Выбрать главу

а) — стральба кабана. Справа ў тым, што наш Мікола баіцца, калі свіней рэжуць ці колюць (дарма што хлусіць, што ваяваў, нават з пісталета страляў — адсюль мянушка), і заве на такія выпадкі лесніка са стрэльбаю, таксама, дарэчы, Міколу. Пісталетава хата роўненька праз вуліцу насупраць крамы. Аднойчы Мікола-ляснік прамазаў. Куля прабіла кабану лыч і ўляпілася ў магазінскія дзверы. Спрацавала сігналізацыя. Выхадны дзень, раніца, магазіншчыца ў нас з горада, а як у той горад паведаміць? Як туды дазваніцца, калі адзіны тэлефон стаіць у гэтай самай краме? Словам, сірэна выла больш за суткі, пакуль не прыехала ў панядзелак і не спыніла гэты кашмар прадаўшчыца… А заманліва, праўда, гэтую лінію развіць? Як з таго часу сігналізацыя пашкодзілася і пачала спрацоўваць самавольна, і да яе так прывыклі, што калі аднойчы ўночы да крамы ціха падруліла аўто з фургонам…

б) — халяўная выпіўка. Летні вечар, каля крамы змораныя за дзень мужчынкі п’юць «Праменнае» нуль восем. Паселі ў радок, як ластаўкі на правадах, на жэрдках. Закусваюць вахлямі. Пісталет, глытаючы слінкі, скача побач — не завуць яго! Тады прыдумваецца наступнае. Мікола падчыльгіквае да дзядзькі Агуста, худзюшчага і з чорным ад жыцця і ад п’янкі тварам, і пачынае выціраць яму далоняю вусны. «То я ваклю еў», — вяла адмахваецца Агуст. — «Я не знаю, што ты еў! Мо ты мел еў! Стой смірна, паскуства ты, гадасць!» Ну, як пасля такога не аддзячыць чалавека? Не наліць «чарніла» паўшклянкі?

в) — як жывога бацьку пахаваў. Рэвізія ў краме (чамусьці з крамаю гісторыі ўсе звязаныя, цяпер толькі заўважаю; нейкія ўсе «крамныя», ці «крамольныя»?..). Рэвізія рэвізіяю, а піць жа трэба! Пісталет бярэ сваю Аксеню, якой яшчэ раней паленам адбіў мазгі і яна развучылася гаварыць, ідуць у магазін, так і так, бацька (на другім канцы вёскі жыве) памёр. Ну, раз так… Колькі будзеце браць? Скрынку «чарніла». Узяліся з Аксеняю з двух бакоў, перанеслі праз вуліцу. Да канца рэвізіі хапіла. А стары бацька перажыў сына гадоў на дваццаць.

г) — як бульбу капаў («Аксеня, пасунь каша, паскуства ты, гадасць!» д) — як тавар пасвіў, на лісапеце, з будзільнікам у кішэні. ж)… з)… Каму не смешна ці не цікава ўсё гэта, раю паслухаць у Сержыкавым выкананні… вось толькі, праўда, не скора такое стане магчымым. Сядзіць недзе ў «суворай» аршанскай турме Салавей наш, матчын сынок наш, анёльчык, якому ў задніцу дзьмухалі, тэрмін «цягне», трэцяя ходка — і ўсё па дурасці, усё ад разбэшчанасці, інфантыльнасці, ад таго, культывуемага некалі намі стаўлення да жыцця як да нечага несапраўднага, несур’ёзнага!.. Першы раз па п’яне ўтапіў Сержык дзяржаўную машыну ў рэчцы — год з паловай. Другі — недзе ў Калінкавічах (Гарасёў па блату зрабіў яму там кватэру) пабіўся з нейкім дзедам, пенсіянерам нейкім, на трыццаць тры савецкія рублі, вызначыць суд, «знёс» яму ўстаўных зубоў — два гады плюс кампенсацыя. І вось цяпер трэці раз, за штосьці, здаецца, зноў з нейкім пенсіянерам звязанае можа, і з тым самым.

Аднак Пісталета забылі. е) — вось хоць бы і гэты сын з Варапаева. Ніколі ніхто яго ў вочы не бачыў, як і ніхто не чуў, дзе гэтае таямнічае Варапаева?.. У тыя далёкія, дарагія гады я і падумаць не мог, што сам некалі буду мець да гэтага горада дачыненне. У 80ыя з літсуполкаю «Тутэйшыя» выправіліся цягніком у Дрысу, каб адтуль на лодках плыць у Дзвінск, пратэставаць супраць будаўніцтва ГРЭС, ці што, не помню («хто без чаўна, хто на чаўне мы шпацыруем па Дзвіне»), і вось ўночы, калі рабілі перасадку на глухой, пустой і цёмнай станцыі, раптам кінулася ў вочы — Варапаева!

Аднак да-а-алёка яшчэ да начной перасадкі і да шпацыру па Дзвіне. Пакуль і без таго цікава. Вунь аўтобус ужо выплывае з-за павароту. Тармазнуў, праехаў юзам па слізкай шашы. Расчыніліся дзверы — і вось нам першая ўзнагарода за чаканне. З пярэдніх дзвярэй вывальваецца, не выходзіць, не саскоквае, а акурат неяк бокам вывальваецца Міколаў сват дзядзька Сідар. Упаў на калена, падхапіўся і выдаў на ўсю вуліцу наступнае:

— Э-эх, ты, у Госпада Бога душу Ісуса Хрыста краста маць перамаць тваю Прасвятую Багародзіцу… ў Пятра і Паўла рогі маць!..

Ашаломленыя, мы з Сержыкам нават не смяемся. Ну, калі такі зачын, сумна сёння не будзе!

— Сват, а мо не гнявіце ў Бога? — просіць Мікола, азіраючыся.

Яму сорамна за свайго госця перад людзьмі. За гэтыя брыдкія яго словы, за тое, што прыехаў паддаты і з пустымі рукамі. Што боцікі ў яго нячышчаныя, дзіравыя, і ў адзін калашына ўбілася. Што зялёнае пальточка расхлістанае, без гузікаў, шаліка няма, праз расшпіленую брудную кашулю свеціцца худая шыйка… Росту дзядзька Сідар нашага, падлеткавага. І калі сваты пайшлі па вуліцы Мікола далікатна падтрымліваў Сідара за локаць, вялікі з малым, дык ззаду здавалася, што дзед вядзе дамоў наравістага ўнука.