— Апорт, Брунер — Клёс ззувае тапачку, швыргае яе на крокаў дзесяць. Кудлатая служальчасць нырае ў траву, разгартае яе носам, вяртаецца з тапачкай назад.
А мы глядзім і пляшчам у далоні.
У слове “апорт” завяршаюцца ўсе нашы помсты: за разбураную Варшаву, і за той мячык, што Герд Мюлер забіў у нашы вароты ў семдзесят чацвёртым, і за ўсе бліскучыя машыны, што паўзуць у пушчу, разгартаючы нас у адкос магутнымі буферамі. І яшчэ за зоркі, што ў дзіцячыя гады прыселі на пагонах і ніколі не ўзышлі на небасхіл даросласці.
А між намі ёсць і Клёсы, і Штырліцы, і Чапаевы, і адзін з чатырох танкістаў — самы мужны, Густлік. Ёсць адзін Пушкін і адзін безыменны Прафесар. І кожная мянушка прыжылася не дарма і невыпадкова. Пушкін складаў у маладосці вершы, Прафесар закончыў вечаровы агульнаадукацыйны ліцэй, а вось, скажам, Федзік — часам па прывычцы клічам яго Гагарыным — у школьныя гады, быццам якая касмічная ракета быў Федзік. Сто метраў, і дзвесце, і чатырыста хучэй за ўсіх збегаў — у мястэчку і ваяводстве. Яшчэ і зараз на самай важнай сцяне Федзікавай кватэры, побач з іконамі стаяць зжоўклыя дыплёмы і медалі — кружкі тэктуры загорнутыя ў бліскучую, залатую паперу з-пад шакаладу.
— Добры Брунер, разумны. Малайчына. — рука Клёса ласкава паглыбляецца ў пакамечаную шэрсць, пяшчотна торгае вушы, а затым ганарыста, панскім жэстам тыркае ў раззяўленую зяпу ладны кусок кілбасы, што залішнім чаканнем кліента прыімшэла, адышла ад спажывецкіх стандартаў.
І кудлатая зяпа ўсміхаецца: “Добры пан” — калі б хто ведаў як чытаць сабачыя вочы, напэўна такія словы прачытаў бы ў карых зрэнках Брунера.
У цягніку
Колы цягнiка коўзануліся на сталёвай спiне рэйкаў, жалеза напароўшыся на жалеза азвалася пранiзлiвым вiскам i ўсё спынілася так раптоўна, што Марусь, якi хвiлiну раней прыняў вертыкальную пазiцыю, шлёпнуў у драўляную лавачку. А ўзняла Маруся на ногі справа канкрэтная пузыр. Хвiлiнаў трыццаць, як прыйшоў адтуль першы сiгнал i тады Марусь падумаў: „Стрываю да чарговага паўстанка, здзейснiцца мроя”.
Людзі часам даюць самі сабе такія прапановы, правяраюць сябе, выстаўляюць на ўсялякія спакусы, тады асабліва, калі іх лёс у чужых руках. І складаючы сваю будучыню ў тыя рукі, невядомыя, ды непрадбачлівыя, чалавек стараецца прынамсі ірацыянальнай, тэлепатычнай сілай накіраваць падзеі ў карысны сабе бок. А калі збываецца мроя, можна з горда ўзнятай галавой, з грудзьмі бы парусы напятымі, зайсці ў чарговы дзень: “Глядзіце во, не дармаз’ед я, не шчасліўчык лёсу, што выпадковым дарункам, на чужой спіне вылузаўся з бездані. Сваімі кіпцюрамі адваяваў усё”.
Шлёпнуўшы ў лавачку, Марусь павесіў зрок на супрацьлеглай сцяне вагона, перакінуў у думках свае мроi. Няшмат было іх там. Хто другi ў такiм выпадку, зараз i разгарнуў бы якiя-небудзь раскошлівыя краявіды, шыбаваў бы мiж воблакаў, прызямляўся б на выгладжаныя міністэрскімі задніцамі крэслы. Хто другi так. А Марусь быў чалавек канкрэтны, сцiплы, тутэйшы. Гэтай сціпласцю і тутэйшасцю размалёўваліся і ягоныя мары. Яны былі звычайныя, як цёмна-сіні артальён на спіне, і салідныя як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну, і можна іх нармальна узяць у далоні, сціснуць пальцамі, бы пяцідзесяцізалатовы банкнот — апошні, які ад лепшага часу заваляўся ў кішэні.
А зараз час прыйшоў няважны — выяўляецца залішнім, стамляючым адпачынкам і безграшовіцай.
„Стрываю да чарговага паўстанка — з пачаткам красавiка атрымаецца праца ”.
Бо Марусь быў кравец. Можа гэта і лішняе слова, можа навыраст. І калі цікавіўся хто знаёмы, або калі была патрэба запоўніць якія паперкі, і між другімі рубрыкамі стаўлялася там пытанне аб прафесію, доўга думаючы даваў такі менавіта адказ — “Кравец я”.
Бо што скажаш? Працую ў кравецкім кааператыве, не тым, што па душы мне займаюся, але ў будучыні — хачу, буду, зраблю, пакажу ўсім...
Людзі чакаюць адказы ясныя і простыя, а ў службовых папераў таксама ёсць свае варункі і абмежаванні. У другіх выпадках, карыстаючыся нагодай, чалавек пачынае ўголас абмяркоўваць свае тайныя планы, апранаецца ў неналежныя ордэны, не бач калі перасякае мяжу між тым, што ў яго ёсць, а тым, што яму хочацца..
Вось і быў Марусь кравец, ды працаваў у кааператыве.
Шылі там рабочыя рукавіцы — летнія, з мяккага цёмнасіняга ціку, з пяці пальцамі і зімовыя — пруткія, круглыя аладкі брэзенту, дэфармаваныя ізапяткай для вялікага пальца. Зшываючы брэзент у прадбачаны праектантамі кшталт, Марусю заўсёды было шкада гэты палец. Уяўлялася зімовая халадэча, скрыпячы мароз і іней, і чатыры браты ў супольнай, утульнай хатцы прыгартаюцца адзін да аднаго, абаграваюць адзін аднаго цёплым дыханнем, перакідваюцца словам. А пяты брат, запёрты ў цёмнную келлю, дубянее, калее ў цішыні і самоце.