Выбрать главу

— Дзевяць,— я ўдакладніў па гадзінніку.

— Як хочаш. Калі ўсе кінуліся ад стала ў лазню, на мяне як азарэнне найшло, унутраны голас сказаў —ратуй дзённік. Я і пабегла наверх. Сшытак ляжаў на стале.

Раптам пачула — бягуць наверх. Нават не паспела зразумець, а рукі самі дзённік у торбачку, торбачку ў акно, дзякуй Богу фортачка была адчыненая. Ледзь паспела адскочыць, тут убег ты з Сакам. Ён мяне тады каля возера і напалохаў, бо думала: забойца паціху выйшаў, каб торбачку з дзеннікам забраць, а саму ў возеры ўтапіць. Зручная сітуацыя была! Ты б сам усіх потым пераканаў — так, сама ўтапілася, з гора.

— А што там напісана?

— Я толькі чытаць пачала. На першай старонцы. Не было ж калі, хавалася. Там запісы за два дні да забойства пачынаюцца. Відаць, стары дзённік у Менску застаўся, а новы ён у Доме творчасці распачаў. Чытала пра нас з табою. Дакладней, пра цябе, мяне ён толькі раз узгадаў. Нібыта ты пішаш, як жывеш. Усе пішуць аб тым, як жывуць, а ты — як жывеш. Адчуваеш розніцу — аб тым і як?

— Ён памыляўся, наадварот, я жыву, як пішу. А больш нічога карыснага ты не вычытала?

— Не паспела, толькі прагартала. Сустракаюцца прозвішчы ўсіх нас і цэлы раздзел з Маршанскім, вельмі размашыстае прозвішча, адразу кідаецца ў вочы.

— З ліхтаром кідаецца ў вочы? — я крануў пераноссе.

— Думаеш, ён?

— А ты?

— Не ведаю, я ж не следчы і допыты не вяду, проста знаходжуся пад следствам.

— Але адно злачынства за табой есць — крадзеж рэчавых доказаў. Усе нібыта сыходзіцца, але ж не Маршанскага стыль, зашмат рамантыкі. Ён не так піша сваю крытыку, нічога лішняга, нічога звыш неабходнага і дастатковага. Можа, гучыць несамавіта, але такое ўражанне, што забойства здзейснена па сцэнарыі самога дзядзькі Вадзіміра. Туман, ноч, выспа, нож, крадзеж дзенніка, таемныя лісты, нават каханне ёсць.

— Я не крала, а ратавала. А за табой таксама адно злачынства,— Гражына зрабіла спробу ўсміхнуцца,— утойванне ад следства акалічнасцей.

— Ад следства? Я сам яго праводжу. Утойваю ад сябе? Нават калі б хацеў...

— Так ты не хочаш?

— Можаш запісаць на мой рахунак яшчэ адно злачынства: пра дзённік я таксама не раскажу.

— Проста так? І самому сабе таксама?

— Ты ж не раскажаш пра мае два злачынствы, змоўчыш за адно твае.— Я нахіліўся і пацалаваў Гражыну ў вусны.

Яна адсунулася да сцяны.

— Гэта амаральна, зараз.

— Затое не самае жахлівае з таго, што дзеецца ў гэтым доме,— я паклаў ёй рукі на плечы.— Ну?

— Не магу зараз,— Гражына ўзяла мае далоні ў свае.

— Хачу пацалаваць, а не магу. Вось бачыш,— яна ўсперлася рукой на край канапы і дакранулася вуснамі да маіх.— Не магу. Добра, што нас ніхто зараз не бачыць, у мяне, відаць, страшэнна пакутлівы выраз твару.

Раптоўна шчоўкнула клямка, Гражына рванулася да сцяны. ~ г

У парозе стаяў Сак.

— Хлопцы,— сказаў ён,— хадзем на ніз, наўрад ці вы чакаеце пабачыць тое, што я вам пакажу. Хаця нехта ж гэта ўчыніў.

— Перапыніў на самым цікавым месцы,— я выйшаў следам за Сакам.

Святло гарэла ва ўсім доме, і, відаць, гасіць яго ніхто не збіраўся.

Сак спыніўся ў дзвярах гасцёўні, счакаў, покуль Гражына падыдзе, і тады рэзка расхінуў дзверы:

— На стол глядзіце, на стол.

На цёмным, у рэдкія белыя палосы абрусе ляжаў сшытак.

— Дзённік? — чамусьці ў мяне спыталася Гражына.

— Ён самы,— Сак жэстам запрасіў нас да стала.

— Адкуль ён тут? — Я адгарнуў першую старонку, дзённік пачынаўся наклеенай выняткай з газеты аб стане надвор'я, чырвоным алоўкам было падкрэслена: «На паўночным захадзе рэспублікі — туман».

— Сам хачу ведаць. Мо хто з вас растлумачыць?

Гражына незаўважна наступіла мне на нагу. Я паціснуў плячыма.

— Забойца падкінуў,— Гражына зняла нагу,— спачатку ўкраў дзённік, потым прачытаў, выявіў, што нічога аб ім там няма, затое шмат памылковых версій і, каб падставіць іншых,— падкінуў. Я мяркую так.

— Даволі слушна, я і сам схіляюся да гэтай думкі,— Сак падсунуў дзённік да сябе.— Але можна паразважаць і ў іншым кірунку. Дзённік мог украсці не толькі забойца, адно з умовай — гэты нехта павінен быў ведаць аб смерці Даўгалевіча раней за астатніх, спужаўся, што абвінавацяць яго, і нікому пра гэта не сказаў, а на ўсялякі выпадак, перш чым аб забойстве даведаліся ўсе, вырашыў праглядзець дзённік. Далейшая схема — што і раней. Нічога там не знайшоў і цяпер падкінуў.

— Выбачай, Мікола,— сказаў я,— ты выпускаеш адзін момант. Хто душыў Гражыну і пабіў мне твар?