— Вы, калі вярталіся, то не краталі дзвярныя клямкі на мансардзе?
— Не, я ж казаў, рукі былі занятыя.
— І апошняе пытанне. Вы каго-небудзь падазраяце?
— Ува ўсіх можна знайсці матывы, але ж ні ў кога не было дастаткова важкіх падстаў да гэтага. Адна справа забіць у афекце, другая — планаваць забойства за некалькі дзён. Не, нікога канкрэтнага не падазраю. Гражыну не бяру ў рахубу, бо яе практычна не ведаю. Тут лепш спытацца ў Марціна.
Самыя напружаныя адносіны былі, відаць, у Даўгалевіча з Маршанскім, і бытавыя, і ў мастацтве. Маршанскі апошнім часам нечага дамагаўся ад Вадзіміра. Нейкія фінансавыя справы, як мне вядома. Але ж лепш пра гэта распытайце яго самога. Я паклічу,— Эдмундас устаў.
— Калі ласка,— Сак таксама ўстаў,— але ж няхай зойдзе не адразу. Добра?
— Добра,— Эдмундас выйшаў.
— Не вельмі я даю веры гэтай гісторыі,— Сак пачаў хадзіць па пакоі,— не такі быў чалавек дзядзька Вадзімір, не такі. Хто яшчэ можа пацвердзіць ягоныя словы — міфічныя віленскія сябры? Паспрабуй спытай у іх. Адно ясна — быў выпадак, калі Эдмундас ужо раз ледзь не забіў Даўгалевіча, але перашкодзіла Тэрэза, таму ён адносна і падстаўляе яе пад падазрэнне. Нібыта яна толькі цяпер даведалася пра ўсе і вырашыла адпомсціць. Ці не сам ён прыдумаў гэтую гісторыю і ўвёў у вушы Тэрэзе, каб пасварыць іх з Даўгалевічам, але перабраў і тая забіла?
Наогул сяброўства Эдмундаса і Вадзіміра — дзіўная рэч. Яны ж не цярпелі адзін аднаго; Ім было цесна побач у нашай гісторыі. Але і той, і той — пісьменнікі з лепшых, гэта прымушала быць разам. Можа, зайздрасць? Бо ў Эдмундаса ніколі не было маральнай праваты ў спрэчках з Даўгалевічам, ён жа фальсіфікатар гісторыі, толькі Вадзімір мог абгрунтавана давесці гэта, бо яны займаліся аднымі і тымі ж праблемамі. Але чамусьці не рабіў гэтага публічна, а толькі ўшчуваў па-сяброўску. Можа, Эдмундас і шантажыраваў яго самагубствам той паэткі? Маўчанне за маўчанне.-Бо адразу ж і распавёў нам з падрабязнасцямі — бачце, якая свалата ваш Даўгалевіч, дзяўчыну загубіў. Хто яго за язык цягнуў? Ён так упэўнена па чужым доме ходзіць, што яму і пасля забойства ў галаву не прыйдзе красціся.
— Ты лічыш, Тэрэза чула, як Эдмундас прачыніў дзверы ў лазню? Але ж быў нехта другі, хто пракраўся калідорам і пакратаў клямку ў Гражыніным пакоі, пра яго згадваюць усе.
— Ім мог быць той жа Эдмундас, першы раз пайшоў у разведку, упэўніўся, што ўсе нармальна, а другі раз крадком і ў лазню, з нажом у руцэ. Калі хто ўбачыць яго па дарозе назад, то будзе цяжка давесці: ішоў ён першы раз ці другі.
— Разумееш, Мікола,— з цяжкасцю вымавіў я імя, бо за вочы звык заўсёды называць яго Сакам,— мне бліжэй версія з Маршанскім, ён адзіны, хто думаў, што Гражына пайшла на двор, і таму, натуральна, захацеў у гэтым упэўніцца.
— Шчыра кажучы, я і сам схіляюся да гэтай думкі,— Сак уздыхнуў,— бо Тэрэза не магла не бачыць забойцу, калі той заходзіў у лазню. Але цішэй, чуеш, да нас падымаецца Маршанскі, садзіся за стол.
Сямён Маршанскі імпэтна зайшоў у кабінет, мінуў крэсла і сеў побач з Сакам на канапу. Было бачна, як ён хваляваўся: пастаянна то сціскаў, то расціскаў кулакі. Ягоны твар пакрывалі дробныя пацеркі поту, і колца чорных валасоў прыклеілася да вільготнага лба.
— Мікола,— шпарка пачаў ён,— я ведаю, хто забіў. Гэта Кяльміцкас, ён, толькі ён мог. Падумай сам. Тэрэза з Гражынай былі разам на вуліцы, яны не маглі. Вы з Марцінам таксама сядзелі разам. І толькі я ды Кяльміцкас заставаліся на мансардзе. Кожны паасобку, Ледзь жанчыны сышлі, я зачыніўся ў пакоі і нікуды не выходзіў, ляжаў, хацеў заснуць. І тады пачуў, як выйшаў на калідор Кяльміцкас, спусціўся на ніз і праз пару хвілін вярнуўся, а потым зноў — чую — выйшаў, але цяпер ціха, не так нахабна, як заўсёды, пракраўся туды і назад. Нашто было яму красціся? Ён, відаць, вам сказаў, што выходзіў адзін толькі раз, але ж я ведаю — двойчы выходзіў. Акрамя нас, нікога ж на мансардзе не было.
Сак выцягнуў цыгарэту з майго пачка і прыпаліў.
— Так ты, Сямён, дакладна ўвесь гэты час не выходзіў з пакоя?
— Вядома, не. Нашто мне па доме швэндацца?
— Шкада толькі, ніхто гэтага не зможа пацвердзіць.— Сак пусціў дым пад столь. — Я чуў, нібыта апошнім часам у цябе былі нейкія фінансавыя рахубы з Вадзімірам.
— Былі, пазычаў невялікія грошы, не першы ж раз, на дачу, ніяк не можам з Тэрэзай дабудаваць. Пазычаю — аддаю, аддаю — пазычаю.