Я пацяшаўся і з той паездкі — маўляў, дурная твая Еўка, раз ужо дабралася да Алтая, дык хоць бы скарысталася гэтым, цёзка дарма што скалечаны, але ж да мужчынскіх абавязкаў прыдатны; сцябаўся і з запрагання каня, і з таго, што калі Пятро быў пад мухай, абавязкова, выпраўляючыся ў свой лясны абход, цалаваў на развітанне жонку. «Запрягает Козырь лошадь, — пятнаццаць разоў за вечар мог паўтараць я, — Ева вожжи подаёт, Козырь Еву поцелует, Ева козырем пойдёт», — іншая плюнула б, Аксана ж, добрая, мілая душа, была ў захапленні і ад гэтай дурной цыганшчыны, толькі мякка ўшчувала:
«Божа, як табе не сорамна, які ў цябе ў галаве вецер!» — і глядзела на мяне закаханымі вачыма.
Вецер выпівае свае грамаў сорак — класічны дрынк, глыток соку і працягвае:
— Калі мы развітваліся; яна была такая сур’ёзная, маўклівая, толькі ў канцы сказала: «Ведаю, ты не кахаеш мяне… Але калі не дай Бог нешта здарыцца з табою — не тое што да Алтая, да краю свету дайду, і знайду цябе, і не кіну любога!» У мяне сэрца зайшлося — дзе, калі я знайду такое дзіва, такую дзяўчыну, ды і нашто шукаць, калі вось яна, побач?.. А ўголас сказаў, хіхікнуўшы: «Пешкі прыйдзеш? Босая?»
Зноў дрынк, сок… Вецер пачынае часціць. Я пасля паўзы задаю недарэчнае, абыякавае пытанне:
— Прыйшла?
— Мгу… Як тыя хлопец з дзеўкаю выходзяць з аўтобуса, хлопец культурна падае руку, памагае ёй выйсці, яна — ціхмяна, любоўна: «Ты же смотри, не убегай». — «Да, бля, от тебя убежишь!» Так і ад маёй Аксаны.
— Што?! Вы… хочаце сказаць…
— Ну так. Гэта мая жонка. Якая, як толькі выйшла з ЗАГСа, з міленькай ціхоні ператварылася ў такую дрэнь, якіх пашукаць, якая толькі і ўмее, што з ложка ў ложак скакаць… З кім толькі не здраджвала мне! І развесціся — неяк лянота, ды і не бачу прычын, усё адно наступная будзе такая ж, усе яны аднолькавыя для мяне цяпер. Такія планы, талент, жыццё — усё загубіла! Ды каб не яна, я паэтам мог бы стаць! Што паэтам — чалавекам! У каго яна мяне ператварыла? Дзе падзеўся мой гумар, мой бяскрыўдны цынізм, памяць, цікавасць да жыцця, да людзей, да літаратуры?!
— Ну, чаму, — няўпэўнена кажу я; а што яшчэ казаць у такіх выпадках. — Усё гэта засталося… ёсць і цяпер…
Але ён ужо не слухае. Бялеючы, гледзячы паўз мяне — туды, у сваё лета, дзе сярод акацыяў згубілася яго Аксана, ён ледзь не крычыць:
— Ну чаму мне не было якога знака? Я ж быў малады зусім! Дурны зусім! Дык навучыце! Такім трэба сігналы падаваць, уключаць святло ў мазгах: чырвонае — небяспека, жоўтае — асцярожна, зялёнае — вось тады можна… Я ж не вінаваты! Я думаў, гэта яна святая, наіўная, чыстая, а то я быў у той перыяд наіўны, чысты і… дурны!
Бачыць жонку, яе парасон праплывае за вакном. Аксана ідзе забіраць мужа. Ён падымаецца, хіснуўшыся:
— І натрапіш на гэткую нетру, — мармыча, ці то жонку маючы на ўвазе, ці то сваё незразумелае, пустое існаванне, — бы ў прыдоную чорную цьму… Не — я толькі ад лютага ветру, я ад ветру схаваўся ў карчму!
2009 г.
УНОЧЫ
Раз ці два ў год гэта здаралася з Берасевічам.
Ён пачынаў востра, без аніякай, здавалася б, прычыны баяцца і ненавідзець людзей. Не ўсё чалавецтва, а менавіта бліжняга свайго, які абганяў яго на аўтамабілі, ехаў побач у метро, выступаў па тэлевізары, ішоў па тратуары.
Палохалі, і ад гэтага ледзь не да якогась агрэсіўнага памутнення розуму даводзілі абрыўкі чужых размоў на вуліцы, стук лыжак і відэльцаў і чаўканне чужых ратоў у кавярні, чэргі ля касаў у магазінах, чужыя твары, чужая вопратка.
Ён пераставаў разумець, чаму яны апранаюцца, куды едуць, куды баяцца паспець, перабягаючы вуліцы, даганяючы транспарт?
Калі жонка прасіла з’ездзіць з ёю на базар, ён не вылазіў з машыны, чакаў, пакуль яна перыядычна падносіла і складвала ў багажнік ці на задняе сядзенне пакункі з прадуктамі; праз шкло ён бачыў доўгія рады, мітусню людзей, аднолькава выродлівых — як пакупнікоў, так і гандляроў, і ўсярэдзіне ў яго ўсё бушавала, і так хацелася набыць пісталет, каб трымаць яго (як дулю) у кішэні; прымяніць яго маладушны, труслівы па натуры Берасевіч, канечне, ніколі не адважыўся б, але мо хоць дакрананне да зброі, сцісканне яе ў руцэ дало б супакой.
Цікава, што сам ён добра разумеў, чаму вечарам кладзецца ў ложак, а раніцаю ўстае, чаму голіцца, снедае, апранае касцюм і гальштук, чаму спяшаецца на працу, чаму яму трэба хутчэй перегчы вуліцу і дзеля чаго закупацца прадуктамі на базары і ў магазіне. Але іншым ён адмаўляў у праве на гэта. Яму, які некалі выбіўся з гразі ў князі, які паклаў столькі сіл і здароўя на свой цяперашні адносны дабрабыт, яму, які пачынаў з таго, што скупляў у мянялаў каля ўнівермага па пяць-дзесяць даляраў і хаваў іх ледзь не ў панчоху, калі ён азіраўся на сваё жыццё і параўноўваў, кім быў і кім стаў, — яму здавалася, што ён заслужыў свой спакойны, сыта-мяшчанскі маленькі сусвецік, а яны — не. Дык як яны могуць прэтэндаваць на тое, што і ён?