Выбрать главу

Пад расцягнутымі па гарызанталі і сціснутымі па вертыкалі радкамі то ўспыхвала, то згасала ў водблесках полымя дата Даўгалевічавай смерці, упэўнена накрэсленая ягонай уласнай рукой.

Я заплюшчыў вочы і ўявіў пасмяротны збор твораў, які будзе пачынацца факсімільным перадрукам гэтага верша і датай з легенды. Датай, аб якой напішуць кнігі даследаванняў, артыкулы, якую будуць называць экскурсаводы ў адноўленым доме-музеі на гэтай выспе. І ўсе хрэстаматыі нашай літаратуры змесцяць гэтую дату як пачатак легенды жыцця і смерці святога пакутніка, нацыянальнага гонару.

Легенда будзе існаваць і стане мацнейшай за нейкія доказы і абгрунтаванні, мацней за нас саміх, што стварылі яе. Бо толькі такія легенды і маюць права на існаванне.

Так я думаў у тую ноч, што паступова пераходзіла ў ранак, так я думаў, і так яно здзейснілася...

Максім Клімковіч

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў геадэзістам, начальнікам участка на будаўніцтве аўтамабільных дарог. Цяпер працуе ў рэдакцыі часопіса «Бярозка».

Выдаваўся як у афіцыйным, так і ў самвыдатаўскім друку. Максім Клімковіч адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Жнівеньскі праспект», «Тутэйшыя», «Паркан». Асобнымі кніжкамі выходзілі напісаныя ім у сааўтарстве з Адамам Глобусам і Міраславам Шайбаком трылеры «Заўсёды светла каля турэмных муроў» і «Каханка д'ябла».