Выбрать главу

— Адзецца не паспелі, дзядзька Іван? — спагадліва спытаў ён.

— Не, я так заўсёды ў іх хаджу. У кальсонах. Слабадней целу, — ахвотна адгукнуўся дзядзька Іван.

VI

Дзядзьку Івана ўвогуле не бянтэжылі ні свае споднікі, ні прысутнасць гасцей. Пачуваўся ён менавіта як гаспадар — спакойна, упэўнена, з выглядам чалавека, у якога ўсё ў жыцці задалося і няма аб чым больш марыць. Не ён жа прыйшоў — да яго прыйшлі, значыць, маюць у ім патрэбу.

— …Тады Пятро чапляецца — пі, — расказваў ён манатонна, да ванітаў нудна. — Я кажу, не буду. Пі. Не буду. Ён зноў падступаецца — пі. Я ні ў какую…

Зацята маўчаў Берасевіч, глядзеў у стол перад сабой. Маўчаў, прыплюснуўшы вочы, натомлены, аглушаны алкаголем на старыя дрожжы Лёня.

— …Рыбакі лавілі рыбу, а спаймалі рака, — між тым перайшоў да новай тэмы дзядзька Іван. — І што ў той рыбе, было б там што есці, а то галава ды косці…

— Не хоча, — спахапіўся на слова рыба, пацёр вочы і крыху не ў лад адказаў Лёня. — Рыбка плавае па дну… Няма ні халеры.

— Ёсць. Лавіць трэба ўмець. Гэта ў вас у горадзе нічога няма. Толькі бегаюць узад-уперад. Таўкуцца, душацца…

— А вы даўно былі ў горадзе, дзядзька Іван?

— Даўно, і быць не хачу. Пятро расказваў. Прыедзь у Жыткавічы — не павярнуцца. Картоплі купляюць, — зарагатаў дзядзька Іван. — Як гэта, каб чалавек картоплі купляў?

Так завязалася і пайшла яшчэ адна бязглуздая тэма: гаспадар пачаў лаяць горад — адтуль, на яго думку, ішла распуста, гультайства і «амерыканскія грошы», Лёня вяла гэты горад абараняў:

— Чаму вы так кажаце… З розумам і ў горадзе можна жыць…

Калі субяседнікі замаўкалі, у цішы чуваць быў звон камароў. Берасевіч сядзеў насуплены, як сыч. Чым больш ён слухаў гэта, тым больш накатвала на яго, ціснула, распірала нутро. Рукі сціскаліся ў кулакі і хацелася неяк аслабаніцца фізічным дзеяннем, затупаць нагамі, закрычаць, каб гэтыя вырадкі заткнуліся, ці проста моўчкі падняцца і надаваць аднаму і другому па мардасах. Але замест гэтага ён перыядычна наліваў сам сабе і піў, не закусваючы.

Лёня з дзядзькам Іванам самі ўжо разумелі, што зацягваюць да бязбожнасці. Нарэшце Лёня памаленьку пачаў накіроўваць размову на галоўнае.

— Як Ларыска ваша?

— Ай! Ларыска… Чытаць-пісаць навучылі ў інтэрнаце, гаварыць пальцамі, а тады ўцякла, прыбегла сюды. Без жывата яшчэ. Але не надоўга. Такая сучка, што хай Бог крые і бароніць. Добра, што маці-нябожчыца не чуе, не бачыць — лёгка ёй на тым свеце ікнецца, — дзядзька Іван набожна перакрысціўся на пусты кут.

— Можа, сюды пазавеце? Час тавар глядзець…

— Ай! Што на яе глядзець. Маўчыць ды маўчыць. Гэта маці-нябожчыца, у той рот не закрываўся. І ў сне гаварыла, і сама з сабой, і памерла, гаворачы. Хусткаю сківіцу падвязвалі, як хавалі. Зямелька ёй хай будзе пухам…

Дзядзька Іван перакрысціўся ужо на Берасевіча, якому і адрасаваны былі словы. Затым так і складзенымі ў шчопаць пальцамі пачухаў падэшву, паднёс пальцы да носу, панюхаў…

Берасевіча перасмыкнула.

— Замаўчыце, п’яныя скаты!!! — ён грукнуў кулаком аб стол і ўсхапіўся. Адкінуў нагою табурэтку, падыйшоў да цёмнага вакна і, упёршыся далонямі ў брудны, шашалем зточаны падаконнік, пачаў глядзець у ноч.

Яго трэсла ўсяго.

VII

Спалоханыя Лёня з дзядзькам Іванам маўчалі. Берасевіч ведаў, што яны баяцца нават сагнутай, нямой спіны яго. Ён пастаяў яшчэ крыху і, не зірнуўшы ні на кога, нікому нічога не кажучы, быццам і не было тут нікога, цяжка шлэпаючы рыбацкімі ботамі па падлозе, пайшоў у калідор, шукаць дзяўчыну ў спартыўных штанах і з русай касою.

Ён зайшоў у абсалютна цёмны пакой, шчыльна прычыніў за сабой дзверы, чыркнуў запальнічкай, шукаючы ўключальнік. Прамільганула ў галаве: сціплая, напалоханая, забітая у куточак, з нацягнутай коўдрай да падбародка… Але ў гэты момант чужыя дзявочыя рукі яшчэ ў цемры абхапілі яго за шыю. Яна ажно павісла на ім. І ён зразумеў — якая тут коўдра да падбародка! — за сваё кароткае жыццё яна проста не ведае іншых адносін з мужчынамі, акрамя такіх, а можа і не хоча ведаць.

Лапаючы свабоднай рукой па сцяне, ён уключыў святло. Голая лямпачка спускалася на дроце са столі. Разасланая канапа. Стол, на якім аловак, блакноцік і паўбохана хлеба… Ён няўцямна глядзеў асабліва на гэты блакноцік. Затым моцна, аберуч сціснуў яе за плечы, падцягнуў да сябе, блізка ўзіраючыся ёй у вочы. Як ва ўсіх, у каго фізічны недахоп аднаго органа кампенсуецца развіццём другога, вочы замянялі ёй і слых, і голас, і былі занадта выразныя, сур’ёзныя, і старылі яе.