Берасевіч адвярнуўся.
— Я… не той, не такі… Калі не хочаш — не трэба… Я ўсё роўна заплачу, дам грошы, многа!..
Яна толькі пасміхалася. Яна не разумела, што ёй кажуць. Яго дабрыня ні прама, ні ўскосна не магла быць ацэнена ў гэтым глуха-нямым, мёртвым царстве. І тады ён вылаяўся брудна, адчайна, бо ўсё было супраць яго, — наваліўся на яе, сапучы, раз’юшана распранаючы, выдзіраючы «з мясам» гузікі на кашулі… І ўзяў яе моўчкі, без прэлюдыяў, па-жывёльнаму. А калі ўсё скончылася, адарваўся ад яе, сеў за стол, адламаў кавалак хлеба ад бохана і пачаў есці. Варушыліся сківіцы, падалі з рота крошкі. Працягваючы жаваць, ён падцягнуў да сябе нататнік, аловак, і дрыготкай рукой, ламаючы графіт, накрэмзаў вялікімі друкаванымі літарамі: «Пішы заяву ў міліцыю!»
Накрэмзаў, перачытаў. Але нататнік ёй падаваць не спяшаўся. Хіба так, у зашмальцаваным блакноціку заявы пішуцца? Хто такую разглядаць будзе, хто ўсур’ёз прыме? Хто паверыць? Зрэшты, знойдзецца нармальная папера… І тады раптам возьмуць… ды і павераць. І ўсе твае, Берасевіч, клопаты звядуцца да адбой-пад’ёму, да таго, плюхнуць у алюміневую міску большую порцыю баланды ці меншую…
І ён зноў адчуў, як падымаецца ў ім, накрывае яго з галавой знаёмая, яшчэ большая хваля страху, бяссілля і злобы, і няма ад яе ратунку, не памагае ні гарэлка, ні гэтае дзяўчо, якую ён таксама пачынае ненавідзець, і не паможа міліцыя — хіба што сатана на тым свеце! Ён ляпнуў аб падлогу блакнот, рынуўся да яе — хруснуў пад ботам аловак, падмяў пад сябе і з яшчэ большым азвярэннем, з юрам адурэлага самца зрабіў тое ў другі раз, і ў трэці. І толькі тады пустата, млосць, знямога, як у наркамана пасля ўколу ці ў п’яніцы пасля пахмельнай шклянкі, ахапілі яго, закружылі, і ён заснуў хутка і мёртва — так, што нават не чуў, як яна выграбалася з-пад яго бязвольнага, друзлага цела.
Раніцай Лёня, пазяхаючы, матляючы галавою, распраўляючы зацеклыя косці, — спаў ён адзеты, дзе й сядзеў, на табурэтцы, галавою на стале, — убачыў Берасевіча, які ўвайшоў у кухню… І не пазнаў яго.
За ноч Берасевіч ператварыўся ў іншага чалавека. З вачэй сышла трывога, на твары гуляла ўсмешка абсалютна здаровага, дужага, упэўненага ў сабе мужчыны. Шчаціна на шчоках не старыла, а наадварот, свяжыла яго. На такіх звычайна прыемна глядзець, і хочацца парадавацца чужой радасці, сказаць добрае слова ці хоць бы ўсміхнуцца ў адказ на ўсмешку.
Аднак нічога гэтага Лёня не зрабіў.
— Ну што, вып’ем за тых, хто камандаваў ротамі? — адводзячы вочы, вяла прапанаваў ён.
— Не, дзякую! За руль жа мне.
— А, тады не праблема…
У вёску Лёня ісці адмовіўся. «Галава трашчыць… Самі дойдзеце. За семафорам — гравійная дарога, гэта ж не ўночы, днём — не праблема…»
Берасевічу і не трэба былі праважатыя. Сапраўды, цяпер ён дойдзе, куды трэба. Да таго ж ён разумеў, што Лёня не столькі хоча застацца, колькі не хоча больш бачыць Берасевіча, не хоча ісці з ім побач, і што цяпер, пасля гэтай ночы, яго гняце роля зводніка… Прыгнечаным, непахмеленым і няшчасным ён выглядаў.
Берасевіч нават адчуў некаторую віну перад ім. Але нічога не зробіш. Не ім такое жыццё прыдумана.
Калі расплачваўся, Берасевіч першы раз у жыцці саступіў свайму заўсёднаму правілу: даваць роўна палову ад абяцанага. Разлічыўся з усімі напоўніцу, нікога не пакрыўдзіў, кожнаму, як і абяцаў, па пятнаццаць даляраў. Лёню, такім чынам, дасталося ажно трыццаць.
— За гасціннасць!
Дзядзька Іван, разгублены ад шчасця (яму здавалася, што даў ён мала, а атрымаў многа), то пазіраў на тры зеленкаватыя пяцёркі ў сваёй руцэ, то пераводзіў вочы на такія ж самыя, што трымала дачка. Ён не разумеў, за што ёй заплацілі, чым яна заслужыла? Ён забыў ужо, як лаяў ўчора «амерыканскія грошы», і ўсё паўтараў-перапытваў:
— Вось выдумалі — ёй даваць… Нашто яны ёй?
Потым дайшло да яго, а раптам гэта аванс.
— Можа, яшчэ чаго? Вы хоць не пакрыўдзіліся? Ці ўсё добра? Самагонкі з сабой вазьміце!
— Нічога не трэба.
— Тады яшчэ наведайце калі!.. Прыязджайце!..
— Прыедзе, не праблема, — сказаў Лёня.
Берасевіч не сказаў нічога. Думкамі ён быў ужо далёка. Трэба было яшчэ заехаць па дарозе да цесця ў дом састарэлых (не, не любіў гэтай назвы Берасевіч — лепш — у «хоспіс»), купіць дачцэ смартфон — зімой яшчэ абяцаў, ды і жонка даўно нікуды не выбіралася, варта заказаць пуцёўку, у сэнсе дзве: жонцы і дачцэ — у той жа Егіпет ці ў Турцыю, а мо раскашэліцца і на Італію… Цяпер ён усё можа. Яго цягнула на добрыя справы. Хутчэй бы да машыны, такой мілай, камфортнай, любімай больш за… Дома найперш вымыцца, пагаліцца, пазногці апратаць, адзецца ў чыстае, гальштук…