А я застаўся суцяшаць дзяўчыну, якой Вадзімір няпэўна паабяцаў як-небудзь адпісаць ліст. Потым ён яшчэ наязджаў у Вільню раз у два, у тры месяцы, яны сустракаліся, і Даўгалевіч зноў туманіў ёй галаву словамі аб вялікім ідэальным каханні. Гэта было няцяжка рабіць пры ягонай тагачаснай знешнасці ды схільнасці прыўкрашваць падзеі і ўласную біяграфію выдуманымі дэталямі, што-што, а пісьменнік ён сапраўды здольны.
Праз два гады я нечакана сустрэўся з ім на экзаменах у Літінстытуце, і мы зноў жа нечакана для сябе пасябравалі. Я ўзяў слова з Вадзіміра, што ён будзе пастаянна пісаць у Вільнюс, выбачайце, Вільню, бо помніў, як радавалася ягоная каханка, калі ў нашым коле заходзіла адна толькі размова аб ім. Вадзімір і пісаў ледзь не з прымусу, але досыць рэгулярна.
Толькі тут у нашу кампанію прыбілася Тэрэза. Даўгалевіч не ўтрымаўся. Калі тры лісты з Вільні засталіся без адказу, то чацверты прыйшоў да мяне. Там дапускалася што заўгодна — Даўгалевіч з'ехаў, захварэў, нават памер, але ж толькі не кінуў яе. Я пайшоў з лістом да Вадзіміра, ён абяцаў у той жа дзень адказаць і нават пры мне сеў пісаць. Потым забег, памахаў перада мной тоўстай капэртай і знік.
Як пасля ён мне прызнаўся: там была напісана адна праўда і пра пачатак іхніх адносін, і пра тое, як я прымушаў яго апошніх паўгода пісаць лісты, пра тое, як ён сустрэў і пакахаў Тэрэзу, у канцы была просьба больш яму не пісаць.
Наступны ліст атрымаў я ад сваіх віленскіх сяброў. Яны паведамлялі, што адна нашая агульная знаёмая паэтка тыдзень таму спаліла ўсе свае рукапісы, ліставанне і ўжыла смяротную дозу соннага. Што пахаванне ўжо адбылося, але паведаміць мне тэлеграмай у час яны не паспелі, за што прасілі прабачэння.
Так і не засталося пасля яе аніводнай публікацыі. Дарэчы, большасць з вершаў, дадам, лепшых, у Вадзіміра — пераасэнсаванне яе паэзіі. Ён працягваў пісаць за яе. Гэта, дарэчы, і ўражвае ў іх: жаноцкі светапогляд, але пададзены мужчынам. Я, калі шчыра, такога больш ні ў кога не сустракаў.
Тэрзза вам, відаць, расказала, як я біў Даўгалевіча,— у той дзень да мяне прыйшоў ліст. Тэрэза не ведае, што стаіць за ўсім гэтым. Мы ёй зманілі, маўляў, не падзялілі гісторыі нашых народаў. Я баяўся, каб самагубства не паўтарылася ні з боку Тэрэзы, ні з боку Вадзіміра. Але ж абышлося. Толькі Вадзімір з таго часу пачаў піць.
Ён усе тлумачыў мне, што здзяйсняе гэтым самагубства, толькі расцягнутае ў часе, каб паспець адпакутаваць за свае грахі. Можа, мне падалося, але, відаць, ён сапраўды пакахаў тую дзяўчыну пасля яе смерці і толькі перанёс пачуцці на Тэрэзу. Таму, хутчэй за ўсе, і не ажаніўся з ёю. Бо не любіў сустракацца, затое любіў пісаць лісты, нават калі мы жылі з ёю ў адным інтэрнаце. Пісаў на самай справе не Тэрэзе, а нябожчыцы, якую кахаў.
Кяльміцкас змоўк, і ў кабінеце ўсталявалася маўчанне. Я не запісаў за ім ні слова, адно накрэсліў уніяцкі крыж на паўаркуша.
— Як было імя той дзяўчыны? — парушыў маўчанне Сак.
— Я знарок не згадаў яго,— Кяльміцкас скрыжаваў рукі,— для вас, беларусаў, яно нічога не азначае. Лепш давайце вернемся да справы, я толькі хацеў даць тлумачэнні напружанасці ў сваіх з Вадзімірам адносінах, і толькі.
— Вы ўпэўнены, Маршанская не ведала пра гэта? — спытаў Сак.
— Хутчэй за ўсе. Інакш расказала б вам, ёй утойваць няма сэнсу.
— У адным выпадку есць — калі забіла яна сама. Але вернемся да нядаўніх падзей. Што вы рабілі самі і што заўважылі пасля таго, як мы скончылі гуляць у карты?
— Адразу ж пайшоў да сябе, хацеў пераапрануцца да вячэры. Дзверы я не зачыняў — сеў папаліць, пакой невялікі, а акно адчыняць — холадна. Спачатку прайшла Тэрэза ад Гражыны да сябе, потым выйшла ў марынарцы, яшчэ раз завітала да Гражыны і, відаць, пайшла на шпацыр. Я чуў, як спускалася сходамі і як зачыніліся ўваходныя дзверы.
Я дапаліў і пайшоў на кухню ўзяць перакусіць — не магу піць нашча. Калі вярнуўся, зазірнуў у прылазнік, хацеў пераканацца, ці выйшаў Даўгалевіч. Спачатку пагрукаў — ніхто не адказаў. Прачыніў дзверы — Вадзіміраў ручнік і халат ляжалі на лаўцы.
— У саму лазню вы не заходзілі?— Сак пільна глянуў Эдмундасу ў вочы.
— Не.
— І значыцца, не ведаеце, ці быў ён яшчэ жывы на той час?
— Не ведаю, бо адразу пайшоў да сябе і лёг адпачываць.
— Дзверы ў прылазнік за сабой вы зачынілі?
— Дзверы?— Эдмундас намысліўся.— Не, рукі ў мяне былі занятыя — келіх з мінералкай і канапка, дзверы я адчыніў плячом ды так і пакінуў.
— Гэта дакладна? — Сак, здавалася, знерухомеў.
— Дакладна. Яшчэ адно — я ляжаў, было ціха, толькі фонам да гэтай цішыні гучалі фісгармоніі і спеў. Потым на мансардзе адчыніліся дзверы, нехта прабег на ніз, і літаральна праз хвіліну, відаць, той жа самы чалавек, больш не было каму, ледзь чутна пракраўся калідорам назад, каб не рыпенне масніц, то крокаў бы я не пачуў.