З кожным днём спружына ўсярэдзіне ўсё накручвалася, накручвалася… Трэба было штосьці тэрмінова рабіць.
Але не магло памагчы яму — ведаў з вопыту — ні варочанне жалеззя ў фітнес-клубе, ні кактэйлі ў кегель-бары, ні дзеўкі ў саўнах, ні більярдна-снукерныя залы, не паможа загадзя арганізаванае платнае паляванне, дзе ўколаты снатворным, асалавелы кабан не тое што бегчы, стаяць не можа, такая ж рыбалка, дзе растлусцелых, смярдзючых камбікормам карпаў ледзь на падвешваюць табе ў вадзе на кручок… І справа не ў тым, што ўсё гэта каштуе грошай — знойдуцца грошы, здароўе даражэй, не — там увесь час кампанія, а Берасевічу самаму ад сябе не было дзе схавацца, не тое што ад такіх, як сам; ясна, што гэта будзе за «пераключэнне»-лячэнне, калі ў галаве адна думка — пра пісталет.
І вось нарэшце, калі цярпець станавілася было больш немагчыма, выматаны страхам, нянавісцю, бяссонніцай, схуднелы, з запалымі вачыма Берасевіч ні дома, ні на працы нікому нічога не тлумачачы, сядаў у машыну (ніякіх мабільнікаў — толькі грошы!), выбіраўся за горад і гнаў па трасе з максімальна дазволенай хуткасцю ў любым напрамку. Кіламетраў праз 200–300 зварочваў каля любога ўказальніка з якім-небудзь «Заполлем» ці «Залессем» і ехаў да вёскі.
Вось толькі яна яго і ратавала. Толькі тут ён мог псіхалагічна разгрузіца. Пажыць некалькі дзён сярод сярод простага люду, пабыць у скуры звычайнага чалавека, параўнаць яго жыццё са сваім — тады сваё больш пачнеш цаніць. З’явіцца зноў энергія, і вернецца ён, як неаднойчы бывала — актыўны, энергічны, свежы, як агурок, і адпрацуе ўдзесяцера за тыя некалькі няшчасных, але такіх для яго неабходных, прапушчаных дзён.
Так ён апынуўся ў вёсцы з смешнавата-глухаватай назваю Цяцеркі, каля крамы пагаварыў з мясцовымі і неўзабаве знайшоў таго, хто яму трэба быў — Лёню, бабыля гадоў трыццаці, у кожнай вёсцы, у любым месцы такія знаходзяцца: невядома, што яны робяць, дзе працуюць, з чаго жывуць, за што п’юць, слабыя, добрыя, бязвольныя, за бутэльку гатовыя звадзіць хоць на той свет і назад прывесці.
Без лішніх тлумачэнняў Берасевіч выклаў сваю праграму. Што яму трэба? Пацерціся сярод «простага народа». Падыхаць вольным паветрам. Выматацца фізічна. Выпіць. Бо ад гарадскога жыцця ён крыху стаміўся і трошкі як бы атупеў.
Лёня слухаў з разуменнем, ківаў галавою і на ўсё адказваў:
— Не праблема!
Было б пажадана, працягваў Берасевіч, калі атрымаецца, пад занавес, на закуску — якую-небудзь больш-менш прыстойную, не надта брыдкую…
— За асобную плату, — дадаў ён, ведаючы, як спрацоўвае гэта.
Аднак якраз тут Лёня задумаўся.
— За плату? — перапытаў ён і аблізнуў вусны. — Калі за плату — не праблема… Ёсць адна. Сірата, з бацькам жыве. Вось толькі…
— Што?
— Малаватая… Маладая зусім.
Гэта Берасевіча толькі рассмяшыла.
— Ложак усіх раўняе. Ногі ёсць ў яе?
— Гэта ёсць, — без энтузіазму пацвердзіў Лёня, не ацаніўшы ці не зразумеўшы жарту. Па тым, як адводзіць ён вочы, відаць было, што нечага ён усё ж не дагаворвае. Але Берасевіч не стаў распытваць — не да таго.
Пачалі дамаўляцца аб цане. Лёня прасіў сто даляраў, Берасевіч даваў дзесяць. Сышліся на пятнаццаці.
— Не праблема. З’арганізуем!
Павесялелы гід абыякава, быццам увесь час з імі мае справу, скамечыў грошы, запіхнуў у кішэню і пайшоў выкочваць з-пад паветкі веласіпед. А Берасевіч падумаў, дзе яшчэ, на якіх Канарах і ў якіх Мінсках магчыма было б за капейкі знайсці сабе такі экстрым, наладзіць такі экатурызм, які павінен памагчы яму паправіць здароўе, вярнуць душэўны супакой і фізічную бадзёрасць?
Хаця і даляраў было шкада, канечне.
На возера дабіраліся ў прыцемках — ішлі нейкімі гарэлымі тарфянікамі, хмызняком, балотам, і калі Берасевіч адставаў, Лёня азіраўся і чакаў яго са словамі: «Паспеем, не праблема!..»
Возера ўсё абрасло высокімі, як бамбук, чаратамі (рай для камароў і браканьераў). Над вадой, над берагамі слаўся белы туман. Пара была майская, час цвіцення чаромхі, салаўі цёхкалі звонка і рэзка, зябкі холад добра браў за плечы, але пра вогнішча і думаць не было чаго — возера рыбхознае, ганялі на ім і ўдзень, і ўночы, з берага і з вады.
Пакуль Берасевіч падшукваў сабе лацвейшае месца, Лёня наладжваў «павук», даволі складаную сістэму: убітая ў чваністы бераг тоўстая патырчака, на канец якой, у разгаліну, кладзецца доўгая жэрдка, да яе падвязваецца на вяроўцы распятая на жалезных прутах сетка метры два на тры. Зусім гэта няпроста, браканьерыць такім спосабам, тут трэба фізічная сіла — раз за разам навальвацца ўсім целам на гэтую жэрдку, каб яна, як рычаг, паволі выдзірала з вады ўсю канструкцыю…