— Ну і чорт з ёю, — Берасевіч старанна растаптаў, як чарвяка, акурак. — Вядзі!
Гучна ляпнулі веснічкамі. Пастукалі ў шыбу. Адразу ж засвяцілася яшчэ адно вакно, такое ж малюпасенькае. На ганак выйшаў босы дзядзька ў белым, з доўгімі сівымі валасамі, падобны на прывід, ці на смерць мужчынскага роду, толькі без касы.
— А-а, вось і госцейкі дарагія, няжданыя-няпрошаныя, нязваныя-някліканыя!..
І адступіў са святла ў ноч, прапускаючы іх.
Яны зайшлі. Моцна запахла прэллю, брагай і вагонным тамбурам.
Прадаўгаваты калідорчык і падобны быў на тамбур, вузкі, ледзь прайсці, ды яшчэ ляпіліся паўз сцяну нейкія скрынкі, бочкі, дзежкі, заваленыя зверху лахманамі. Асобна ў кутку, як ганаровы самавар у рускіх, стаяў старадаўні стрэлачнікавы ліхтар з ручкаю, і на падлозе, рассыпаныя, ляжалі брудныя, у мазуце трубкі чыгуначных флажкоў. У канцы калідора ў паласе святла паказалася дзяўчына, міг усяго пастаяла, зырачыся са святла на незнаёмцаў, і адразу ж знікла ў баковачцы. Але і гэтага хапіла — Берасевіч паспеў заўважыць, якая яна рослая, якая русая каса ў яе цераз плячо, як шчыльна аблягаюць спартыўныя штаны яе ногі і як адтатурчваюцца грудкі на кашулі з закасанымі рукавамі. Ухапіў ён усё гэта вокам і радасна і нядобра ўздрыгнуў: нічога сабе «малая». Хоць тут пашэнціла. Звычайна ў яго ну хто былі? — даяркі-цялятніцы, праўда, адна школьніца-гулёна, але часцей зусім нікога: каму тут узяцца ў цяперашніх вёсках, дзе на дзесяткі кіламетраў вакол адны бабулі, бярозы ды сосны.
У пакойчыку Лёня з Берасневічам знялі мокрыя ад расы і туману цяжкія ватоўкі. У рваным старым адзенні (якое ў Лёні ў запечку знайшлося), брудных ботах, няголеныя, змораныя, яны цяпер зусім сталі падобнымі на класічных браканьераў, ці на кулакоў са старых фільмаў, толькі абрэзаў не хапала. Што да гаспадара, дык той у сваім споднім нагадваў знянацку засталага, раптоўна ўспоратага з ложка сельсаветчыка, па душу якога кулакі і заявіліся.
Тут, на святле, праступіў прыблізны ўзрост кожнага. Лёня, спіты і зкураны, выглядаў на пяцьдзесят, Берасевіч на сорак, а гаспадар — на ўсе восемдзесят з гакам. Хаця, маючы такую дачку, наўрад ці быў ён намнога старэйшы за Берасевіча.
Берасевіч падыйшоў да маленькага люстэрка, умураванага ў сцяну. На яго глянуў аброслы, з чорнымі пісягамі ад расчаўленых камароў твар з дзікімі, трывожнымі вачыма. Раптам ён убачыў, што гаспадар стаіць ззаду, таксама пазірае ў люстэрка і нават як бы падміргвае яму, Берасевічу, нібы ведае пра яго непрыстойны сакрэт і вось-вось збіраецца агучыць яго.
— Што табе?! — Берасевіч хутка і чамусьці спалохана адвярнуўся ад люстэрка.
Сціплы стол ужо чакаў іх. Пачак солі, бохан хлеба і буталь самагону. Лёня з Берасевічам прыселі, «дзядзька Іван» — так Лёня паважна назваў гэтую старую сволач (а хто ж ён яшчэ, калі гандлюе ўласнай дачкой?) — абмыў у вядры маладую цыбулю, культурна паклаў перад кожным па корчыку — з белымі нітачкамі каранёў. Берасевічу дасталася чарка, якую дзядзька Іван выцер крысом сподняй сарочкі, Лёню — шклянка, а гаспадару — кубак з адколатай ручкай.
Дзядзька Іван узяў буталь, узважыў у руцэ:
— Вось я неяк…
— Дай сюды! — Берасевіч забраў буталь, наліў аднаму сабе, выпіў, тыцнуў у соль цыбулю і зачвякаў.
Лёню стала няёмка, а дзядзьку Івану хоць бы што. Ён падняў кубак (Лёня паспеў напоўніць) і, хітра пасміхаючыся, пачаў гаварыць тост:
— Хоць і сказаў Гарбачоў — нікакіх магарычоў…
— Ты на якім свеце?! — уперыўся ў яго, ажно жаваць перастаў Берасевіч. — Гарбачова няма ўжо гадоў трыццаць!
Лёня вырашыў умяшацца: маўляў, ціха, зараз я ўсім дагаджу.
— Вып’ем за тых, хто камандаваў ротамі… хто ў Ленінград прабіраўся балотамі…
Берасевіч са злобаю глядзеў на іх, слухаў і думаў — гэта ж жывыя Навінкі. Гарбачоў, Ленінград… А — зрэшты, хіба не гэтага ён шукаў, не такога хацеў? Апрашчайся, апускайся, ачышчайся — вось ён, народ, жыві ў ім. Аднак калі ён убачыў, як Лёня п’е — прагна, коўць-коўць, самагонка цячэ з куткоў рота, капае на грудзі, — Берасевіч не змог не пазайздросціць і яму, і гэтаму дзядзьку Івану чорнай зайздрасцю, іхнім простым, як сем капеек, паводзінам, прамому, як лінейка, мышленню, іхняму прымітыўна-амёбнаму ўспрыманню жыцця. Іх не будзе трэсці ад нерваў (хіба што з пахмялюгі), гэтыя не ведаюць пакутаў душы, у іх надзейныя лекі: выпіў — і «няма праблем».
Берасевіч перавёў вочы ўніз. З-пад стала вытыркаліся босыя ногі дзядзькі Івана, з парэпанымі ступакамі, бруднымі пятамі, крывыя пальцы з тоўстымі выпуклымі пазногцямі залазілі адзін на аднаго. Белыя кальсоны-споднікі з адарванымі матузкамі тут, на святле, аказаліся бруднымі, заношанымі, у жоўтых леапардавых плямах. Лёня перахапіў пагляд Берасевіча.