Я: «Повернитесь, пожайлюйста, на бочёк, дорогая Катюшенька… Так мне будет удобнее…» Сержык (Каціным голасам): «Я вам чьто, гимнастка? Может, ещё мостик прикажете сделать?!» У мяне аж дрыжыкі бягуць па спіне, бо не толькі голас, і твар у яго робіцца падобным на Кацін, і міжволі мільгане думка: ды адкуль гэта ў цябе, двоечніка, невука, які ніводнай кніжкі ў жыцці не прачытаў?! Ды ці не прыдурваешся ты, пад прасцячка ламаючыся?! Каб рабіць усё, што хочаш?!
Мы з Сержыкам залезлі ў лазовы куст, што расце проста з лёду, адразу за варотамі хакейнай пляцоўкі. Куст вялізны, памяшчаецца ў ім чалавек дваццаць і можна сядзець на галінах, як на лаўках. Іншым часам тут наша раздзявальня. Цяпер мы пакурваем тут, ганяем «цыганачку»… Ах, тая першая ранішняя зацяжка! Той шум у вушах, салодкі транс, раптоўнае абвастрэнне зроку, слыху, нюху!.. Гэта пазней, пазней забухаюць кашлем лёгкія, пазней прыдзе расплата — задышкаю, арытміяй… А пакуль што смялей! — давай, зацягвайся, каўтай дым, здароўя ж не мерана, скура гладзенькая, зубкі белыя, пальцы нікацінам не смярдзяць…
Сержык робіць доўгія зацяжкі і, выпускаючы дым, заплюшчваецца. Я падганяю: ды расказвай хутчэй! Пакуль я ўчора урокі рабіў, ён не спаў у шапку. Госці пачалі з’язджацца яшчэ з вечара. Да Гермачыхі-штунды прыехаў сын, імяніннік Мікола, таксама штунда (так у нас завуць баптыстаў), не адзін, а з дзеўкаю, нават з дзвюма дзеўкамі! Абедзьве гарадскія, бялявенькія, абедзьве, калі Сержыка паслухаць, у Бога веруюць. Мікола Гермачышын іх у малітоўным доме недзе і знайшоў.
Сержык расказвае ў ролях, разыгрывае цэлы спектакль. Гэта трэба чуць і бачыць. Канечне, ён яшчэ ўчора ўсё падгледзеў, усё выведаў.
— …Коля на гітары іграе, дзеўкі параздзяваліся і таньчаць голыя, а Гермачыха на поліку сядзіць, у ладкі пляскае… Фу-у-у! — шумна выдыхае ён дым з рота.
Трэба ж! Такі абыякавы голас, такая нявіннасць у сумленных вачах! Нават і ведаючы яго, як аблупленага, міжволі засумняваешся — а мо праўда?
— Дык а што ён ім іграў?
І на гэта ў Сержыка ёсць адказ. Словы, і нават мелодыю ўдалося яму запомніць. Ён перабірае, як па струнах, пальцамі па крысе новенькага свайго пальта і спявае рыхтык голасам Кабзона, на матыў колішніх «бамаўскіх» шлягераў:
— Ды не брашы ты!
— Бля буду, — клянецца Сержык. — Яны ведаеш як усе ў Бога вераць? Ты што!
Я ўздыхаю.
— Вось каб паглядзець…
На дзевак голых? Шчасце такое!
Сержык сплёўвае. Канечне! Тры сястры дома, на вачах, хочаш не хочаш усяго нагледзішся…
Аднак хутка першы рэйс аўтобуса. Варушыцца трэба. А то засядзеліся тут, закурыліся так і галоўнае, чаго добрага, прапусціш.
Хуценька ідзем да клуба. Мароз, сонца, ружовы снег, які скрып-скрып пад чаравікамі. Здорава! Проста нейкая дурная радасць у душы. А на прыпынку ўжо людзі. І два Міколы-імяніннікі сярод іх. Адзін — Піцерскі, двухметровая тычка, у новым кажусе, у хромавых ботах, якія блішчаць на сонцы халявамі; другі — гадоў пад шэсцьдзесят інвалід па мянушцы Пісталет. Абодва чакаюць гасцей. Піцерскі — свата, якога завуць Сідар (нам напярод, ад аднаго гэтага імені ўжо радасна), Пісталет сына з горада Варапаева.
— Здароў, дзяды! З празьнічком!
Сержык сама ветлівасць. Нават галаву пачціва схіліў, нават да шапкі дакрануўся. Але добра нас усе ведаюць тут. Мікола Піцерскі адварочваецца, не жадаючы не тое што гаварыць, а і пазіраць на нас.
— Сына з Варапаева жджэце? — мядовым голасам пытае Сержык у другога Міколы.
— Якое тваё сабачае дзела, — адказвае Пісталет, — каго я жду?
Значыць, у настроі, раз так кажа. Звычайна замахваецца каменькаю і крычыць на ўсю вуліцу: «Пайшоў на …, паскуства-гадасць!» Апошнія — самыя любімыя яго словы.
Скача Пісталецік з каменькаю, прытупвае, узяў ужо, канечне, пару «сотак» на грудзі. Паддзёўка на ім, афіцэрскім рамянём падперазаная. На адной назе валёнак у галёшы, на другой чаравік, падобны на артапедычны. Калі цёзку Піцерскага выгнала ў вышыню, дык гэтага ў шырыню — квадратная такая на неаднолькавых ножках трансфарматарная будка, з якой расце галава, што таксама здаецца квадратнай, бо на ёй салдацкая шапка з апушчанымі вушамі.
Такога кадра яшчэ пашукаць. У дзядзькі Міколы Піцерскага, акрамя службы ў войску і паездкі ў Ленінград, нічога больш за душою і няма; пра гэтага ж можна расказваць па гісторыі на кожную літару алфавіта.