Выбрать главу

На імгненне яскрава бліснула святло, у лёгкія ўварвалася паветра. Я паспеў заўважыць над сабой жаночую галаву, аголеныя плечы і ззянне вакол галавы, электрычна-жоўтае. Рысы твару зліваліся, блыталіся. Раптам усе крутанулася ў вачах і правалілася ў чорнае нішто.

Колькі прайшло часу, я тады не адчуў, але свядомасць у рэшце рэшт вярнулася да мяне. Я ляжаў на падлозе, ззянне лямпачкі было ўжо збоч ад дзяўчыны, што схілілася нада мной. Я не мог, ды і не імкнуўся ўспомніць, хто гэтая дзяўчына. Я не памятаў нават свайго імя, хто я і нашто тут, і дзе знаходзіцца гэтае тут? Адчуваў толькі, як далонь кранае мае шчокі. Нечакана прарэзаўся боль — далонь не кранала,— дзяўчына хвастала мяне па шчоках, з паўслова ўзнік голас і адчай у ім.

— ...цін, ачніся. Марцін!

— Гражына,— прамовіў я, і тут вярнулася страчанае, я ўспомніў следам за ўласным імем і размову з Сакам, і нашае змаганне.

Я абапёрся рукой і сеў, галава дагэтуль жахліва круцілася, агледзеўся. Пад рукой была Сакава нага, я глянуў далей. Сам Сак нерухома ляжаў на падлозе тварам уніз. На спіне ў яго павольна шырылася пакуль яшчэ невялікая крывавая пляма, я прымружыў вочы і згледзеў пасярэдзіне плямы мікраскапічную дзірачку, як ад вязальнага прутка. Я машынальна ўзяў пульс на Сакавай руцэ — сэрца маўчала.

— Ён нежывы, я забіла яго, — Гражына стомлена апусцілася перада мной на калені; правяла рукой па валасах. — Я пайшла за табой і падслухоўвала, што мне заставалася яшчэ? Не ты — Сак пераканаў мяне ў тваёй слушнасці, калі кінуўся душыць.

Тут толькі я згледзеў каля яе доўгае самаробнае канцылярскае шыла, якое раней ляжала на пісьмовым стале. І ўспомніў, як Даўгалевіч прашываў ім рукапісы як перфаратарам. Зноў паплылі перад вачыма чырвоныя ў фіялетавыя жарынкі, я затрымаў дыханне і азірнуўся на канапу: не было ні жадання, ні нават сілы варухнуцца, мне хацелася спыніць час. Я выцягнуў з кішэні насоўку, за ёй выпаў ключ ад лазні.

— Ад якіх ён дзвярэй? — Гражына пераняла ключ.

— За імі ляжыць Даўгалевіч,— я расціснуў пальцы,— але што з таго?

— Чакай, я зараз, чакай, я вярнуся. І маўчы,— сказала Гражына. Пачуліся асцярожныя крокі, прыцішана хруснуў ключ па той бок дзвярэй.

Я яшчэ не апрытомнеў канчаткова. Усё адно: куды, нашто пайшла Гражына, было дастаткова пачуць: «Я вярнуся» і супакоіцца. Новае забойства яшчэ не зматэрыялізавалася для мяне, існавала на мяжы ўсведамленння. Я паспрабаваў устаць, з другой спробы мне гэта ўдалося. Рука шчыльна аблягла дзяржальна шыла. Дзяржальна выдавала цёплым і зручным. «Каб не Гражына, то замест Сака мне ляжаць тут,— падумаў я і паклаў шыла на пісьмовы стол,— цікава, а што збіраўся рабіць Сак пасля маёй гібелі? Паліць труп разам з домам ці цягнуць да возера?»

Падлога хіснулася ў мяне пад нагамі, я цяжка апусціўся на крэсла, у акне мне падаліся сполахі маланкі. Паліць ці тапіць?

Мяне пачало кідаць то ў гарачыню, то ў холад. Дзе Гражына? За акном ці ў маіх вушах пачало гусці — не тое вецер, не тое дождж. Я абхапіў галаву і ўспёр локці ў стол. Дзе Гражына? Што з ёй будзе? Чаму ўсе спяць і не выходзяць з пакояў, калі дзеецца забойства? — неадчэпна кружлялі думкі.

Зноў па-змоўніцку шчоўкнуў замок. Гражына прычыніла за сабой дзверы.

— Збірайся, сыходзім,— яна паклала на стол побач з шылам скрыначку запалак.— Апрытомнеў? — Гражына імкнулася не глядзець у бок, дзе ляжаў Сак.

— Што гэта зменіць? — няпэўна адказаў я. — Дзе ключ?

— Застаўся ў замку, хутчэй,— Гражына пацягнула мяне за руку,— зараз хто-небудзь прачнецца, і будзе позна. — Ад яе выразна пахла бензінам.

Раптоўна згасла святло, але цёмна не стала. Пад акном з боку прыбудаванай да лазні кацельні-электрастанцыі шугала полымя.

Гражына кінула маю руку і схапілася за край вялізнай, напакаванай Даўгалевічавымі рукапісамі кардоннай скрыні з-пад тэлевізара.

— Дапамажы,— яна схапіла са стала зялёны сшытак-дзённік і кінула яго паверх рукапісаў, за ім паляцела яе торбачка. — Дапамажы,— яна расхінула дзверы і пасунула скрыню на калідор. Я таксама ўхапіўся за край, і мы мінулі парог.

Гражына перакруціла ключ, падсунула яго пад дзверы, пакратала клямку, ці надзейна зачыніла. Водбліскі полымя выхоплівалі з ночы акно-разетку ў канцы калідора.

— Цягні на ніз,— шэптам загадала Гражына і кінулася да дзвярэй Тэрэзы.

— Гарым! Ратуйцеся! — пачала біць у іх абцасамі.

У канцы калідора нехта, відаць, Кяльміцкас, адчыніў дзверы. Але я ўжо гэтага не бачыў, цягнуў скрыню на ніз, у гасцёўню да выйсця. Наперадзе пачуўся грукат.

— Гэй, адамкніце, пажар,— крычаў з кладоўкі Маршанскі. Ён біў у зачыненыя дзверы. — Гэй, хто тут?!