Выбрать главу

Пакрысе на свежым — яшчэ якім свежым! — паветры, пад натуральным халодным душам пачало адпускаць. Памалу Іван Аляксеевіч спакайнеў. Сілы фізічныя і духоўныя патроху вярталіся да яго. Цела і душа прыходзілі ў парадак. Падняць бы таго вагоннага хама, за шкірку, разам з яго навушнікамі, ды… Наўрад ці! Наўрад ці яна дасюль стаіць там… Ну, паедзе ён зараз (Іван Аляксеевіч уявіў вагон-душагубку, і яму зноў млосна). Канечне, яе ўжо на паляне не будзе. І дзе шукаць? І ўсё-ткі — як яна туды патрапіла? Ці… памаглі ёй «патрапіць»? Жыве дзесь «на хаце», прастытуткай, падпольна або адкрыта, у чатырох сценах — адсюль аранжэрэйнасць… Сабе і сутэнёрам на хлеб надзённы зарабляючы… (Іван Аляксеевіч любіў крымінальныя выпускі па тэлевізары і быў у курсе, што ўсё магчыма.) Правінілася, вывезлі ў лес, каб прыпалохаць, кінулі адну… Многа ёй трэба? А мо не кінулі? А стаяць недзе блізка… Ну, дапусцім! Дапусцім, здарыцца дзіва, ён знойдзе яе. Вось тут яны і аб’явяцца, выйдуць з дажджу і з туману, як трыццаць тры багатыры, будуць дужа разбірацца, якія ў яго намеры — атавараць на ўсю катушку, адмяцеляць па поўнай, адмантуляць за мілую душу, замочаць, як таго негра з песні, пакажуць, «куда идти в лесу»… І правільна зробяць — не лезь!

…Чарговая электрычка на Мінск ужо не была такой поўнай. Нават сесці ўдалося. Мокры Іван Аляксеевіч сеў, задумаўся. Нечага не хапала. Ён паляпаў рукой каля сябе, тупа паглядзеў уніз, на падлогу… Не было вядра з грыбамі — забыў на пероне.

2007 г.

ВЕЦЕР

Знаёміцца ён так — падыходзіць да любога століка ў кавярні і піхае руку, жанчыне ці мужчыну, няважна:

— Вецер. Не псеўданім — сапраўднае прозвішча. Няўдачнік-рыфмаплёт. Непрызнаны геній. Графаман, якіх пашукаць.

І нявопытных, неабазнаных падкупляе тым, забываюцца людцы, што прыніжэнне горшае за гонар, і прымаюць яго ахвотна ў кампанію, запрашаюць прысесці, тым больш ён не халяўшчык, заўсёды са сваім графінчыкам і шклянкай соку.

П’е ён хоць патроху, але часта, забягаючы перыядычна ў кавярню, балазе, работа дазваляе — працуе ён побач, паркоўшчыкам, што, праўда, аніяк не звязана з рамантычным зялёным скверам, а ўсяго толькі з нецікавым і банальным збіраннем грошай з людзей за тое, што яны пакідаюць на стаянцы аўтамабілі. П’е — і не п’янее, адно чым бліжэй да вечара, тым часцей і гучней пачынае мармытаць, бялеючы і сціскаючы зубы:

…Не — я толькі ад лютага ветру, Я ад ветру схаваўся ў карчму!

Яму гадоў трыццаць. Гэткі мачо, прыгожы, высокі, статны, яму нават аляпавата-нязграбная паркоўшчыцкая спяцоўка пасуе; ён яшчэ трымаецца, але да пары да часу гэта, хутка — ужо на ім напісана, год-два, ну, пяць — і ад яго прыгажосці і кінагеройства следу не застанецца, яшчэ не такіх ламала, перажоўвала і глытала жыццё, і не давілася, сволач, толькі шкуркі выплёўвала.

Амаль кожны вечар прыязджае яго забіраць жонка, дагледжаная такая дамачка, пародзістая, модненькая, абыходзіцца яна з ім лагодна, замірана, ніякага табе крыку, шуму, скандалаў і папрокаў, наадварот, так яна ўжо да яго падлашчваецца — як шкадлівая кошка, толькі што аб ногі не цярэцца, нібы гэта не ён, а яна вінаватая, і хоча цяпер загладзіць гэтую віну, так паддобрываецца, што, гледзячы на яе, не можаш пазбавіцца думкі, што яна яму здраджвае, а ён ведае, і настолькі звыкся з тым, што нават не вельмі перажывае.

— Я не п’яны, — папярэдзіў ён аднойчы, спыніўшыся са сваім графінчыкам і сокам каля майго століка. — Заслужаны дрынк!

— Я і не кажу, што вы п’яны.

— Гэтак, на вы? Тады прысяду? (А сам сядзіць ужо.) Вецер. Сапраўднае прозвішча. Паэт-няўдачнік. Графаман-аматар.

— Ну, калі чалавек так сам пра сябе — ён як мінімум ужо не графаман…

— Дзякую. Добра. Пытанне. Што такое паэзія, а што графаманства? Звычайнага якогась рабацягу-дзядзьку можна назваць паэтам, калі ён стараецца заўсёды гаварыць у рыфму? «Ой, пайду я к магазіну, убачу прадаўшчыцу Зіну, жыць на свеце мне не міла, я куплю сабе чарніла»? Гэта паэзія? Ці прафанацыя?

Я паціскаю плячыма — адкуль я ведаю?

— Тады яшчэ пытанне. (А сам і не пытае, толькі канстатуе.) «Былі ў мяне мядзведзі» — Уладзімір Караткевіч, «Быў у мяне Магнат» — Мікола Гіль, «Была ў сабакі хата» — прымаўка… Дык вось — была ў мяне Аксана.