— А тое, што сапраўдны злачынца можа забіць кожнага з нас, цябе не хвалюе?
— Калі забойца — Маршанскі, то ён пад замком. А калі хто іншы — яму няма сэнсу забіваць. Ён будзе паводзіць сябе ціха-ціха. Ведаеш, Марцін, у мяне няма больш сілы корпацца ва ўсім гэтым. Ідзі лепш адпачні, супакойся. Табе трэба выйсці з ролі следчага,— Сак змоўк.
Я глядзеў на ягоную ссутуленую постаць за сталом і ніяк не мог распачаць — маўчаў. Дом зрэдку аказваўся гукамі. Рыпенне крокваў. Ледзь чутны ва унісон электрастанцыі звон шкла, тахканне гадзінніка. Цішыня выдавала ад гэтага штучнай.
— Не табе аднаму цяжка,— нарэшце прамовіў Сак,— ты ж хаця маеш да каго ісці. Гражына, відаць, таксама не спіць. Мы зрабілі што маглі, і можаш адпачываць. Хаця гэта і не самае лёгкае на сённяшні дзень. Табе цяжка паверыць у Маршанскага-забойцу? А мне яшчэ цяжэй сказаць тое ж пра Тэрэзу, Эдмундаса. Мы расклалі факты, і з іх вынікла праўда: Маршанскі — забойца. Чаго табе не стае?
— Ты маеш рацыю ў адным,— на мяне ціснула штучнасць навакольнай цішыні, і я казаў ледзь не шэптам,— мы расклалі факты, і з іх вынікла — Маршанскі забіў дзядзьку Вадзіміра. Але ж мы расклалі не ўсе факты, толькі тыя, якія пасавалі да гэтай версіі. А забойства планавалася загадзя. Як мінімум — за суткі. І факты, якія мы схапілі на самым версе, таксама маглі быць падрыхтаваныя. Каб забіць Даўгалевіча, Маршанскаму нож быў без патрэбы, як і ліст з пагрозамі, як і сапсаваная радыёстанцыя.
Бяром сітуацыю: моцна п'яны дзядзька Вадзімір сядзіць адзін у лазні, да яго заходзіць Маршанскі і па-сяброўску раіць, каб той працвярэзіўся, скупацца ў халодным басейне. Патапіць п'янага чалавека і не пакінуць слядоў на целе — справа не цяжкая. А потым выдаць усе за няшчасны выпадак. П'яны Даўгалевіч захлынуўся ў басейне. Давесці, што гэта забойства, было б потым цяжка, нават немагчыма.
І тая ж Тэрэза, і Гражына — кожны, каму залежала проста забіць дзядзьку Вадзіміра, выбраў бы шлях імітацыі няшчаснага выпадку — ці мала што нарабіў п'яны чалавек? Захлынуўся ў басейне, зваліўся з прычала ў возера, выпаў з акна, што заўгодна, але не зарэзаў сябе нажом і не кінуў той нож у басейн. Ніхто з гэтых чатырох не падыходзіць на ролю забойцы з пункту гледжання выканання.
— Нонсенс,— Сак выпрастаўся ў крэсле,— хочаш абараніць Маршанскага — абараняй. Хаця не магу зразумець, нашто табе гэта. Акрамя гэтых чатырох, не было каму забіваць на выспе.
— Не зусім так, нас тут шасцёра.
— Хочаш сказаць, забіць мог і ты сам? — Сак павярнуўся да мяне тварам.— Не атрымаецца, мы былі разам пад час забойства.
— Мы былі разам, калі я граў на фісгармоніі, а гэта не адно і тое ж.
— Ты ж сам бачыў Даўгалевіча на ўласныя вочы перад тым, як мы селі да інструмента, і тыя чацвёра таксама бачылі, і я бачыў,— Сак хаця і пачаў злавацца на мяне, але казаў усе адно ціха, ледзь не шэптам. Мы абодва баяліся скалануць цішу.
— Забойства планавалася загадзя,— я казаў усе больш і больш упэўнена, кожнае слова дадавала мне веры ў слушнасць маіх думак,— а ў такім выпадку забойца павінен быў падрыхтаваць сабе алібі. Але ўсе чацвёра, каго ты падазраеш, яго не маюць. І таму аўтаматычна я здымаю з іх абвінавачанне ў забойстве. Алібі есць толькі ў нас з табой, да таго ж стопрацэнтнае, па ўсіх правілах.
— Так,— Сак сціснуў кулакі,— дагаворвай.
— Я не забіваў, гэта вядома мне самому дакладна, застаешся ты. Ты, Сак, забіў дзядзьку Вадзіміра.
— Вар'яцтва,— Сак засмяяўся,— я забіў Даўгалевіча? І чаму? Таму, што не мог забіць. А тыя чацвёра не забівалі, бо мелі магчымасці і матывы да гэтага. Маршанскага бачылі з нажом у руцэ. І ён не забіваў. А я ў гэты час сядзеў побач з табой, і я — забойца? Думай, калі гаворыш.
— Слушная парада, я думаю, і таму магу раскласці твае дзеянні ўсе па парадку, што і за чым.
— Цікава,— Сак падсунуўся з крэслам бліжэй да мяне,— я заўсёды казаў: ты, Марцін, пішаш не пра тое, што трэба. Цікава, да чаго толькі твая выкшталцонасць дайшла на гэты раз. Пісаў пра вар'ятаў, нарэшце і сам звар'яцеў. Давай расказвай. Плёткі аб самім сабе заўсёды цікава паслухаць.
Я глядзеў на ягоны са злоснай усмешкай твар і адчуваў — Сак мяне ненавідзеў у той момант, толькі здаралася такое і раней. Затое здзіўленне было непадробным, і я сам пачынаў вагацца — ці правільна ўсе пралічыў? Мо і сапраўды — вар'яцтва. Сак — лепшы Даўгалевічаў сябра і забойца ў адной асобе?
— Калі пачаў, то і скончыць трэба,— Сак відавочна ўзяў сябе ў рукі. — Мы і так столькі ўсяго адзін аднаму нагаварылі за гэтую ноч — жах. Цэлае жыццё разбірацца будзем. Я ўжо ўсіх вас, усіх ненавіджу, а цябе, Марцін, ніколі і не любіў.