Выбрать главу

— Нож? — Тэрэза намыслілася, завагалася.— Здаецца, не, я б адразу заўважыла, такія нестасоўныя рэчы кідаюцца ў вочы.

Не, нажа не было. Я яшчэ ўзіралася ў люстэрка вады, шукала адбітак нябачнай мне паловы лазні. Але не паспела згледзець, нехта ўвайшоў у лазню, і я зачыніла акно.

— Кажаце, што нехта ўвайшоў у лазню, вы не заўважылі хто? Можа, гэта быў Даўгалевіч? — я паспрабаваў запытацца як мага больш абыякавым тонам.

— Не,— паспешліва адказала Тэрэза,— толькі чула, як нехта зайшоў у прылазнік, там жа яшчэ адныя дзверы, я не дачакалася гэтага моманту.

— А вы адразу ж вярнуліся ў дом ці чакалі, покуль гэты нехта пойдзе?

— Адразу, наколькі гэта магчыма зрабіць у суцэльным тумане, хвіліны праз дзве-тры, не болей.

— Можа, гэта дзядзька Вадзімір адчыніў дзверы ў прылазнік, таму і не чуў вас?

— Можа, так, можа, не.

— Гражына казала, што вы распрануліся ў яе і разам з ей сышлі ў гасцёўню. Вы заходзілі да сябе ў пакой?

— Я дагэтуль там не была.

— Ты падазраеш каго-небудзь? — нарэшце ўключыўся ў размову Сак.

— Нікога, мне ўсе здаецца, гэта зрабіў нехта іншы — прыплыў на чоўне, забіў і ўцёк, а мы тут дарма губляем час. Няўжо адсюль ніяк нельга трапіць на бераг?

— На жаль, нельга,— сказаў я,— застаецца чакаць і разбірацца самім.

— Шкада,— Тэрэза ўстала,— я пайду, здаецца, усё.

— Хвілінку,— Сак таксама ўстаў,— успомні, калі мы з Марцінам кінуліся з лазні ў кабінет шукаць Гражыну і потым вярнуліся ў гасцёўню, ці вісела на крэсле Гражыніна торбачка?

— Не памятаю, мне было не да таго.

Я хацеў спытаць, ці заходзіла Гражына ў гасцёўню перад тым, як выйсці на вуліцу, але Сак апярэдзіў мяне:

— Дзякуй за размову, пакліч, будзь ласкава, Кяльміцкаса, адно хай трошкі счакае.

— Калі ласка,— Тэрэза з палёгкай уздыхнула і выйшла.

— Як мяркуеш,— спытаў Сак,— яна казала праўду?

— Праўду, але не ўсю, здаецца, яна ведае больш. Адно акно ў лазні і сапраўды няшчыльна зачынена, я глядзеў. Так зачыняць з сярэдзіны не сталі б. Дастаткова было легка прыціснуць рукой, шыба добра заходзіла, але калі цягнуць за раму да сябе з вуліцы, то там няма за што ўхапіцца. А другое акно было забіта цвіком, апісанне супадае з яе словамі.

— Пачакай тут, пайду пераканаюся, відаць з таго акна дзверы ў прылазнік ці не. Я скора,— Сак выбег з пакоя.

Калі Тэрэза кажа праўду і кажа, што ў басейне не было нажа, пачаў разважаць я, то застаецца адзін варыянт: той, хто заходзіў у прылазнік, і есць забойца. Даўгалевіч заснуў. Нож у сэрца, крок назад, нож паляцеў у басейн, потым крадком па сходах, пакратаў клямку — ці ў пакоі Гражына, і да сябе ў пакой. Але нашто кратаць? І нашто забіваць? Кяльміцкас ці Маршанскі?

А можа, і Тэрэза? Зайшла ў лазню, забіла, прачыніла акно, каб потым ускосна давесці, нібыта была на дварэ пад час забойства. У Гражыны пачала ўдаваць, што змерзла, каб не кідалася ў вочы, як калоцяцца ў яе рукі. Тады становіцца на месца клямка. Тэрэза падкрадаецца да дзвярэй, кратае клямку, чакае і потым шчоўкае ў філёнгу: «Гражына». Вось і гатовы міфічны забойца, які прайшоў калідорам і схаваўся ў сваім пакоі. Да таго ж увязана па часе з тым, хто нібыта заходзіў у прылазнік. Адно незразумела — за што Тэрэза магла забіць Даўгалевіча?

За жаніцьбу на Марыі Маршанскай? Лухта — забіла б год дваццаць таму, і не яго, а Марыю. Можа, яна прапанавала ажаніцца цяпер, а ён адмовіўся? Але, відаць, такая размова ў іх ужо адбылася значна раней — ледзь не адразу пасля Марыінай смерці, а не праз два гады. Вось тут бы і прыдаўся дзённік. Калі яго сапраўды ўзяла Тэрэза, то яна не будзе знішчаць — рэліквія вялікага кахання. Хутчэй грунтоўна схавае. Але чаму адразу зайшла да Гражыны, а потым увесь час была паміж людзей. Ды і не можа літаратар нішчыць чужы рукапіс — прафесійнае. Але калі літаратар — жанчына?

А калі пракруціць варыянт з Гражынай? Ад яе сышла Тэрэза, Гражына ўзяла нож, забіла Даўгалевіча, а каб мець тлумачэнне на выпадак, калі б хто спрабаваў да яе ўвайсці за гэты час, прыдумвае гісторыю з клямкай і замкнёным пакоем.

Тэрэза зачыняе акно, а з прылазніка заходзіць Гражына з нажом, забівае і паспявае вярнуцца да Тэрэзінага прыходу. Але зноў — з-за чаго забіваць? Каб Даўгалевіч нікому не расказаў, што аўтограф верша не ягоны твор? Калі яна выдумала такі фінт з вершам — то кахала дзядзьку Вадзіміра, напэўна, а значыцца, не магла забіць. І наадварот. Ды ўжо, ва ўсялякім разе, не расказвала б мне аб сваіх планах.

Аднак Сак злавіў яе на дзіўным учынку ў кабінеце. Гэта довад «за» і «супраць» — яна дзесяць разоў магла ўкрасці гэты дзённік паміж тым, як забіла і вярнулася да сябе. Да таго ж Даўгалевіч нічога пра яе, відаць, у дзённік і не запісваў. Яны знаёмыя не так даўно, а аўтограф ён зрабіў і адразу пайшоў у лазню. За стол болей, відаць, не садзіўся. Аўтограф верша — апошняе напісанае ягонай рукой.