— На дачу невялікіх грошай не пазычаюць,— упэўнена сказаў Сак.
Маршанскі як не пачуў яго:
— Мікола, падумай, ды хто з нашых, беларусаў, на яго руку мог узняць, што б там ні было: грошы, каханне, помста. Ён жа для ўсіх нас перш за ўсе вялікі пісьменнік, гонар нацыі, і ўсе нашыя звары лухта ў параўнанні з тым. Адзіны, для каго Вадзімір быў проста чалавекам,— Кяльміцкас, яму без розніцы — ты, я ці ён, што яму да нашай культуры, ён жа літовец.
Сак гучна ляснуў далоняй па калене, Маршанскі адразу сціх.
— Ды і ты, Сямён, не беларус, а яшчэ і пішаш па-расейску, цябе таксама культура нашая не абыходзіць. Хто б казаў, толькі не ты.
Маршанскі пачырванеў, рэзка ўстаў, сеў, сціснуў кулакі, зноў падхапіўся.
— Я сказаў, што ведаў, папярэдзіў — забойца Кяльміцкас, можаш думаць як хочаш. Усе адно не табе вырашаць, хто вінаваты, на гэта дзяржава есць,— ён сарваўся на крык і выбег з пакоя.
На нізе было ціха. Здавалася, мы, я і Сак адны не толькі ў доме, але наогул у свеце. Бо свет замыкаўся туманам за шклом, непранікальным ні для зроку, ні для нашых галасоў. Рытмічнае стракатанне электрастанцыі стварала ўражанне — дом вісіць, узважаны ў гэтым тумане, і адно ледзь чутна вібрує. Можна было адчыніць дзверы, выйсці на вуліцу, але нашто і куды? Сэнс рухаў, учынкаў знікаў за парогам, разняты туманам і цемрай.
Жыццё было толькі ў доме, але частку яго — лазню — ужо апанаваў туман, ён уліўся скрозь адчыненыя вокны, змяшаўся з парай над яшчэ цеплаватай вадой басейна і нават сачыўся скрозь шчыліны дзвярэй, незаўважна, спакваля паланіў дом і гасцей.
— Баліць,— Сак абхапіў галаву рукамі,— баліць. Бачыш, Марцін, сябры, сябры, а як пачнеш разбірацца, то кожны забіць мог. Колькі часу?
Я зірнуў на ўманціраваны ў секрэтэр масіўны гадзіннік.
— Чвэрць на трэцюю.
— Трэба адпачыць,— Сак расціраў скроні,— падумай, як прымусіць Тэрэзу сказаць праўду? І дзе падзеўся дзённік? Як яго не стае. Мы чулі толькі адзін бок, а ў самога ж Вадзіміра таксама былі нейкія меркаванні. Хаця б наконт лістоў з пагрозамі. Там павінны быць усе апошнія размовы з ім, хто і пра што. Але ж давядзецца абысціся без яго. Давай, Марцін, пойдзем на ніз, нас чакаюць.
У гасцёўні ярка гарэла святло, толькі ўсе адно яно выдавала нейкім нежывым з-за кантрастных нерухомых ценяў.
Гражына з Тэрэзай моўчкі сядзелі ля каміна і палілі. Кяльміцкас стаў спінай да нас і глядзеў у чорнае шкло акна. Адзін толькі Маршанскі сядзеў за сталом.
Сак спыніўся ў дзвярах.
— Панове, мы з Марцінам уважліва выслухалі ўсіх вас. Дзякую за шчырасць, з якой вы гаварылі. Але ж есць падставы думаць, што двое з вас сказалі не ўсю праўду. Да таго ж мне трэба яшчэ раз супаставіць усе паказанні, бо ў некаторых месцах яны розняцца, каб потым мэтанакіравана ўдакладніць дэталі. Таму ў мяне есць прапанова: зараз разысціся па пакоях, каб кожны сам-насам яшчэ раз узнавіў у памяці падзеі сённяшняга дня і ночы. Прапаную сабрацца тут, на нізе, праз гадзіну, а палове чацвёртай, і давесці справу да канца ўсім разам.
— Калі ты маеш на ўвазе мяне,— Тэрэза ўстала,— то я расказала ўсе, што ведала, мне ўспамінаць няма чаго.
Мы адзін за адным падняліся наверх.
Маршанскі адчыніў дзверы ў свой пакой і хацеў прапусціць наперад Тэрэзу.
— Выбачай,— сказала яна,— мне трэба пабыць адной. Ты, Мікола, не супраць, калі я займу на гэты час Вадзіміраў кабінет? — звярнулася яна да Сака.
— Як табе лепш, так і рабі,— Сак сцепануў плячыма і падаўся да сябе.
Кяльміцкас стрымана кіўнуў нам і зачыніў дзверы. Мы з Гражынай засталіся адны ў калідоры.
— Мне трэба перамовіць з табою,— сказаў я.
— Не зараз,— Гражына паклала руку на клямку,— перад гэтым мне неабходна падумаць, пабыць сам-насам. Дзякуй, што не згадаў пра той аўтограф. Прыходзь праз паўгадзіны, пагаворым, спадзяюся, табе хопіць гэтага часу?
— Я спадзяюся таксама.
— Тады да сустрэчы,— Гражына паправіла на плячы сваю заўсёдную торбачку.
Я ляжаў на спіне і глядзеў на матава-жоўты шар свяцільніка. Ад доўгага ўзірання часам пачынала здавацца, што перада мною не столь, а падлога, што свяцільнік ператварыўся ў яскравы паветраны шарык, які рваўся да мяне ўгару, а яго ўтрымліваў доўгі спіральны дрот. Відаць, сапраўды, я, як і ўсе людзі, не прызвычаены падоўгу глядзець угару. Свядомасці такое не пад сілу, і яна зноў зрабіла верх верхам, а дол долам. Вонкава не змянілася нічога. Тыя ж рэчы, на тых жа месцах, змянілася адчуванне, змянілася арыентацыя майго «я» ў прасторы, мае адносіны да ўсяго і тое, што прыцягвала мяне, пачынала адштурхоўваць.