Выбрать главу

— І за каго галасаваць цяперака? — у фальцэтах стогнаў і енкаў бас Віктара Раманавіча прагучаў быццам грубая прафанацыя.

У першы момант я нават падумаў, што трэба супрацьставіцца гэтаму грубіянству, шукаў ужо адпаведныя словы, калі раптам мне прыйшло на думку і іншае: смерць ёсць смерць, хай сабе і належыцца ёй пашана, а ўсё-такі жывым трэба жыць, ды заплямбоўваць такія, як хаця б з-пад Антонавіча дзіры.

— Мы заўжды за Адама, — перамагаючы пахліпванне азваўся Яська Румянюк.

Яська не быў скамплікаваны чалавек. Наогул ён маўчаў, а калі ўжо і даводзілася яму ўзяць слова, паўтараў тое, пра што ўсе добра ведаюць.

Прычыны, па якіх мы дапускалі Яську ў кампанію, былі дзве. Па-першае — ён нікому не мяшаў; як пасадзілі ў маладосці за сталом старшыні прафсаюза, так і прыліп там па сённяшні дзень. Па-другое — добра танчыў, ды як ніхто ў свеце прыкідваўся пеўнем. Сёння аднак наш час поўніцца жалем. У ходзе сустрэчы не прадугледжваюцца ні танцы, ні хіхіканне, ні кукурыканне. Прабач Яська, табе застанецца адно: забіцца ў кут, ды маўчаць нібы тая — з поўнай павагай — Антонавіча магіла.

— На маю думку, — Пятро Уладзіміравіч падняўся з крэсла, дастаў з кішэні дробным мачкам запоўнены аркуш, з другое кішэні выцягнуў акуляры, пасадзіў іх на нос і вярнуўся да першага слова. — На маю думку, пара была б кінуць на глыбокую ваду, — ён павёў зрокам па аўдыторыі, — адсутнага тут Ігара Рыгоравіча. Малады ён, здольны. А, як ведаеце, сярэдняя ўзросту ў нашых шарэнгах балюча павялічваецца. Ігар Рыгоравіч...

— А каму ён вядомы, гэты твой Ігар, — выскачыў з месца Раманавіч. — Мне, табе і, пэўна, Алёне. А можа і перш за ўсё — Алёне, — удакладніў.

Назваць гэтае выступленне дыпляматычным было б крыўдай для дыпламатыі. У малым мястэчку ўсе пра сябе ведаюць якраз тое, чаго ведаць не трэба, аднак не ўсе гэтымі ведамі перакідваюцца пры кожнай нагодзе. Праўда, паўтараюць сёе-тое цішком, з вуха ў вуха, але ніколі ж публічна. Не, з такімі штучкамі нават Яська Румянюк не выскоквае.

— Які прыгожы мужчына быў, — загаласіла Алёна. Цяпер яе плач не быў ужо такім шчырым, бескарыслівым, выкліканым патрэбай душы. Ёй хацелася зняць з сябе непатрэбную ўвагу ды накіраваць яе на агульнавядомю асобу. — Быў і няма.

— Няма і не будзе, — рашучым тонам закончыў хаўтуры Раманавіч. — А цяпер трэба шукаць кандыдатаў. І калі так, тады ў распараджэнне шаноўных калег стаўляю сваю сціплую асобу. Магу прыняць на сваю спіну першы ўдар, ды адкрыць сваім прозвішчам наш партыйны спісак.

Шаноўныя калегі павялі па сабе крышку разгубленым зрокам. Была ж нагода хвіліну раней пазнаёміцца з дыпламатычнымі здольнасцямі Віктара Раманавіча і, праўду сказаўшы, ацэнка атрымалася не надта высокай. Аказваецца, дзесяцігоддзямі сябруеш з чалавекам, ды і так не здагадваешся, што сядзіць у ягоных вантробах. Хто і калі падумаў, што Віктару мроіцца паступіць у вяршыні нашай мясцовай палітыкі? Пэўна — ніхто. А сітуацыя — нязручная, каб не сказаць — зусім дурная. Падняцца і запярэчыць? Так звычайна, парваўшы ўсе ранейшыя вузлы, сказаць: не Віктар. Хто як хто, а ты вось — не.

Адам Антонавіч зірыць на нас з партрэтаў і ўсміхаецца іранічна: хі-хі-ха, шукайце, шукайце лепшых за мяне...

Проста сказаць — шукайце, а злётаўшы туды і назад у доўгія шарэнгі прозвішчаў, пералісаўшы ўсе спіскі — аказваецца — няма там сапраўдных кандыдатаў.

І тады голас узяў Асіп Паўлавіч. Той Асіп, якому не раз даводзілася выпаўняць няўдзячную функцыю апошняга апірышча, апошняй надзеі. Асіп, якога апаненты называлі хамелеонам, а мы хвалілі за гнуткі хрбет, свежы погляд і адкрытую думку.

— Шаноўныя калегі. У нашым палажэнні, усё-такі найлепшы кандыдат — Адам Антонавіч. Я ведаю, што хочаце сказаць, — ён рашчым жэстам у зародку пагасіў нашае здзіўленне. — Хочаце сказаць: Адама ж няма. А вось я скажу вам так: ёсць наш Адам. Бо хто ён, Адам Антонавіч? Антонавіч — легенда нашай зямлі. Несмяротны яе міф. Так, так, дарагія сябры. Не-смя-рот-ны! Бо міфы і легенды не паміраюць так сабе, раптоўна, зараз. Хай сабе і адышто ў нябыт вядомае, дарагое нам цела. Няхай. Пярэчыць дарма. Аднак, аказваецца, побач з целам ёсць таксама і душа. Доўга ішлі мы да гэтай праўды, але ж дайшлі. І можам зараз сказаць адкрыта: душа ёсць. І несмяротная душа Адама Антонавіча таксама з намі. Тут і зараз.

Пры гэтых словах той і другі разглянуўся крадком, быццам шукаючы нейкі доказ іншаземнаму існаванню чалавечай матэрыі. Аднак у непарушанай і сумнай прасторы гучаў адно голас Асіпа Паўлавіча: