Астатнія пасажыры прывезлі хоць нейкае адчуванне свята. З гасцінцамі, з тортамі ў руках цэлай працэсіяй расцягнуліся па вуліцы. Апошнім сіратліва клыпае Пісталет. Зноў да яго так і не прыехаў сын з Варапаева. Нічога, будзем старымі гісторыямі жывіцца! Хай сабе клыпае, балазе, яму недалёка, вунь насупраць крамы хата, — ды «квасіць» там са сваёй Аксеняю. А тое, што не пагаворыш з ёю, хай на сябе крыўдуе — не трэба людзей біць паленам па галаве, тым больш жонку.
Бліжэй да абеда пад’ехаў яшчэ аўтобус. Ажыўленне, рух на вуліцы і ў дварах! Напаўняецца вёска людзьмі. Нарэшце, пад вечар, яшчэ навіна, самая важная — музыкаў «пазік» прывёз! Да гэтага часу паспелі ўжо напіцца, наесціся, наспявацца, хто і пакімарыць, набіраючыся сілы перад другім таймам… Самы час пахмяліцца, асвяжыць халоднай вадою рыла — і ў клуб, на танцы!
Мы з Сержыкам пабылі ў мяне, потым у яго. І там, і там сядзелі за сталом і ўсё адно ўмудрыліся застацца амаль галоднымі сярод гэтага банкетавання, гэтага багацця розных смажанняў, тушэнняў, марынадаў, грыбкоў-гуркоў-памідораў… Ну, не лезе дома! — асабліва калі яшчэ госці, ды ў рот пазіраюць… Гэта за вуглом дзе-небудзь, у тых жа карчах на рэчцы, калі гаварыць трэба шэпатам, азіраючыся, піць з рыльца, закусваць якім-небудзь белым ад тлушчу кавалкам гусяціны, што толькі што выслізнуў з рук пад ногі, а ты падбіраеш, абдзьмухваеш — і ў рот, «зубамі яго, зубамі»!
Можна было б і ў карчы, але ж часу шкада. Ужо нават у нашым канцы чутно, як у клубе наладжваюць інструменты, як зуммерыць бас-гітара, піліць, нібы скрыпка, сола-, пераліваецца іоніка, бохае барабан-«нажнік» і медна бразгочуць ударныя талеркі…. Вось-вось пачнецца першы этап гульбы; тут свая традыцыйная іерархія. Гадзінаў да дзевяці-дзесяці вечара будуць тупаць-шоргаць свае «падыспані» з «карапетамі» старыя, потым перапынак — пакарміць-папаіць музыкаў — і другая, маладзёва— «культурная» частка, танцы да ўпаду, гэта значыць, да бойкі.
Аднак нам з Сержыкам і на першую, «нямодную» частку трэба паспець кроў з носу. Бяжым ледзь не бягом. У меншай хаце Міколы Пісталета гарыць святло. Ну як тут не спакусіцца, як тут прайсці спакойна? Прабіраемся паўз сцяну да вакна, я з аднаго боку рамы, Сержык з другога прыліпаем насамі да халоднага, заінелага з сярэдзіны халоднай, няпаленай хаты шкла. Сёе-тое можна разгледзець. Аксеня, сухая, сівая і страшная, як смерць, сядзіць адна за сталом. Прыставіла да вуха будзільнік, той самы, з якім Пісталет Мікола кароў пасвіць… На твары — жудкаватая ўхмылка шчасця. Цікае!
— Ксеня, паскуства ты, гадасць! — крычыць Сержык Пісталетавым голасам і барабаніць у шыбіну.
Бразкае аб стол будзільнік. Аксеня падскоквае і бяжыць за печ хавацца, а мы з лёгкасцю ў душах, з пачуццём выкананага абавязку, не забыўшы зачыніць за сабою веснічкі, спяшаемся ў клуб.
Яшчэ здалёк нас сустракаюць гукі «полькі». Усярэдзіне ў клубе пакуль чыста, не накурана, не наплёвана, падлога вымытая. Музыкі размясціліся на сцэне, збітай з новай дошак; паўз сцены — лавы. Парассядаўся народ, самае старыччо і тыя, хто не таньчыць ніколі, толькі назірае, запамінае, каб потым цэлы год абгаворваць, як хто Міколу гуляў.
Мы выбіраем месца, адкуль нам усё відаць, а самі мы і незаўважныя, ціхенькія, сарамлівыя, смірнененькія.
Ідуць танцы! Мужчыны мокрыя ад поту, але ніводзін не расшпіліць верхні гузік цеснай кашулі — ён замест гальштука. Жанчыны ў хустках, у аднолькавых панчохах і ў аднолькавых дубаскурых тухлях, якія, раз у год надзетыя, націраюць ногі да крыві, адсюль і пакута ў вачах замест радасці… Зрэшты, і мужчыны такія ж самыя. Сур’ёзна, спаважна таньчаць людзі, як павіннасць адбываючы, туп-туп-туп, раз-два-тры, паварот, і ўсё гэта моўчкі, без усмешак, без ахвоты, з выглядам, што трэба ж неяк перабыць і гэты, раз на год патрэбны абавязак.
Пасіўны настрой іхні перадаецца і музыкам. Іграюць яны ляніва, неахвотна, знарок збіваюцца, фальшывяць… На тварах — пагарда да «крастоў» з іхнімі «калхознымі» танцамі. Яшчэ і ўпрошваць музыкаў даводзіцца, каб сыгралі той жа «карапет» ці «рэчаньку». «Мы ж таксама грошы давалі!» — нават да такіх аргументаў даводзіцца апускацца. Толькі чыхаць музыкам на вашыя праблемы. Ім што, цікава, як вы гэтага дня чакалі, як рыхтаваліся да яго, як прыбіралі клуб, сцэну рабілі, падлогу вышароўвалі; як яшчэ месяцы за два да свята хадзілі старэйшыя хлопцы па хатах, грошы на музыку збіраць, і як адрывалі ад сэрца скупаватыя людцы траячкі і пяцёркі — у залежнасці ад таго, колькі танцораў у сям’і, і як дзівілся: «Чаго так многа, заўсёды ж па рублю было!», на што ім цярпліва, з разуменнем цемнаты іхняй адказвалі: «Дык цяпер жа ансамбль будзе!» Што там ужо за ансамбль, хоць бы глянуць адным вокам, паслухаць адным вухам… Глянулі? Паслухалі? Гэта вам не баян з бубнам (апетыя некалі мексіканцам нашым, Клімовічам Вовам зпад Ліды), тут культура — разумець трэба!