Выбрать главу

— Што здарылася? — спытаў я, хаця добра разумеў прычыну.

— Вадзімір,— сказала яна (людзі заўсёды, калі хочуць чаго-небудзь для сябе асабіста, пачынаюць называць другіх па імю).— Вадзімір, хочаш, я развядуся з Маршанскім, і мы ўвесь час будзем разам.

— Нашто?

— Ты ж не пішаш апошнім часам. Ты ўжо не кахаеш мяне.

— Кахаю, таму і не дазваляю табе развесціся.

— Кахаеш,— Тэрэза звузіла вочы,— я ведаю праўду, ты ніколі не кахаў мяне. Гэта твая бездапаможная жаласлівасць, ты ўсіх баішся пакрыўдзіць. Я ж ведаю цябе даўно. Ты калі пацалуеш дзеўку, то ўжо лічыш сябе абавязаным з ёй ажаніцца, не менш. Мне Эдмундас расказаў сёння. Твая жаласлівасць тычыцца ўсіх, толькі не мяне, нават нябожчыкаў, якім усе роўна, з кім ты зараз.

Я пачаў суцяшаць яе, сказаў, нібыта тую гісторыю сам прыдумаў і расказаў Эдмундасу, каб апраўдаць свой кепскі настрой пасля перапою, але перастараўся, і ён паверыў. Я папрасіў у Тэрэзы час, каб падумаць. Яна дала мне веры на адзін дзень. А на развітанне сказала:

— Калі ты не дасі згоды, я заб'ю цябе.

Самае цікавае, што сказала яна гэта звычайным тонам, як кажуць: «Добра, мы сустрэнемся заўтра».

Сак скончыў чытаць і глянуў на Тэрэзу.

— Спадзяюся, ніхто не ўзяў маю фразу ўсур'ёз?— яна так і не ўзняла галаву.

— Далей — болей,— працягваў Сак,— вось паслухайце, сустрэча з Кяльміцкасам:

«Мы сустрэліся з ім на сходах. Мы былі як на сцэне, перад вялікай залай сталовай. Толькі яшчэ ніхто не глядзеў на нас, пачалі мы з шэпту, але скончылі крыкам.

— Чаго ты нагаварыў Тэрэзе? — спытаў я даволі стрымана.

— Ты пра што? Я шмат гаварыў з ёй. Які момант расказаць?

— Мы ж дамовіліся з табой, яе ні ў якія звады не ўцягваць,— ягонае нахабства пачынала злаваць мяне.

Так мы спрачаліся хвілін пяць усе грамчэй і грамчэй, дайшло да таго, што я схапіў Эдмундаса за каўнер і пачаў трэсці. Тут, дзякуй Богу, падаспелі людзі і разнялі нас».

— Хвілінку,— Эдмундас узняў руку,— па-першае, я сапраўды расказаў Тэрэзе гісторыю пра Вадзіміра, але выдуманую, можаце праверыць, хай яна раскажа яе. А па-другое, не Даўгалевіч ухапіў мяне за каўнер, а я яго. Каб людзі не падаспелі, не ведаю, чым і скончылася б. Я хацеў аднаго, каб ты, Тэрэза, перастала дамагацца Вадзіміра, яму і так не давалі спакойна жыць. Гэта твае дамаганні не давалі яму пісаць апошнім часам. Ён сам казаў мне: «Пасля сустрэч з Тэрэзай я нават і не спрабую садзіцца за рукапіс». А ты, калі не прыходзіла, то абавязкова званіла, і ён, каб пазбегнуць сустрэчы, напіваўся. Хаця позна гаварыць пра гэта, яго няма.

— Я не дачытаў,— Сак перагарнуў старонку,— тут яшчэ адзін сказ: «Перш чым мяне адцягнулі ад Эдмундаса, я паспеў сказаць, што напішу яшчэ артыкул пра тое, як ён фальсіфікуе гісторыю, хоць раз у жыцці ды паступлюся прынцыпамі — аддам яго не ў нашае, а ў саюзнае выданне, каб яго маглі прачытаць і ў Літве, хай пакруціцца».

— Так, сказаў гэтую фразу,— Эдмундас згасіў недапалак і схаваў муштук. Такі артыкул ён збіраўся пісаць, колькі я яго ведаю. Намер нерэальны. Задуманая публікацыя без спасылак на гістарычныя крыніцы немагчымая. А мае літаратурныя высновы настолькі ж розняцца ад сапраўднай гісторыі, як і ягоныя. Так што напісаць такое — азначала б напісаць данос на самога сябе. Літаратура таму і не называецца гісторыяй ці навукай. Ён гэта цудоўна разумеў.

— Я яшчэ не раблю высноў,— Сак шукаў вачыма патрэбны кавалак тэксту,— проста цытую дзённік. А, вось, знайшоў, цяпер Маршанскі: «Нарэшце споўніў просьбу Маршанскага, шкада, не магу адмовіць з-за Тэрэзы, зняў з ашчаднай кніжкі сто тысяч грошай і пазычыў яму на няпэўны тэрмін. Цікава: ён прасіў нічога не казаць пра гэта жонцы. І яшчэ цікавейшае: чым і калі ён зможа аддаць пазыку? Ці, можа, спадзяецца на маю раптоўную смерць? Хай сабе і так, грошы ў магілу з сабой не панясеш. Да таго ж аддаў не апошняе».

Тут яшчэ ёсць згадка аб Гражыне — але гэта толькі партрэтная занатоўка, не болей, развагі аб літаратуры, гэта ўсё да справы не мае дачынення. Нож і акумулятар наогул не згадваюцца.

Гэтак мы маем чатыры матывы забойства:

— Каханне і помста (Тэрэза).

— Забойства на глебе мастацтва (Кяльміцкас).

— Забойства з-за грошай (Маршанскі).

— Загадкавае забойства (Гражына).

Як пісьменніка мяне больш прывабліваюць каханне, мастацтва і загадкавасць, але як следчы я павінен аддаць перавагу фактам.