістануўся, пайшоў хто куды, урассыпную. І з гэтага своеасаблівага поля бою кожны выносіў сваё. Хто бліскучыя ордэны, хто балючыя шрамы, а яшчэ хто — звычайны сорам.
Кастусь Шыла назіраў за ходам чаравікаў і думаў пра каўзкі асфальт — ці не стане ён прычынай для яшчэ больш цікавага спектакля. Яўхім Гаворка крочыў з горда ўзнятай галавой — рассакрэцілася зараз жа канчаткова — мазня і тампак сучасныя палітыкі.
Бомба трушком спяшаў за айцом Рыгорам і задумоўваўся — чаму адпаведныя службы не займаюцца зараз засранцамі — абмазваюць жа каляровымі спрэямі ўсё, што падыдзе пад руку — сцены, вокны, нават зубрыныя рогі. Айцец Рыгор праслаўляў у думках вышэйшую сілу — з яе гэта падтрымкай пазбеглася вандроўка ў далёкія рэгіёны нашай прыгожай краіны.
А ананімныя героі гэтай гісторыі, мабыць звачайна думалі — нічога тут не было, нічога не будзе.
Здавалася — мястэчка памірылася з лёсам, пайшло за сваімі справамі. Дзень памаленьку ўладкоўваўся ў шэрую гадзіну, калі з гэтага паўсвятла паказалася шэсце. Дакладна — азвалася голасам гармоніка. „Wyklety powstan ludu ziemi” — знаёмай мелодыяй разгартаўся, пакуль яшчэ нябачны мех. І ўсе чорныя вароны, што звычаёва прысаджваюцца ў ліпавым галлі, падняліся ў сырое неба, закружылі, замітусіліся.