Выбрать главу

Рогат.

— У іх з дошкі анучка прапала, дык ён, паразіт малы, думаў, я забраў і смаркаюся ў яе.

Ён праходзіць між радоў, правярае, як зрабілі хатняе заданне. Каля таго, у каго пуста ў сшытку, пастаіць, памаўчыць.

— Ручка зламалася, Міхаіл Іванавіч, — заўсёднае апраўданне.

— Дык пісаў бы ножкаю.

Тані не глядзіць нават у сшытак, адразу выводзіць ёй у дзённіку прыгожы, з закручаным хвосцікам «пятак».

— Вось на каго раўняйцеся, чарты дзікія, — лагодна, задаволена кажа і йдзе далей.

Ах, лепш бы ён маўчаў!

Перад Таняю на парту падае запіска, у ёй малюнак — людзі з тонкімі штрышкамі, што азначаюць рукі-ногі, зліліся ў палавым акце. Да верхняга чалавека вядзе стрэлачка і падпісана «Міхаіл», да ніжняга такая ж стрэлачка і ўказана: «Т. Мяцельская». Таня, прыжмурыўшы вочы, азіраецца, пасміхаецца і камечыць паперку.

Рэдка, але бывае, што Міхаіл не ў гуморы. Калі не вывучылі на памяць верш, ці не перапісалі практыкаванне па мове. Тады пачынаецца самае цікавае. Настаўнік моўчкі сядае за стол, разгортвае адну са сваіх кнігі чытае. У класе страшэнны гармідар. Пачытаўшы, Міхаіл Іванавіч знянацку падхопліваецца і ляпае кнігай аб стол, — пачынаецца.

— Ну, скацінушкі! Ну, гаспада Галаўлёвы! Малайцы, выкідайце кату пад хвост маладыя агні, маладыя жаданні! Пераводзьце кроў на воду! Вы ж прападзеце, як мышы, у вялікім свеце! Без навукі! Без чытання! Каму вы трэба цяперашнім часам?! Не даў Бог бацькам грошай, палат каменных — дык не чухайцеся, чэрці, на печы, а чытайце! Цярплівасцю бярыце, пакуль галовы маладыя, сілком, напаўняйце сябе ведамі!

Пачынае настаўнік без запалу, нават абыякава, быццам ведае, што тут кажы ні кажы, усе адляціць, як гарох ад сцяны. Але паступова натхняецца, дзябёлы твар яго чырванее, голас робіцца пагрозлівым, быццам перад ім не падлеткі — учарашнія дзеці, а крэўныя ворагі. Ён пачынае глядзець паверх галоў і цадзіць праз зубы, адсякаючы доўгім тоўстым пальцам кожнае слова:

Маленькие, серые людишки Бродят по земле моей Отчизны, Ищут все дешевенького счастья, Гэткія трусы і ілгунішкі!

— Дык вось, не бывае таннага шчасця, папомніце мяне! Шчасце трэба заслужыць, крывёю заплаціць за яго!..

Усе нагнуліся над партамі і хіхікаюць, а Тані ў такія хвіліны страшэнна сорамна за яго; яна думае, што і з яе гэтыя хіхікі; такім настаўнік перастае падабацца ёй і яна ўжо не адчувае пяшчоты, гледзячы на яго штаны, на пінжак, пацёрты на локцях, на прышытыя рознымі ніткамі гузікі кашулі… «Што ён кажа? Навошта, каму?» — думае яна і таксама, як і ўсе, схіляе галаву над партай.

Аднойчы пасля выхадных ніхто з класа не зрабіў хатняга задання. I Таня таксама. На выхадныя прыязджала з горада Надзя, старэйшая сяброўка, якая вучылася ў тэхнікуме, Таня пайшла з ёю ўвечары ў клуб, на танцы, потым за клубам Надзя курыла, Таня папрасіла і яе навучыць… Словам, загулялася, і не да ўрокаў было.

— Малайцы! — сказаў Міхаіл Іванавіч, прайшоўшы між радоў і глянуўшы сшыткі. — Усё правільна — гуляй, Ванька, Бога нет!

I сеў сабе моўчкі за стол і чытаў, ні на што не зважаючы. У канцы ўрока падняўся, сказаў гнеўна, ківаючы тоўстым пальцам:

А вы земле проживете, Как черви слепые живут.

(Узмах рукою)

Ни сказок про вас не расскажут, Ни песен про вас не споют!

— Усіх пакідаю пасля ўрокаў. (Урок беларускай мовы апошні.) Перапісвайце, спісвайце адзін у аднаго, што хочаце рабіце, хоць на галовах стойце, — але кожны падыдзе да стала, пакажа практыкаванне, тады свабодны.

Потым, пакашляўшы, але ўсё так жа строга:

— Ты, Таня, можаш ісці. Я цябе адпускаю.

— Я не зрабіла, Міхаіл Іванавіч.

— Значыць, у цябе была важная прычына, — спакойна адказвае настаўнік. — Ідзі.

Дзяўчынка не кранаецца з месца. Праз момант ёй зноў ззаду кідаюць на парту запіску — тою ж рукою зноў намаляваныя людзі, сукупленыя ў палавым акце.

Перапісваюць практыкаванне хутка, каб паспець яшчэ да званка, падносяць адзін за адным да стала. Міхаіл, нават не правяраючы, ставіць каму пяцёрку, каму чацвёрку, і адпускае. Таня, нізка схіліўшыся над сшыткам, марудна выводзіць кожную літарку.

Урэшце яны застаюцца адны ў класе, настаўнік і вучаніца.

— Таня, давай дзённік, — кажа Міхаіл Іванавіч, устае і пачынае збірацца. — Я табе даўно ў журнал пяцёрку паставіў.

Дзяўчынка бярэ партфель, сшытак, падыходзіць да стала: