І Марусю прыйшла на памяць адна пані — здавалася раней — самая прыгожая ў краўцоўскім кааператыве. Была там брыгадзёркай, час ад часу зазірала ў прадукцыйны зал, абводзіла зрокам усе станкі, а калі прыпынялася за спіной Маруся, ён махінальна апускаў голаву, пільна сачыў за ходам сталёвай іголкі. А напрыканцы мінулага году гэтая пані зайшла якраз у злую хвіліну. Ад няма чаго рабіць, Марусь забаўляўся накідамі сваіх уяўных мадэляў. Пані прыхапіла запоўненую рысункамі картачку, глянула і ўсміхнулася. І не было як, і не было куды ўцякаць вачам. І прышпіліўшы свае вочы да яе вачэй, урэзаў іголкай у вялікі палец,
Але прыгажосць сённяшняй спадарожніцы была ў зусім іншым гатунку — быццам абразак у кніжцы прывезенай з далёкай краіны.
Усё ў яе было рэальнае, усё на сваім месцы, у прапорцыях як трэба быць. А адначасова — усё ўяўнае, несапраўднае, выдуманае. Але калі нат прыдумаў хто гэту паню, тады з канкрэтнай мэтай — раскрыць насцеж дзверы краўцоўскай фантазіі, выправіць яе ў неабмежаваныя прасторы і сцежкі.
— Ну, — сказала пані. — Можа тады стрэнемся падчас якой прэзентыцыі.
— Можа, — адказаў Марусь.
Жанчына прыліпла зрокам да шыбы. У шкле, начнымі фарбамі пераўтвораным у правізарычнае люстэрка, стаялі яе цёплыя карыя вочы, зза недасканаласці люстэрка абведзеныя паўзмрокам таямніцы, і вусны, што сакавітай лініяй складаюцца ў чырвонае сэрца, і шчокі напятыя пружыністым лязом маладосці. А затым вусны расхіліліся, усміхнуліся і ўсмешка разгарнулася на шчокі, на вочы, як разгартаюцца хвалямі зручна пастаўленыя косткі даміно.
Так усміхаюцца людзі калі вяртаюцца дамоў — усміхаюцца на сустрэчу з добра вядомай цеплынёй, з утульнымі закавулкамі кватэры.
“Якая яе кватэра — падумаў Марусь. — Напэўна незвычайная, напэўна такіх у мястэчку няма. Сцярпець адзін яшчэ паўстанак і яна, мяне запросіць на сваю кватэру”.
Думка вырастала адважная, упэўненая, як ніколі раней.
А прыгожая пані ў той жа хвіліне сказала:
— А ў Варшаве вам ёсць дзе спыніцца? Ёсць хто знаёмы?
— Брат ёсць — сказалася, па інерцыі неяк. І язык, засаромеўшыся, што мабыць заўчасна абмінае прыадкрытыя дзверы, пачаў адступаць назад:
— Хіба, што ад’ехаў дзе, бо хто яго там ведае, непаседа мой брат, сёння тут, заўтра там.
Цягнік прычаліў якраз да паўстанка і Марусь уздыхнуў з палёгкай: Выканаў усё-такі. Выстаяў. А ты ціха там — запёрся кулаком у спіну пузыра. — Зараз яна запрапануе наведаць сваю кватэру.
А жанчына быццам на вяроўцы ягоных думак ішла.
— Калі б якая праблема, вось вам — працягнула візітную картачку.
Марусь узяў яе, перакінуў у пальцах. Перачытаць прозвішча і адрас не атрымалася, падчас стаянкі лямпы ў вагонах прыгасаюць, кладуцца на сцены, на лаўкі, на шчокі пасажыраў чырванявым паўсвятлом. І ён закінуў картачку ў кішэню сіняй майкі, на грудзі, туды дзе сонным рытмам б’ецца сэрца.
А потым усё расплыўлося, а можа ўсё паплыло. Ноч, думка, цягнік, сусвет. Нават элегантня працоўня, дзе над вялікім аркушам паперы схіліўся Марусь, закружылася лянівым вярчальным танцам. А пасярэдзіне гэтай працоўні стаяла цалкам аголеная прыгожая пані. Але Марусь не паспеў прыгледзіцца да яе сакрэтнай прыгажосці. Няспынны танец загартаў паню ў воблачныя карункі, цюлі, аксаміты.
— Пойдзем? — пытае пані і раскошлівым жэстам працягвае далонь.
Раскрываюцца дзверы і з працоўні яны выходзяць на вялікі парк. Між кветак, між старых дрэў, спакойным блакітам хістаецца вялікае вока басейна.
— Пойдзем? — пані пытае яшчэ раз і заходзіць у блакітную ваду.
Пытае залішне, бо Марусь ужо ступае яе следам, быццам ступаў на непазбежны, запісаны ў кніжках лёсу шлях, ад якога не ўцячы, не адбіцца сталёвымі кулакамі. А пры тым ні ўцякаць, ні адбівацца Марусю не хачацца. Нат калі і пратэстуе пузыр. “На халеру табе той басейн, навошта ён? За працай жа ў Варшаву едзем, — вісклівым голасам высалапляецца ён з падбрушша. Зза няўвагі ўласніка выбраўся якраз на волю і карыстаючы хвіліну пачынае павялічвацца, надымацца, запаўняць купэ сваімі празаічнымі жаданнямі. Здаецца — вось і рассыплецца, разарвецца тысячай асколкаў, трапляючы абы дзе, нат на прыгожую сукенку прыгожай пані.
Але Марусь ужо не чуў вісклівы пратэст пузыра. Сціскаючы далікатную жаночую далонь ён паглыбляўся ў блакітныя абдымкі басейна. Цёплая, шоўкавая вада агарнула сцёгны, калені. Увішнымі струменьчыкамі пабегла яшчэ ніжэй, на лыткі, у чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну летнюю спёку і восеньскую слату.