— Нічога не ўпускаю, наадварот, стараюся састыкаваць факты. Глядзіце: дзённік забраў выпадковы чалавек. Яшчэ да забойства. Можа, нават і Тэрэза, з цікаўнасці, каб пачытаць, злачынства невялікае, у рэшце рэшт, яны б з Вадзімірам потым паразумеліся. Але потым, калі кожны ўчынак набыў пасля забойства іншы сэнс, засталося адно выйсце — прыхаваць дзённік. Сапраўдны забойца пачынае паляваць за ім, думае, што яго ўзяла ты, Гражына, і таму спрабуе цябе злёгку прыдушыць, каб ты аддала сшытак. Пасля гэтага здарэння Тэрэза вырашае падкінуць дзённік, каб не ствараць сітуацыі для наступнага забойства.
— Не стасуецца,— я паклаў руку на сшытак,— у такой сітуацыі забойца павінен ведаць — Гражына спазнілася забраць дзённік і трэба шукаць у іншых, а калі ён свядома пакінуў запісы на стале, то яму без розніцы, у каго яны зараз. Хутчэй за ўсе Гражына ведае нейкую акалічнасць, і забойца быў зацікаўлены знішчыць яе разам з ведамі ці проста ён так мяркуе.
— На самой справе і я прытрымліваюся такой думкі, нават ведаю дакладна, хто забіў, здагадваюся чаму. Зараз усе збяруцца тут, і я паспрабую давесці слушнасць сваіх меркаванняў. Дай Бог, каб у дзенніку знайшлося пацвярджэнне,— Сак разгарнуў сшытак і стаў чытаць, на момант узняў вочы.— Ты, Гражына, не хвалюйся, цябе я выкрасліў з чорнага спісу.
— А я з гэтай нагоды і не хвалявалася. Мне проста прыйшла ў галаву яшчэ адна версія забойства. Нехта хацеў проста напужаць Даўгалевіча, паздзекавацца з яго, падстаў, як бачыце, хапала. Спачатку даслаў ліст з пагрозай, украў нож, разрадзіў акумулятар радыёстанцыі, але ўсе гэта было не ўсур'ёз, на узроўні жарту, а нехта другі скарыстаў магчымасць і забіў. Жарт перарабіў на злачынства. Зрабіў першага сваім саўдзельнікам, давёў ягоную справу да лагічнага завяршэння. І калі мы будзем адкручваць падзеі з пазіцый логікі, то выйдзем на таго, хто дасылаў ліст, а забойца застанецца па-за ўвагай.
— Можа, і так,— прамармытаў заглыблены ў чытанне Сак,— можа, і не так. Ведаеце, тут адно ў адно цэлы раздзел пасуе да маіх разваг, я зразумеў, хто забіў, і змагу гэта давесці.
За дзвярыма пачуліся крокі, і ў гасцёўню ўвайшлі Кяльміцкас з Маршанскім.
— Вы заходзілі да Тэрэзы? — Сак паклаў дзённік на сярэдзіну стала.
— Так, яна зараз будзе,— Кяльміцкас адказаў не адразу, а паглядзеў на Маршанскага, але той моўчкі абышоў стол.
Неўзабаве з'явілася Тэрэза, здалёк макіяж яшчэ маскаваў пачырванелыя ад слезаў вочы, але зблізку гэтага нельга было не заўважыць. Яна села побач з Кяльміцкасам.
Сак няспешна падняўся.
— Панове, калі я прыйшоў сюды, то на стале ўжо ляжаў гэты сшытак — дзённік Вадзіміра Даўгалевіча. Нехта з вас паклаў яго на гэтае месца перад маім прыходам. Зараз я не буду спыняцца на тым, хто і нашто яго сюды паклаў, дзе ён быў пасля таго, як знік з пісьмовага стала ў кабінеце. Гэта будзе ясна, калі я назаву імя забойцы, а вашыя сведчанні і змест дзенніка дазваляюць мне гэта зрабіць.
Сак на хвіліну замоўк. Тэрэза схіліла галаву. Маршанскі сціскаў у кулаках край абруса, нібыта збіраўся пацягнуць яго да сябе. Адзін толькі Кяльміцкас спакойна выцягнуў з кішэні цыгарэту, уставіў яе ў муштук, прыпаліў. Пах араматызаванага тытуню нагадаў мне водар свечак на пахаванні.
— Панове,— Сак высока над галавой узняў сшытак,— тут Вадзімір згадаў пра ўсіх прысутных, перадаў размовы, што адбыліся сам-насам. Запісы ахопліваюць толькі два дні: семінар і наш прыезд на выспу. Сам Даўгалевіч не падазраваў нікога, ён не браў усур'ёз ліст з пагрозамі. Я прачытаю апошні запіс, апошняе з напісанага ім, на гэтым дзённік канчаецца,— Сак перагарнуў сшытак і зачытаў гучным голасам, ад якога звінелі келіхі ў бары: «Некаму мала таго пекла, што існуе ў маёй душы вось ужо столькі гадоў, мала маіх пакут, ён хоча памножыць іх, прымусіць мяне баяцца смерці. Толькі дарма, хто пагражае, той не насмеліцца здзейсніць пагрозу. Звяліся людзі, здольныя забіць ворага, звяліся не толькі паміж маіх праціўнікаў, але, на жаль, і паміж сяброў. Мы развучыліся любіць, кахаць і ненавідзець па-сапраўднаму, мы можам толькі цалавацца з каляжанкай у абедзенны перапынак, дасылаць віншавальныя паштоўкі з пажаданнямі, брахаць з-за рога і пісаць ананімкі. Дзякуй Богу, што нас хапае хаця б на гэта».
Але вернемся да пачатку запісаў. Пасля разваг аб літаратуры і розных занатовак узнаўляецца першая размова сам-насам, якая адбылася ў яго з Тэрэзай Маршанскай, вось што напісана аб гэтым: «Сёння шпацыравалі з Тэрэзай. Мы не бачыліся некалькі дзён, за якія нічога не адбылося ні з ей, ні са мной. Яна расказвала неабавязковыя гісторыі аб нашых знаёмых. Я, дзе трэба, усміхаўся, дзе трэба, спачувальна ківаў галавою. Карацей, мы абое ўдавалі, нібыта нас нічога не лучыць, акрамя гэтых гісторый. Калі мы спусціліся да ракі, Тэрэза раптам абарвала размову і пасур'ёзнела.