Выбрать главу

— А ты Папусь не бяры ў лоб. Здараецца.

Але Папусь хiба не чуў, што яму кажуць. Падняўся зза стала i моўчкi пайшоў на вулiцу.

У той момант паказалася на кухнi i Зося.

— О, прывітанне, — у Болюсевым голасе адчувалася абыякавасць, бесцікаўнасць уласніка, што выпадкова сустракае сваю добра вядомую, ды не надта цэнную рэч.

Але Зося нат не глянула ў наш бок. Мабыць усё, пра што яна зараз думала — нябачанай, ананімнай, не запісанай у нашай памяці пракаўзнуцца ў паўзмрочнае нутро мястэчка.

— Ванiтаваць хачу, пусцiлася кулём у дзверы. А цераз хвiлiну вярнулася, прыхапiла палiто распятае на спiнцы крэсла i не сказаўшы слова на развiтанне, знiкла.

Чарговы раз я ўбачыў яе тры тыднi пасля Вялiкадня. У белай шлюбнай сукенцы, у велюме. Нат фiгура не паспела яшчэ прыпсавацца.

— Бацькам буду, бляха, на Вялiкдзень сказаў мне Болюсь. Старшы сват патрэбны. Папусь адмовiўся. Можа ты?

— А мацi, хто? хацелася, няхай назве тут абы якое iмя, самае дзiўнае, або самае нечаканае, або няхай скажа, што ўсё гэта няпраўда, выдумка, жарт.

Бываюць хвiлiны, калi насуперак фактам, чалавек загадвае вачам бачыць тое, што ўяўляецца ў душы. Так нараджаюцца цуды. Ды не штодзённа прыходзяць яны на свет. І зараз таксама не здарыўся цуд.

— Сам ведаеш, Зося — Болюсь сплюнуў на тратуар пакемячаную семушку.

А ў трэцюю нядзелю пасля Вялiкадня трымаў я вяночак над галавою Болюся.

„ Абрашчаецца... раб... Божiй... да... рабы Божай” голас бацюшкi ўзлятаў да высокiх купалаў, вяртаўся ўнiз i глухiм басам забiваўся ў мае думкi, як у труну забiваюцца апошнiя цвiкi. А мне хацелася працягнуць левую руку, крануць белы велюм, i адшукаць водар бялявых валасоў запiсаны ў памяцi шматлiкiмi абразкамi.

Адганяючы назойлiвыя думкi, я ўцякаў зрокам на спiну Болюся. I стараўся пералiчваць кропкi перхацi, што асыпаючыся з ягоных валасоў, засеялi белым вяночкам каўнер смалiстага, шлюбнага пiнжака. Ды не пералiчыў, за шмат было iх.

А пасля царкоўнай цырымонii, парваўшы ўсе законы, якiмi абмяжованы старшы сват, я заснуў пад сталом.

— Ну i калегi ў нашага Болюся, пад ранiцу, хтосьцi выштурхоўваў мяне на белы свет. Пралупiўшы вочы, пазнаў злоснае аблiчча Зосiнай мацi. I прыдбаўшы як небудзь вертыкальную пазiцыю, пайшоў на вакзал.

Хацелася сесці на які колечы аўтобус, нат не ведаючы яго маршрут, ды адправіцца ў самае далёкае месца на зямлі.

Клёсы

Часам ідзем да Клёса. Гэта наш добры сябра ад дзіцячых гадоў. Разам мы гулялі ў мяч, разам хадзілі ў школу. Разам збіраліся ў далёкі свет і нікуды не ад’ехалі.

На прадмесці, між драўлянымі домікамі Клёс трымае маленькую краму. Адвёў для яе месца ў самым утульным куточку панадворка. Раней, калі яшчэ жыла маці, быў тут загончык з картоплямі, а побач з плотам, зялёнай сцяной стаялі маліны. Зараз бульбянішча аддалося ў палон высокай траве, прысеў там на кукішках пластмасавы столік, а над столікам, чырвоным мухаморам красуецца вялікі парасон з надпісам дайліды. Маліны крыху адзічэлі, але трымаюцца някепска. Абняўшыся за плечы з прыімшэлымі штыкецінамі, малайцавата заступаюцца за інтымнасць прыватнай уласнасці, аддзяляюць яе ад калектыўнай бязглуздзіцы тратуара. Ціха тут і ўтульна. Хочаш — глядзі на крышы маленькіх домікаў, або, павярнуўшыся спіной на захад сонца, назірай як пушча ўрастае ў вечаровае неба.

Часам можна было б таксама схадзіць у цэнтр мястэчка, да Нюёрка. У яго сапраўдны рэстаран, плён дзвюхгадовай пабыўкі за акіянам у самы лепшы час, калі адзін амерыканскі долар з аднаго боку быў іконай, што абнадзейвае на жыццё вечнае і бестурботнае, а другі бок выяўляўся зялёным сатанінскім люстэркам, у якім праглядаецца цэлы свет — распусныя зоркі кіно, бяздушныя банкіры, драпежныя сенатары, апантаныя азартам паклоннікі Ляс Вегас.

У Нюёрка столікі абведзены мармырам, а сцены люстрамі. Адвячоркам, калі змякчаецца дзень і настрой, прыгасаюць верхнія лямпы, а адзінае святло выплывае тады з адлітых у патынавыя бронзы кінкетаў. Яны хітра прыхоўвюцца між люстрамі і ў срэбным шкле бачыш толькі шэрыя абрысы твараў — свой, Жэніка, Сярожы, Толіка.

Дзіўна глядзець у твар, калі раней, скальпель паўсвятла вымыў яго з маршчын і эмоцыяў. Няма ў тваім абліччы гневу, радасці, болю. Можна падумаць — існуеш адно на вырванай з пашарта фатаграфіі — без адраса, прозвіча, даты нараджэння. І адчуваеш сябе нахабнікам, што ўводзячы ў зман пагранічныя службы чужой краіны, урываецца на забароненую тэрыторыю.

І таму часцей ступаем да Клёса. Ідзем туды бы ў свой дом. Прысаджваемся пад чырвоны брэзент з надпісам “дайліды”. Выпіваем піва, нагбом, з бутэлькі, заводзім гутарку пра абы што, вось, скажам — аб джынсавай майцы Сярожы Сахарука. У яе доўгая на чвэрць стагоддзя гісторыя, а за познім Герэкам каштавала маёнтак.