Я кінуў рукапісы і пачаў ірваць голымі рукамі прабой з шула дзвярэй.
У гасцёўні трэснула і пасыпалася шкло. Скразняк заляпаў дзвярыма. Мацней загуло полымя, і перадпакой зацягнула дымам. Кашляючы, па сходах збеглі Тэрэза з Гражынай.
— Цягніце скрыню! — крыкнуў я ім, успёрся нагамі ў сцяну і з усяе сілы пацягнуў прабой за замок. Рыпела шула, трушчылася атынкоўка, але прабой не зрушыўся. Маршанскі біў не ў той бок дзвярэй, завесы былі яшчэ мацнейшыя за замок, я крычаў яму, але ён, відаць, не разумеў мяне.
З мансарды збег Эдмундас і пачаў ірваць дзверы ў лазню.
— Там Вадзімір!
Полымя, ледзь толькі ключ перакруціўся ў замку, расхінула дзверы і, падхопленае ветрам, ірванулася ў калідор. Эдмундас падбег да мяне. Жар апякаў і сцягваў скуру на твары.
— Дзе Сак?! — крыкнуў Эдмундас. — Ключ у яго!
— Позна шукаць! — Я рваў замок з усяе моцы, Кяльміцкас павіс на ім таксама. За сцяной кашляў ад дыму і лаяўся Маршанскі.
Эдмундас кінуў замок, прыкрыў галаву пінжаком і знік у дзвярах гасцёўні, што раз-пораз узнікалі ў разрывах дыму. Раптоўны парыў ветру падхапіў полымя, і я ледзь паспеў згасіць валасы. З дыму ўзнік Эдмундас, пінжак на ім курэў, а твар быў перапэцканы вуголлем, у руках ён сціскаў гарачую качэргу.
— Сямён, мы зараз! — Кяльміцкас прасунуў качэргу пад замок, і мы разам павіслі на ей. Завішчала па дрэве сталь. Металёвы прут сагнуўся, і прабой павольна падаўся следам за качэргай. Маршанскі яшчэ раз ударыў, гэтым разам куды трэба. Замок адляцеў у сцяну, а мы з Эдмундасам адскочылі ўбок. Маршанскі стомлена прываліўся да шула. Кяльміцкас схапіў яго за руку:
— Хутчэй.
Мы выбеглі. Было светла, як на праспекце. Жанчыны ўсе яшчэ як заведзеныя сунулі скрыню далей ад пажару.
— Хопіць,— крыкнуў я ім і азірнуўся на дом. Ён яшчэ не страціў у агні архітэктурных формаў. Шыфер на даху трэскаўся і разлятаўся вогненнымі пырскамі. Ахопленыя полымем вінаградныя лозы адна за адной адгаралі і падалі са шпалераў.
— Дзе Сак?! — крычаў Маршанскі і кідаўся ад мяне да Эдмундаса, ад Эдмундаса да жанчын. — Дзе Сак?!
Гражына не паспела адказаць, як у доме ўзарваліся балоны з газам. Вялізны палымяны шар, падобны да сціснутага кулака, ударыў у нізкія хмары. Хіснуліся і заваліліся кроквы. Ад выбуху пераламаліся драўляныя апоры цыстэрны з палівам для рухавіка. Пачуўся цяжкі ўдар, і новы слуп полымя ўзвіўся над выспай. Вогненны паток шугануў на бераг і паплыў возерам. Вецер гнаў яго, разбіваў на вогненныя выспы. Паверхня вады зіхацела жоўтым і чырвоным, успыхваў і падаў узбярэжны чарот.
Усіх спыніла гэтае відовішча. І самае страшнае — я адчуваў ягоную прыгажосць. Я ўпершыню адчуў, што прыгажосць можа быць страшнай.
— Ён застаўся там? — Эдмундас паказаў рукой на дом, што чарнеў у воблаку полымя.
— Хто ён? — спытаў я.
— Сак Эдмундас апусціў руку.
Гражына села на зямлю, закрыла твар рукамі:
— Я грукалася да яго, ён у сваім пакоі, сказаў, што зараз выйдзе, не адамкнуў. Прасіў, каб мы ратавалі Даўгалевічавы рукапісы, а ён паспрабуе ўратаваць ад агню цела, але, відаць, не паспеў,— Гражына расплакалася.
І тут я зразумеў, як уратаваць яе самую, успомніў жарт дзядзькі Вадзіміра з неіснуючым дротам у цемры.
— Глядзіце,— крыкнуў я і наўздагад паказаў на возера,— глядзіце! Там за агнём човен, нехта ўцякае адсюль. Уцякае забойца! Ён хаваўся на выспе, падпаліў дом і ўцякае! Глядзіце! — Я падбег да Тэрэзы і пачаў ледзь не ўпрошваць яе. — Бачыце, вунь там, за агнём, маленькі човен, бачыце, уцякае. Не, не тут, трошкі правей. Чорт, за дымам зараз не відаць. Вось! вось, зноў з'явіўся. Ну, глядзіце ж, знікне ў цемры!
Эдмундас прыўзняў руку і пачаў пільна ўзірацца. Маршанскі стаяў побач з ім і разгублена глядзеў у полымя.
Тэрэза раптам схапіла мяне за плячо:
— Бачу, вунь, сапраўды,— падбегла да Кяльміцкаса з Маршанскім,— глядзіце, човен, далека, я ж адразу казала, забіў нехта другі, старонні. Ніхто з нашых не мог пайсці на такое.
— Бачу! — Маршанскі пачаў трэсці Кяльміцкасу руку. — Глядзі ж, уцякае, свалата, нічога, мы яго яшчэ знойдзем.
— Сапраўды,— спакойна сказаў Кяльміцкас,— трэба запомніць, у які бок ён кіруе, каб потым лягчэй было шукаць.
Яны ўтрох падышлі пад самы бераг. Іх постаці выразна вымалёўваліся на фоне агню. Галасы нішчыў шум пажару.
Я сеў на траву побач з Гражынай, абняў яе за плечы і паклаў яе галаву сабе на калені. Сам прытуліўся да кардоннай скрыні з Даўгалевічавымі рукапісамі. Гражына ўсе плакала, раз-пораз уздрыгвала.
Я прагнуўся, выцягнуў са скрыні першае, што трапіла ў руку,— дзённік. Разгарнуў. Паміж вокладкай і першай старонкай укладзены аркуш тоўстай фактурнай паперы. Дакладны, разборлівы почырк дзядзькі Вадзіміра — аўтограф Гражынінага верша, лепшага ў яе жыцці санета.