Выбрать главу

Сак закрыў дзённік:

— Тэрэза, ты ўпэўненая, што табе няма чаго нам сказаць?

Яна маўчала.

— Тэрэза, пасля таго, што ты пачула, табе ўсе адно няма чаго сказаць? — настойваў Сак.

— Наконт чаго? — Тэрэза нарэшце ўзняла галаву.

— Наконт грошай ты ведала?

— Сямён, гэта праўда ці Мікола правакуе мяне? — спытала яна ў мужа, але той не адказаў.

— Можаш прачытаць сама,— Сак падсунуў дзённік,— але ў мяне есць больш надзейны доказ,— ён паставіў на стол перапэцканы глеем дыпламат Маршанскага. — Ён закапаў яго на градах з паўгадзіны таму. Даўгалевіч перадаў грошы толькі ў Доме творчасці, і таму давялося вазіць іх з сабой, у дыпламаце. Пра гэта не ведаў ніхто. Было толькі чатыры радкі ў дзенніку. І ты, Сямён, паляваў за запісамі, каб знішчыць. Пакуль, відаць, Гражына, у якой ты не паспеў яго забраць, не падкінула сшытак на стол, бо ледзь не паплацілася за дапытлівасць жыццём. Забіць, каб прыўлашчыць грошы.

Маршанскі памкнуўся ўстаць:

— Тэрэза, не вер яму, гэта правакацыя.

Яна моўчкі накруціла код на зашчапках дыпламата і падняла вечка. Шчыльна складзеныя пачкі грошай у банкаўскім апакаванні, вольная прастора запхана газетамі.

— Я не казаў пра іх,— Маршанскі спалохана азіраўся,— бо пасля забойства, здзейсненага кімсьці з вас, гэтая пазыка набывала іншы сэнс. Нехта з вас хоча падставіць мяне, выкарыстаць абставіны. Гэтыя грошы і так перайшлі б да нас з Тэрэзай у спадчыну, паводле тастаменту, які склаў нябожчык. Мне забіваць не мела сэнсу.

— Бач ты яго, усе расклаў і нават чужыя грошы палічыў. Перайшлі б, але калі? Відаць, спатрэбіліся сёння? — Сак зачыніў дыпламат. — Табе і зараз няма чаго сказаць, Тэрэза?

— Я маўчала, бо не верыла. Ты, Мікола, меў рацыю, я казала не ўсю праўду. Тады знадворку праз акно лазні я ўбачыла Сямёна з паляўнічым нажом у руцэ, ён узмахнуў ім і шпурнуў у басейн. Тады я нічога не зразумела, але мяне ўразіў ягоны твар — акамянела-спалоханы. Усе, больш я не глядзела. — Тэрэза выбегла з пакоя.

— Я ўжо сказаў,— Маршанскі нікому не глядзеў у вочы,— гэта правакацыя. Нож мне падкінулі ў пакой. Я знайшоў яго і хацеў паказаць Вадзіміру. Я спусціўся ў лазню, але ён ужо быў нежывы. Я спалохаўся, так, я змоўчаў, бо абставіны былі супраць мяне, але я не забіваў. Вам цяжка зразумець, але вы не былі на маім месцы, я нават не паспеў падумаць, як шпурнуў нож у басейн. Я хацеў расказаць, як было, але баяўся. Вось і зараз сярод вас сядзіць сапраўдны забойца, які зрабіў так, каб усе сыходзілася на мне. Ты не маеш права судзіць, ты гэта разумееш, Сак?

— Сціхні,— Мікола ўстаў.

Маршанскага як паралізавала, ён ні пра што больш не пытаўся, нічога не даводзіў. Ён спакойна даў сябе замкнуць у кладоўцы пад сходамі. Важкі ключ ад такога ж важкага навяснога замка Сак паклаў сабе ў кішэню.

Разыходзіліся моўчкі. На развітанне Сак, калі ўжо стаяў у адчыненых дзвярах Даўгалевічавага кабінета, сказаў мне:

— Зайдзі да Тэрэзы, каб не здарылася чаго,— ён падсунуў дыпламат з грашыма пад папкі з рукапісамі ў кардонную скрыню і замкнуў дзверы.

Тэрэза глядзела ў акно.

— Не турбуйся, Марцін,— сказала яна,— са мной нічога не здарыцца, хопіць на адзін дзень і адной смерці.

На калідоры было пуста і да пранізлівасці ціха. Здавалася, што ўсё зроблена правільна. Сыходзіліся дэталі, пасаваў час і матывы забойства. Не мог я толькі паверыць у адно, у тое, што Маршанскаму быў патрэбны ўвесь гэты маскарад з лістамі, клоунскай капэртай. Але ж бачыла яго Тэрэза з нажом у лазні. Каму іншаму, а ёй маніць сэнсу няма. Ды і Маршанскі ад нажа не адмаўляўся.

І тады, калі ўжо крануў рукою клямку свайго пакоя, я раптам зразумеў, што да чаго, гэта не было ланцужковае пракручванне здарэнняў. Я проста супаставіў усе факты адразу. І яны склаліся ў цалкам паслядоўную, ідэальную сістэму. Я прыдзірліва выпрабоўваў на логіку кожны пункт сваей версіі і баяўся зварухнуцца, але яны кожны паасобку і ўсе разам былі нязрушныя.

Гражына прачыніла дзверы і няголасна запытала:

— Ты яшчэ доўга будзеш так стаяць?

— Чакай, здаецца, зразумеў, як было на самой справе. Ідзі адпачывай.

Я таргануў дзверы Даўгалевічавага кабінета. Яны былі замкнёныя.

— Хто? — спытаў Сак.

— Марцін.

— Заходзь.

Ён адамкнуў і сеў за секрэтэр. Я ўладкаваўся на краі канапы.

— Чым займаешся, Мікола?

— Не сплю.

Сак сядзеў спінай да мяне, паклаўшы галаву на сашчэпленыя рукі.

— Мы памыліліся,— сказаў я,— калі ўзялі Маршанскага пад замок, ён не забіваў. Я прыйшоў, каб ты пачуў праўду.

— Праўда ў тым,— стомлена сказаў Сак,— што Вадзіміра няма. Астатняе мяне больш не хвалюе. Я мушу разабрацца ў ягоных рукапісах. Ідзі адпачываць ці садзіся і дапамажы.