Тыя, хто бліжэй, выразна пачулі, як з трэскам сухой палкі хруснула костка.
— Сват, я вас ж прасіў — не гнявіце ў Бога!..
Мікола Піцерскі мітусіцца вакол шалапутнага сваяка, не ведаючы, што рабіць, чым памагчы.
Сідар падняўся сам. Пераламаная мёртвая рука вісіць, як пустое рукаво. Па няголеных шчоках коцяцца слёзы. Ад болю ён цверазее на вачах. Для яго свята скончана.
Ды і нам пара ўжо, уласна кажучы, па хатах… Да новай зімы, да новага снегу, да новага Міколы!
13. Настаўнік
Мы ўвесь час будзем паўтараць — нам, у прынцыпе, цікава («а хоць цікава?», як пытае адна рэдактарка ў аўтараў) — нам цікава, як маленькі дзікун, з такім эмацыйным, неўраўнаважаным характарам, з такой схільнасцю да авантур, без такога цара ў галаве, без малейшага разумення таго, што жыццё — гэта не вясёлая пагулянка, а латэрэя, што яно небяспечнае, гэта хаджэнне па лязу, балансаванне, і ў любую секунду, у кожны міг можна сарвацца ўніз, у нікуды — як ён умудрыўся проста фізічна выжыць, не кажучы пра тое, каб данесці да 45-цігадовай мяжы яшчэ нейкую Божую іскру-жарынку?!.
Трэба была моцная процівага, каб выправіць гэты крэн у галаве. Трэба быў неардынарны чалавек, постаць, філосаф, бацька, дзядзька, брат, сват — карацей, настаўнік.
І такі з’явіўся. Новы герой ўступае на старонкі рамана — настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Вучыў ён не так, як іншыя, вучыў не столькі свайму прадмету (не зубрыць «пан сахі і касы» — касавокі), колькі ўменню выжываць, жыццю ўвогуле, уганяючы ў нас прапісныя ісціны ледзь не сілком, так і кажучы — «дубінаю трэба ўбіваць у вас веды!»
І як жа гэта прыемна, заблукаўшы ў лабірынтах формы і зместу, дайшоўшы ледзь не да абсурду, вяртацца да старых, добрых, вечных сентэнцый і проста лішні раз паўтарыць іх: дуб — дрэва, Андрэй — імя, лета — пара года, Беларусь — наша Радзіма…
«Слова — срэбра, маўчанне — золата».
«Дзве бочкі ехалі, поўная маўчыць, парожняя — бу-бу-бу…»
«Пакорнае цяля двух матак ссе».
«Пішыце так, каб свой почырк маглі рабіраць толькі вы».
Мы помнім («Кнігі»), як ашчаджалі нашы мазгі ад перагрузкі кнігамі; гэты ж наадварот: «Толькі чытанне зробіць вас людзьмі. Чытайце хоць праз сілу, упітвайце, утоптвайце, пакуль мазгі маладыя!»
І, бедны, намучыўшыся з намі, і такое:
«Часала сякера сукаватае бервяно і сама стала тупой!» Сякера — ён, бярвенні — мы…
Усё гэта на цяперашні розум, а тады яго навука здавалася нам непатрэшчынай, дзівацтвам.
14. «Міхаіл Іванавіч»
Увесь клас ведае, што яна кахае яго, і гэтага не могуць ёй дараваць.
Яна, сямікласніца Таня, — стройная, цемнавокая, выдатніца, на якую заглядаюцца хлопцы са старэйшых класаў, калі выпадае сумесны ўрок фізкультуры і яна паказваецца перад усімі ў сваім трыко і ў белай з зялёным маечцы; яна, якую яшчэ гэтым летам увечары на лаўцы можна было пацалаваць, «пажмакаць» і якая нікога цяпер да сябе не падпускае… Яна — і Міхаіл Іванавіч!
Ды проста «Міхаіл», з якога трэба смяяцца, кпіць, які, калі не ў гуморы, можа цэлы ўрок прамаўчаць, або можа, наадварот, цэлы ўрок расказваць анекдоцікі; якому ўжо за пяцьдзесят, у якога свой дом у блізкім горадзе, сварлівая жонка і трое дарослых незамужніх дачок; добры, вахлакаваты, падобны не на настаўніка, а на вясковага гультаяватага дзядзьку. Ды ён і гаварыць толкам не ўмее, гаворыць па-мясцоваму — ні па-руску, ні па-беларуску, а выкладае родную мову і літаратуру. Ён — усіхні, легенда школы, ён вучыў іхніх бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр, гэта пра яго, смеючыся, расказваюць меншым: «Пачакайце, дойдзеце да шостага класа, да Міхаіла, — ён вам мазгі ўставіць!»
Вось што такое «Міхаіл». I яго кахаць? Такой дзяўчынцы?
Ён заходзіць у клас хвілін праз пяць пасля званка, няўклюдны, бокам пралазіць у дзверы, абавязкова стукнецца плячом ці локцем аб вушак, са стосам сшыткаў, кніг пад пахаю, пачынае «раскладацца» (яго слоўка) на стале. Кнігі з году ў год, з класа ў клас адны і тыя ж, зацяганыя, зашморганыя, зачытаныя: Колас «Новая зямля», Багдановіч, Купала, чамусьці Пушкін, «Слоўнік беларускай мовы» Крапівы… «Рас-клаўшыся», Міхаіл Іванавіч прычэсваецца — далоняю закідвае з ілба на патыліцу доўгую пядзю валасоў, загладжвае за вушы, тады дастае з кішэні шырокіх, заношаньіх і непрасаваных штаноў скамечаную насоўку і гучна трубіць-сморкаецца. Сёння ён добры.
— Учора дастаю платок, у шостым класе, толькі высмаркаўся і назад класці, у карман, а Вася: «Э-э, Міхаіл Іванавіч, пакладзіце на месца нашу трапачку!»