Выбрать главу

Пакрысе яшчэ больш цямнела. Рыбы не было. Лёня нерухома, як высокі чорны пень, стаяў каля свайго «павука». Берасевіч сядзеў за некалькі метраў ад берага, на сушэйшым месцы на абярэмцы чароту, і біў на сабе камароў. Яны віліся над галавою, лезлі ў рот, шыліся ў рукавы, пад шапку, звінелі ў валасах… Зрэдку пасярэдзіне возера праязджала маторка, тады Лёня сам прысядаў і рабіў знак Берасевічу, каб і той хаваўся.

Берасевіч чыркнуў запальнічкай, зірнуў на гадзіннік. Нічога сабе — здаецца, толькі прыйшлі, а ўжо адзінаццаць. Ён падняўся — і камарыная хмара над ім паднялася, паразгінаў зацеклыя ногі ў рыбацкіх ботах з адкасанымі халявамі. Патроху, рассоўваючы ў бакі шапоткія чараціны, пайшоў берагам. Пад нагамі чвякала. Куды ні глянь — туман і чарот, і на чарацінах каля мятлушак лепяцца гронкамі камары… На адной чараціне зусім блізка сядзеў і драмаў, гойдаючыся, маленькі вальдшнеп са сваёй дзюбай-дудачкай.

Недзе гаварылі людзі, пахла цыгарэтным дымам. Берасевіч паглядзеў на далёкія, расплывістыя ў тумане агні за возерам, потым вярнуўся назад — і ўбачыў тое самае: каля вады сярод чаратоў у белым тумане цямнее постаць, а над ёй німбам вісяць-віюцца камары…

Берасевіч прыслухаўся да сябе. Пот і сверб ад камарыных укусаў, холад, фізічная нечыстата цела, жаданне паесці і выпіць спіртнога ўзрадавалі яго — гэта былі нармальныя чалавечыя пачуцці. На міг ён быў падумаў, што ўсё, насыціўся, адпускае яго, малой крывёй на гэты раз абыйшлося, і, можа, дасць Бог, гэта яго першая і апошняя ноч тут, і вось ужо прайшла амаль палова яе. Але не паспеў ён так падумаць, як зноў накаціла, нібы каменная магільная пліта легла на грудзі, і захацелася разарваць адзенне, кашулю, і самі грудзі разрэзаць, рассекчы якім нажом, каб выйшаў з сярэдзіны гэты страшны, нячысты дух, што пасяліўся ў ім і не даваў жыць.

IV

— Ну, досыць! — загадаў Берасевіч.

Лёня адразу ж замітусіўся, пачаў разбіраць і хаваць па частках у чароце «павука».

Патэпалі назад. Зноў лес і халодны туман, раса на траве і на лісцях, камары і салаўі, і знаёмае чвяканне пад нагамі.

— Хто ў Ленінгра-ад прабіраўся бало-отамі, — нягучна заспяваў Лёня, пасвістаў крыху і змоўк.

Скончылася роснае кустоўе, пасвятлела, паказаўся высокі, парослы травою насып, і запахла шпаламі — гэта была чыгунка. Берасевіч з Лёнем падняліся наверх, паабціралі аб рэйкі гразь з ботаў і падкасалі халявы.

— Далёка яшчэ?

— Ву-унь, да стрэлак, дзе семафор. Бачыце?

Берасевіч паглядзеў і нават сваімі добрымі шафёрскімі вачамі нічога не ўбачыў. Пайшлі збоку паўз пуць, дзе паміж шпаламі было больш камення і лягчэй ступалася. Дыхнуў аднекуль ветрык, адагнаў праклятых камароў, пасвяжыў твар. Берасевіч зняў шапку і ўзбіў далоняй мокрыя валасы. Зноў яму крыху стала лягчэй, зноў паверылася, што ўсё хутка скончыцца, адпусціць гэтая дрэнь і настане час, калі мазахісцкая камарыная ноч успомніцца не як кашмар, а як штосьці лёгкае, нават рамантычнае, успомніцца не гразь пад нагамі і не бруд на душы, а салаўіны спеў, шолах чаратоў, гэты ветрык, што так прыемна пахне мазутам і далёкай дарогай, і Лёневая спіна ўперадзе…

Цяпер Берасневіч разгледзеў зялёную ў тумане пляму семафора. Яны дайшлі да яго і спыніліся перакурыць. Адсюль пачыналася двухпутка, быў раз’езд, папярочную дарогу з двух бакоў перакрывалі шлагбаўмы. Унізе ля самых пуцей, аддзеленая ад чыгункі невысокім бетонным плоцікам, утульна, заманліва свяціла маленькім вакном хатка. Мала дзе засталіся цяпер на пераездах такія мініяцюрныя будачкі, звычайна дагледжаныя, пабеленыя, з садзікам пад вокнамі; тым больш, калі яны яшчэ трапляюцца, ёсць у сузіранні іх штось мілае, даўняе, рамантычна-самотнае, звязанае з марамі, з дзяцінствам, калі хацелася, як вырасцеш, стаць бакеншчыкам, лесніком, стрэлачнікам ці станцыйным наглядчыкам.

Але Берасевічу не да рамантыкі было. Ён курыў, часта зацягваючыся, і пляваў пад ногі.

— Чакаюць, — паказаў Лёня акуркам на вакно. — Я ж казаў, не праблема, — і пакашляў збянтэжана, усё нешта мыліўся. — Гэта… пра дзеўку я. Як вам сказаць. Ну, не зусім яна…

— Што ты нясеш?! Не зусім дзеўка?

— Не гаворыць яна. Не ўмее. І не чуе, — Лёня дакрануўся далонямі да вушэй, нібы гэта не дзеўка, а Берасевіч быў глуханямы, і яму трэба было тлумачыць на мігах. — Не — а так, усё астатняе ў яе — не праблема!