Мэта дасягнута, усім даведзена — Даўгалевіч на дадзены момант сядзіць у лазні і збіраецца неўзабаве выйсці, піць яму больш няма з кім і няма чаго.
Адзінае, што выдае цябе,— гэта падкасаныя нагавіцы. Іх можна вытлумачыць толькі тым, што на табе быў раней халат. Ты падыходзіш да стала, ставіш бутэльку і прыспешваеш усіх разысціся па пакоях, маўляў, скора вячэра і трэба рыхтавацца. Аднак сам рыхтавацца не збіраешся. Табе нельга больш сыходзіць з гасцёўні, да таго ж неабходны надзейны сведка — ты затрымліваеш мяне, зачыняеш дзверы (усе, што адбываецца ў калідоры на гэты час, павінна застацца таямніцай). Фісгармонія і спеў добра чутны ва ўсім доме. Я граю — алібі. З гэтага моманту кожны, хто хаця б на хвіліну застаўся сам, трапляе пад падазрэнне.
Праз паўгадзіны ўсе зноў збіраюцца ў гасцёўні, цяпер можна спакойна спытаць: а дзе Даўгалевіч? Вы ж былі з ім гэты час побач, а не я. Ідзіце, паглядзіце, што з ім зрабілі. Забойства! Ратунку! Ты, ты, ты і ты — на лаву падсудных. Я адзіны, хто мае права судзіць вас — бо сам без віны, ды яшчэ Марцін, ён сведка маёй бязвіннасці. Перахапіць следства ў свае рукі — лепшая гарантыя поспеху ў злачынстве.
— Цябе паслухаеш, сам пабяжыш вешацца,— Сак з палёгкай уздыхнуў,— што ты лухту выдумляць любіш, я і да гэтага ведаў. Але тут не хапае адной акалічнасці і не апошняй — першай. З яе пачынаць трэба, а то можна сказаць, што я на памяле праз комін лётаў. І акалічнасць гэтая — матыў. Нашто мне было забіваць Даўгалевіча? Што я, спадчыну па ім атрымаў? Ці з Тэрэзай ажаніўся? Не сыходзяцца ў цябе, Марцін, канцы з канцамі,— Сак раптоўна пасур'езнеў, падсунуўся з крэслам бліжэй. — Ну, дык матыў, матыў?
— Матыў — і есць самае цікавае,— я пасунуўся трохі ўбок, бо Сак практычна навісаў нада мною.— Матыў — недакладнае слова — хутчэй сцэнарый, ідэя. І кінуў гэтую ідэю, як ні дзіўна, сам дзядзька Вадзімір, ён меў рацыю, калі казаў, нібыта ў нас, беларусаў, апошнім часам не стае святых пакутнікаў, што адгэтуль ідуць нашыя беды, таму мы не можам кансалідавацца, у нас няма зараз імя сучасніка, годнага таго, каб узняць яго на штандары. Будзь ты тройчы геній, але калі памрэш сваёй смерцю ў шпітальным ложку — ты не пакутнік.
Затое прыгожы, таямнічы канец жыцця ператвараецца ў паданне, легенду. Робіць самога чалавека, няхай сабе нават сярэдніх здольнасцяў, сімвалам, і не для далёкіх нашчадкаў, а для сучаснікаў. Таямніцу загібелі можна потым лёгка перакручваць на каго заўгодна, легенда есць легенда, яна не патрабуе доказаў: на масонаў, на палітыкаў, чужынцаў, сяброў, суайчыннікаў, на кожнага, хто табе не даспадобы.
Ты сам зразумеў тое, што Даўгалевіч зразумеў гады два таму — ён скончыўся як пісьменнік, памер пры жыцці. І толькі напісанае ім раней па інерцыі прымушае людзей лічыць яго сімвалам нашай літаратуры, сімвалам нацыянальнага руху, бо не было на той час, ды і на гэты лепшых, чым ён. Не хапала для ідэальнага героя, імя якога можна несці на штандарах, аднаго — пакутніцкай смерці, якую як дакор можна прад'явіць кожнаму, хто скажа слова супраць. Імідж, які стварыў вакол сябе Даўгалевіч, быў для цябе важнейшы за сяброўства, важнейшы за дзядзьку Вадзіміра як чалавека.
І вось, калі легенда пра лепшага, таленавіцейшага чалавека нацыі пайшла на спад, ты падтрымаў яе, вывеў на новы віток. Даўгалевіч прыдумаў на ўзроўні філасофіі, а ты здзейсніў прыгожую канцоўку легенды. Ты забіў сябра, каб даць нацыі святога пакутніка. Ты забойца, Сак.
Я не паспеў адскочыць ці нават ухіліцца — Сак кінуўся на мяне і паваліў. Сам не разумею чаму, але змагаліся мы моўчкі. Сак — вялізны і моцны, як мастадонт, мертва сціснуў мне рукі. Адно, што я змог — зачапіў яму за шыю нагу і памкнуўся скінуць. Сак захрыпеў, і нага саслізнула, моцная шыя мала чым рознілася таўшчынёй ад галавы. Ён пачаў падцягваць маю руку сабе пад калена. Я схапіўся за край габелена над канапай. Са сцяны паляцелі цвікі, захрабусцела тканіна. Мне на запясце, да пранізлівага болю, націснула напятае Сакава калена. Імгненна, вольнай рукою ён кінуў мне на твар вялікую мяккую падушку і наваліўся на яе ўсім целам.
Я нават не паспеў адвярнуць галавы. Падушка шчыльна лягла на твар. Праз спрасаванае пер'е я не мог уздыхнуць, пачаў задыхацца. Я рвануўся што было моцы, але дарэмна. Сак трымаў надзейна. Праз сціснутыя пружыны матраца адчуваліся спінай дошкі каркаса. Жахліва не хапала паветра, кожная спроба ўздыху раздзірала болем лёгкія.
У цемры перад вачыма паплылі чырвоныя і фіялетавыя жарынкі-плямы, боль прытупіўся і адасобіўся ад мяне, цела страціла вагу. Пульсаванне крыві ў скронях змянілася далёкімі бомамі. Цяжар Сакавага цела аслаб і спакваля ссунуўся ўбок.