Выбрать главу

А потым гармонік прыціх і раптоўна азваўся “кацюшай”. Адгаманій зваротку, прыпеў, зручна пераліўся ў душашчыпацельнае “ах судзьба мая судзьба” і нечакана вярнуўся да пралетарскага гімна. А калі шэсце павярнула з Пілсудскага ў Трэцямайскую, гармонік заходзіўся “першай брыгадай”.

Шэсце было з дваццаці асоб і кожная адна асоба сціскала ў далонях свой сцяг. І былі там сцягі ці не ўсяго свету, ці не ўсіх палітычных партыяў, ці не ўсіх ідэалогіяў, што валодалі людзьмі ў далёкай або і блізкай мінуўшчыне. Чырвоныя і бела-чырвоныя, блакітныя і зялёныя, чырвона-зялёныя і бела-чырвона-белы.

“ПЕРАКАВАЦЬ ЗОЛАТА Ў СУП” — чорнымі літарамі на зялёным фоне выцвітаў ці не супольны для ўсіх, пяціметровай даўжыні транспарант.

Калі б не асоба Сакалюка, што крочыла саноўна на чале, можна б падумаць — вось Персефона ўрэшце рэшт вызвалілася з зімовых кайданоў, ды разгартае над мястэчкам свае каляровыя далоні.

Але шэсце было ад Сакалюка. Гадзіну раней, калі ўдарыў у мястэчка громкі пярун, Агафон Сакалюк пралупіў вочы. У след за перуном азваўся і тэлефон.

— Зубр? З рогамі залатымі? Побач з магістратам? — ад кожнага слова, сказанага трубкай вочы Агафона Сакалюка закругляліся, заходзілі здзіўленнем, здзіўленне пералівалася ў задуму, задума ў злосць. “Вось табе і ўлада! Вось табе і абранцы народныя! Народ галадае, а яны ў золата абвешваюцца! Дашчэнту звар’яцелі, нат жывёліне не даруюць. Даволі ўжо”. Так падумаў Агафон Сакалюк. Ад жалю і бездапаможнай роспачы яму хацелася плакаць. Але Сакалюк быў мужчына моцны. Абцёр слязу, адлажыў трубку, пяснуў кулаком у стол і заціскаючы зубы прахрыпеў: Даволі! Час склікаць дружыну.

Зашавяліўся між столікамі, спатыкнуўся аб крэсла, адбіўся рыкашэтам ад прылаўка і назад аблакаціўся на тэлефонны апарат. “Спакойна Сакалюк, спакойна. Не ўсё яшчэ страчана.” — прыпыніў сам сябе. Набраў адзін нумар, другі, трэці...

І вось зараз дружына з дваццаці асоб прычаліла да магістрата. Было тут ціха і бязлюдна. Натоўп знік, адно тры маладыя гарцэры ўсё яшчэ выпаўнялі сваю функцыю. Дождж спыніўся і зараз прыдбалі яны сабе другі занятак. Поўзаючы на каленях, самы маленькі гарцэр зрываў маладзенькую, красавіцкую траву. Перадаваў яе крыху большаму, той згартаў траву ў спраўныя букеты і аддаваў самаму вялікаму, ці не камандзіру тройкі. Самы вялікі гарцэр, прысеўшы на кукішкі, падсоўваў яе пад натапыраныя зубрыныя ноздры. І кудлатая зяпа хісталася манатоннай, лянівай жуйкай.

— Дзе рогі залатыя? — прадчуванне злога абліло Сакалюка халодным потам.

— Паслушна заяўляю — няма рогаў залатых, — самы старэйшы гарцэр падарваўся на ногі, выструніўся, прыкладаючы два пальцы да брыля шапкі глядзеў у вочы Сакалюку. Той не зразумеў.

— Што няма? Як няма?

— Паслушна заяўляю — дождж абмыў. Ліўны пайшоў такі, усё дашчэнту выпаласкаў. О, глядзіце, — адыходзячы ад службовай пазіцыі, гарцэр зноўку прысеў на кукішкі. — Тут можа дзе якая кропля і асталася.

Побач з гарцэрам упаў на калені і Сакалюк. І зараз чатыры далоні пабеглі ў траву. Абмацвалі яе, разгарталі, рвалі з карэннем. Авалодала Сакалюком адно адзінае жаданне, адна мроя — адшукаць у траве — хай сабе самую маленькую, хай сабе самую крывалапую залатую кропельку, ды перакаваць яе ў талерку з гарохавым супам. Але на пальцах аставалася адно красавіцкая сырасць.

— Няма? Вядома, што няма тут. І вядома дзе яно зараз ёсць, — выкрэсліваючы на каленях фантастычныя зігзакі, можа сабе, можа згуртаванай побач дружыне, а хучэй за ўсё магістрацкім вокнам кіраваў гэтыя словы Агафон Сакалюк. — Золата саскрэблі, краскай пакрасілі, і на табе дурны народ. Глядзі, цеш вока і каўкай сліну.

А за спіною моўчкі стаяла дружына. Чатыры дзесяткі вачей напружана ўзіраліся ў мітусню Сакалюковых пальцаў. Але пальцы вярталіся з нічым. І з кожным такім вяртаннем, з кожным беспаспяховым жэстам наводзіўся смутак на абліччы людзей. Іх галовы апускаліся ніжэй, за галавамі, складаючы крылы, ціхлі і ніякавелі харугвы і штандары.

Здагадваючыся ў агульным настроі, прадчуваючы няўхільнае падзенне баявога духа, Агафон Сакалюк узняўся на ногі. Рашучым жэстам адбіўся ад леташняй сухой травы, што прыліпла да нагавіц, сплюнуў.

— Мегафон. Давайце мегафон, — замітусіўся залішне, бо нейкая чуйная рука ўжо пад’язджала з тэхнікай. Прыхапіў інструмент, нацэліў у вокны магістрата. Думкі разляцеліся кожная ў свой бок, рассыпаліся бы спалоханыя птушкі. Стараўся згарнуць іх, вярнуць назад, пасадзіць на ранейшае месца.