Але адзін рух, і ўсе стала на звыклыя месцы — я сеў, выцягнуў перад сабою рукі і зірнуў на гадзіннік. Да прызначанага Гражынай часу заставалася дзесяць хвілін. Якраз выпаліць цыгарэту,— падумалася мне.
Я пацягнуўся па пачак і скінуў са стала запалкі. Тут нечакана згасла святло. Я прыслухаўся — не, электрастанцыя па-ранейшаму мерна гула, нават набірала мацнейшыя абароты, відаць, электрычнасць адключылася ва ўсім доме. Генератар круціўся ўхаластую.
На калідоры асцярожна шчоўкнула клямка, і пачуўся сцішаны жаночы крык.
Я ўскочыў з ложка, кінуўся да дзвярэй, але не зарыентаваўся ў суцэльнай цемры і некалькі секунд абмацваў сцяну, нарэшце пад дзвярыма бліснула, я адшукаў клямку.
На калідоры мяне адразу асляпіла святло. З адчыненых у Гражынін пакой дзвярэй мне проста ў твар свяціў электрычны ліхтарык. Раптам сляпучы дыск зрабіў дугу і імкліва наблізіўся — ліхтар трапіў мне ў пераноссе, грымнуўся на падлогу і згас.
Закрычала Гражына. Пачуўся тупат. Заляскалі дзверы. Нехта сутыкнуўся са мной і адразу ж адскочыў назад:
— Хто тут?
Я пазнаў Кяльміцкаса па голасе.
— Гражына! — крыкнуў я і прыклаў руку да твару, адчуў пальцамі ліпкасць крыві.
— Здаецца, жывая,— сцішана пачулася з глыбіні пакоя.
— Што такое, чаму згасла святло? — пачуў зусім побач Сакаў голас, чыркнула запалка і высвеціла ягоны твар. Запалка наблізілася да мяне, я адняў руку і агледзеў акрываўленыя пальцы.
— Нармальна,— адзначыў Сак,— рухавік працуе, відаць, нехта адключыў аўтаматычны засцерагальнік, гэта на нізе, я ведаю дзе, пайшлі на кухню,— Сак глыбока ўздыхнуў. Запалка дагарэла, і ён чыркнуў новую.
На кухні, покуль Сак шукаў электрашчыток, я адкруціў кран. Зімная вада прыемна астуджвала разбіты нос, кроў хутка спынілася. Нарэшце пераключальнік шчоўкнуў; і зноў запалілася святло.
— Ты не паспеў заўважыць, хто там быў? — спытаў Сак, калі мы вярталіся на мансарду.
— Нават не зразумеў, што здарылася.
Усе стаялі на калідоры. Гражына прытулілася да шула і расцірала шыю рукою.
— Што канкрэтна здарылася? — Сак адсунуў убок Кяльміцкаса і падступіўся да Гражыны.
— Мяне душылі. Згасла святло, і адразу ж нехта ўварваўся да мяне. Я толькі бачыла ліхтарык, ён свяціў у вочы, сляпіў. Потым святло знікла, і нехта схапіў мяне за шыю, пачаў душыць. Потым, відаць, Марцін выйшаў на калідор. Тады я не разумела, што адбываецца, а гэты нехта кінуўся ўцякаць, я чула грукат, пасля мяне паклікаў Марцін.— Тут яна толькі заўважыла.— Чаму кроў на кашулі?
— Не страшна, яна ўласная. Саданулі ліхтаром у нос, я падбіў яго нагой. Пасыпалася шкло.
— Ты кажаш, нехта пачаў душыць.— Сак сцішыў голас.— Гэта быў мужчына?
— Мне так падалося. Выбачайце, мне блага, раскажу ўсе падрабязна потым,— Гражына ледзь бачна падміргнула мне і зачыніла дзверы.
— Яна сказала,— Кяльміцкас задумаўся,— святло згасла, і адразу ж нехта ўварваўся. Выбачайце, каб выключыць рубільнік на кухні і падняцца наверх, патрэбны час. Як быць з «адразу ж»?
— Вельмі проста,— я нахіліўся і падняў з дывана складзеную ў некалькі столак паперку, з якой вытыркаліся два разведзеныя на шырыню штэпсельнага раз'ёму канцы прутка ад вялікай канцылярскай скрэпкі.— Бярэш і ўтыкаеш у разетку, тут жа, на калідоры. Замыканне — аўтамат на нізе выбівае.
— І мне яшчэ будуць даводзіць — злачынства зрабіла жанчына,— Тэрэза гучна зачыніла дзверы кабінета.
— Трымайся,— сказаў Сак і ўзяў у мяне паперку з сагнутым прутком.— Збяромся на нізе, як прызначылі, а ты, хлопец,— зноў звярнуўся ён да мяне,— павартуй дзеўку, каб не паўтарылася.
Калі я застаўся на калідоры сам, то пагрукаўся да Гражыны.
— Заходзь, Марцін,— яна сядзела, падкурчыўшы пад сябе ногі на вузкай, што стаяла пад самым нізам скошанай столі, канапе. Я сеў на адзінае крэсла. У цесным пакоі мы апынуліся зусім побач.
— Пакажы шыю,— сказаў я.
Гражына адняла руку. Шыя як шыя, ні драпін, ні слядоў ад пальцаў.
— Нагледзеўся? — Гражына ўзяла і абкруцілася баа.— Ці павярнуцца? Са спіны тое ж самае.
— Кажаш, душылі?
— Не,— яна хітнула галавой,— нават не збіраліся. Ён, ці для дакладнасці яно, ужо ўцёк ці ўцякло, калі ты выйшаў на калідор. А да мяне нават пальцам ніхто не дакрануўся. Усе адбылося інтэлігентна. Асляпілі святлом, выхапілі з рук што трэба, і ўсе. Калі б не твой нос, можна было сказаць, абышліся шляхетна.
— Так што ж знікла?
— Не здагадаўся? Я думала, свядома ўкрываеш мяне, а ты па недасведчанасці.
— Я здагадваюся, толькі лепш раскажы сама.
— Што знікла? Што знікла? Даўгалевічаў дзённік, вось што. Думаеш, чаго я з гэтай торбачкай насілася, як дурніца? — Гражына злосна адсунула яе на самы край канапы.— Баялася, каб касметыку не пакралі? Там ляжаў дзённік, Даўгалевічаў, яшчэ дзесяць хвілін таму.