Выбрать главу

Аднак хоць так, хоць з горам папалам, а йдзе гульба. Падцягваецца памалу моладзь. Пайшлі ўжо ў танцах змешаныя пары-тройкі: стары з маладою, ці наадварот. Каму сапраўды тут весела, дык гэта Міколу Пісталету. Прыстроіўся да сцэны, бліжэй да музыкаў, знайшоў занятак — танцы агучваць.

Выйду на рэчаньку Гляну на сяло-о-о!

спявае ён, свецячы жалеззем у роце, трымаючы перад сабою, як мікрафон, каменьку. І не выцягвае, заходзіцца ў кашлі. Нічога — з другога канца клуба Сержык яго голасам яму памагае:

Дзеўкі гуляюць — А мне не весяло!

Эфэкт! Нават музыка на нейкі міг разладжваецца, нават танцоры застываюць у нямой сцэне: што такое?! Хто спявае? Два Пісталеты ў клубе, па розных кутках, ці што?!

— Ідзі вон адсюль, паскуства ты, гадасць! — крычыць Пісталет, не бачачы Сержыка.

А той штурхае мяне ў бок. «Вунь, глядзі, дзеўкі-штунды Гермачышыныя!» Гляджу. Дзеўкі як дзеўкі. Беленькія, прыгожыя. У джынсіках. Ні на якіх штундаў-цемрашалаў (так нас у школе вучаць) не падобныя. Адна нават пайшла «падыспань» таньчыць, з высокім Міколам і нізенькім Сідарам. Тры крокі ўперад, тры назад, перакрутка… Дзядзька Сідар у захапленні.

— Э-э-эх, ты ж і дзеўка… я б табе яшчэ… у тваю Госпада Бога душу!..

— Сват, не гнявіце ў Бога! — крычыць Сержык. Мы з ім заходзімся ад рогату.

Дзеўка толькі рдзеецца і патупляе вочы…

Перапынак. Музыкі п’юць і закусваюць проста на сцэне. Народ вывальвае на двор — перакурыць, таксама падзаправіцца… Нарэшце вось яна, кульмінацыя! Падняў бубнач над галавою палачкі, стукнуў тройчы — панеслася! Расступіся, старыччо, хавайся пад лаўкі, да сцен туліся! Адэса-мама, гэта табе не дулі вераб’ям паказваць! Саступі, Пісталет, месца профі!

Спявае саліст. Не так спявае, як выкідвае з сябе словы, крыўляецца, манернічае, ніжнюю губу аттатурчвае. На твары — адчуванне сваёй значнасці, ці нават так: месіянерскай важнасці носьбіта культуры ў масы.

…И если вам в Одессе выбьют глаз… «А может два!!!» — падхоплівае клуб. …То этот глаз не вставит сам Филатов!..

Опа, опа, опа! Давай, давай! Вучыся, цемната на босу ногу, гэта табе не «карапет» з «падыспанем», тут «ансамбля», сам, бля! Гудзе клуб, стаіць тупат, звіняць шыбы, пагрозліва калываецца груба без коміну — цагляная бандурына, паралелепіпед метры два ў сячэнні і тры ў вышыню…

Клуб, калідор поўныя народу. Але на дварэ яшчэ больш. Кучкуюцца, выпіваюць хто стоячы, хто на якіх бярвеньнях, на жэрдках, на выступе падмурка седзячы… Накаляецца патроху атмасфэра. Ужо нават лакальныя, лёгкія сутычкі сям-там. Але ўсё гэта пакуль пакуль несур’ёзна, так, размінка.

Мы з Сержыкам цягнемся ў самы дальні, глухі куток двара і натыкаемся на кампанію чалавек з дзесяці. Сярод іх і нашая бялявенькая «штунда», што так зачаравала дзядзьку Сідара. У адной руцэ ў яе цыгарэта, у другой чарка. На нас ніхто не звяртае ўвагі. Толькі гэтая бялявая.

— Вазьмі да сябе начаваць, — просіць яна раптам Сержыка п’яным голасам.

Што такое!? Сябар мой, ды ты разгубіўся?! Не пазнаю цябе! Можа, ты нават пачырванеў? Шкада, не ўбачыць гэтага ў цемры…

— У мяне сваіх, такіх, як ты, поўная хата, — знаходзіцца Сержык нарэшце.

— Якія вы шчаслівыя, што нарадзіліся хлопцамі, — кажа яна з уздыхам. — Як я вам зайздрошчу…

Мы нічога не разумеем.

А час ідзе. Пакрысе пусцее клуб, разбрыдаюцца па хатах старыя. Усё даўжэйшымі робяцца паўзы паміж танцамі. І ўсё прыбывае агрэсіўнага, гарэлкаю і адэскімі скокамі заведзенага народу ў двары.

Хутка фінал! Ужо нецікава. Як ні не ўвязваецца з хрысціянскім Святам усё папярэдняе, але канцоўка ў яго ўжо проста пачварная. І дзеўкі! — нават малыя дзеўкі не разыходзяцца, а назіраюць — з прагнасцю, з шалам у вачах, аблізваючы вусны… Крыкі, трэск платоў, удары, падзенне целаў, мацюкі, жаласлівыя просьбы не біць больш і жывёльнае манголататарскае гіканне пераможцаў…

— Э-эх ты… тваю Госпада Пятра-Паўла-Камчацкую… маць перамаць Святую Дзеву!..

Вылятае з клуба на ганак спіною да людзей дзядзька Сідар — і не ўстойвае на нагах. Пакаціўся па прыступках, як Чарлі Чаплін у кіне, стукаючыся задніцай. Пад ганкам лёд, цвёрды, бетон, а не лёд… Бух!