Вельмі важнае ў такіх выпадках першае слова.
— Miałeś chamie złoty róg, — запамятанай ад школьных гадоў фразай прагрымеў мегафон.
— І дзе ён? І дзе ён? — дваццаткай горлаў адгукнулася дружына, а мегафон і на гэтае пытанне адразу даваў адказ:
— Няма. Прагулялі ўсё, прамантачылі, прапіз... — Месца было ўсё ж такі публічнае і апошняе слова ён спыніў у добры час.
— Прагулялі, прамантачылі, прапіздзілі, — дружына пайшла ў раней прыадкрытую фортачку. Пайшла лёгка, навобмацкі, імпульсіўна, дык і горлы не ўсе паспелі спыніцца, прагучалі з першай па апошнюю літару.
Настрой уздымаўся. Узняліся голавы і харугвы, узнялася і рука Агафона Сакалюка. Левая ўсё яшчэ заціскала прыткнёны да вуснаў мегафон, а правая — напружаная, звязаная ў магутны кулак, быццам ствол процітанкавай арматы пацягнулася на магістрацкія вокны.
— Браты, панове, таварышы! Даволі! — з узлётам харугваў мегафон набіраў новую моц.
— Даволі, — згодна падтакнула дваццацігалоссе.
— Ура! Ура! Ура! — падбадзёраны калектыўнай магутнасцю сваіх шарэнгаў, Агафон Сакалюк прагрымеў трыма сальвамі і ў гонар кожнаму “ура” паставіў адзін крок у напрамку магістрата. Але зараз водгук зза спіны атрымаўся не зусім камплектны. Па праўдзе не больш за тры, чатыры галасы далі чаканы адказ. І чацвёрты крок Сакалюк не паставіў. Спыніўся, павярнуўся тварам да дружыны. Усе дваццаць фігур застылі на ранейшых пазіцыях.
Назіраючы тыя фігуры, ён пачаў здагадвацца — ніякая рэвалюцыя тут ні сёння, ні заўтра не атрымаецца. Але здагадка не была новая. Раз або два намагаўся падарваць, скалыхнуць гэты прыімшлы камень? Дзесяткі раз. Зрабілася Сакалюку і крыўдна, і дурна. Як зажды, калі аддае сябе чалавек поўнасцю вышэйшым мэтам, агульным справам, змаганню за лепшае заўтра другіх, а ў замен атрымоўвае пякучую фігу. Усё-такі кожную пазіцыю, кожнае поле бою адступаць трэба з гонарам і з горда ўзнятай галавой. Гэта абнадзейвае на будучыню. І галава Сакалюка ўзнялася вышэй.
— Мы яшчэ вернемся сюды, — пагрозлівым жэстам вышэй галавы ўзляцеў магутны кулак.
— Мы яшчэ вернемся сюды, — згодным строем пашыбавалі ў магістрацкія вокны і апошнія кулакі.
А вокны глядзелі гэтую дэманстрацыю халоднымі мёртвымі зрэнкамі. Ні жывой душы не было ўжо ў магістраце. Усе чыноўнікі пайшлі да дому.
Агафон Сакалюк адступіў крок назад, павярнуўся спіной да магістрацкай сцяны і таксама пайшоў. Следам ступіла і дружына. Перакінуўшы за плячо каляровыя харугвы, яны ішлі ў маленькі рэстаранчык, дзе за лепшым часам згуртуюцца ўсе жыхары нашай планеты чорныя, белыя i жоўтыя, каталiкi, праваслаўныя i мусульмане.
Кандыдат
Памёр наш Адам Антонавіч Падробка. Сышоў на вечны спачын неспадзявана, не паспеўшы папярэдзіць аб сваіх намерах ні жонку, ні пляменнікаў, ні — што самае балючае — нас, сваіх супрацоўнікаў. Вечных — вядома — няма, аднак сыходзячы са сцэны жыцця (асабліва, калі тая сцэна неразрыўна звязана з палітычнай трыбунай), не хопіць легчы ў дамавіну, заплюшчыць вочы, ды спусціць дух. Трэба падумаць і пра тых, каму ў гарачы час выбарчай кампаніі не пашчэнсціла даць драла. А не пашчэнсціла нам.
І вось сядзім у маленькім пакойчыку, курым у шчырай задумёнасці і глыбокімі ўздыхамі адганяем ад сябе і чорны сум, і бэжавы цыгарэтны дым. З афішаў, аддрукаваных загадзя, спаглядаюць на нас пранізлівыя вочы Адама Антонавіча, а ягоныя вусны, заўжды гаваркія, цяжарныя абяцаннямі і пахваламі, сёння маўчыць, як той банальны прыдарожны камень. І здаецца — няпраўда ўсё. Не на той свет аддаліўся Адам Антонавіч, а звычайна — пайшоў у кіёск за газетамі, за цыгарэтамі, і зараз на каменным паркеце пачуюцца знаёмыя крокі, адчыняцца дзверы, ды ўсё вернецца на старую каляіну.
А можа, як добры і чуллівы бацька падчас нядзельнай гульні ў лесе, пажартаваў з нас, прыхаваўся між тоўстых соснаў і сочыць адтуль за нашымі крокамі, правярае нашу кемлівасць і спрыт?
Маўчаць аднак паркеты, не адчыняюцца дзверы, а замест Адама Антонавіча метафізічнымі шчылінамі скрозь сцяны і скрозь падлогу прасочваецца непазбежная рэальнасць.
— Прыгожы быў мужчына. — пацягнула носам Алёна і выцерла заплаканыя вочы, каб нам, заскарузлым у панцыры ўяўнай мужчынскай абыякавасці, паказаць свой жаноцкі, абычаямі і законамі не сапсуты боль. Нам і без бабскага стогну дастаткова балюча, а ўжо пачуўшы сакраментальнае “быў”, якому няма ніякай альтэрнатывы, якое немагчыма адмяніць ні сеймавай, ні ўрадавай пастановай, той-сёй, закінуўшы ўбок правілы добрага тону і няпісаныя мужчынскія законы, горка заплакаў.