Так тлумачыць аўтар, апраўдваючы сваю паўтаральнасць. «Я ведаю, што мільён разоў да мяне апісвалася вясна і каханне вясною да жанчыны, але я апішу гэта ў мільён першы раз».
«Гісторый — асноўных літаратурных сюжэтаў — усяго чатыры», Борхес.
«За сваё доўгае жыццё я зрабіў высновы наконт самых бясспрэчных ісцін і наконт магчымасці паўтараць гэтыя ісціны без усялякай рызыкі», Бунін.
Выдатна. Аўтар, калі ён разумны чалавек, ведае, што не скажа, па вялікім рахунку, ніякай новай думкі. Яму застаецца толькі паўтараць. І тады якая розніца: ці ахутваць паўтаральнасць арэолам г. зв. мастацкасці, разбаўляць сваімі ўласнымі ўспамінамі, ці проста пісаць эпізоды з уласнага жыцця, або стараючыся рабіць з гэтага нейкія высновы (ведаючы, што ніякай новай не зробіш), або наогул не рабіць іх, а проста падаваць кароткімі кавалкамі, — галоўнае, каб чытач ухапіў гэты кавалак вокам, затрымаўся на ім…
…Пісалася гадоў 15 назад, прадвесніцай «Сечкі». Шкада знішчаць? Шкада. Як выкарыстаць? Не ведаю.
Бедныя мы, літаратары, людзі. Безабаронныя, аголеныя, якія тое і робяць, што падстаўляюцца, і глыбока яны няшчасныя, бо няма ў іх нічога асабістага — усё напаказ, як, выбачайце, у публічнай дзеўкі.
Ты можаш з горкай зайздрасцю толькі назіраць чужое жыццё, амаль не прымаючы ў ім ўдзелу. Людзі вакол жывуць — ты адлюстроўваеш гэтае жыццё, усё піхаеш, усё укладаеш, як пракляты, самае лепшае сваё ў нейкі беспрацэнтны, банкрутны банк — без надзеі на аддачу…
І ўсё ж настае момант, толькі трэба яго дачакацца, фізічна дажыць да яго, калі літаратура пачынае не толькі браць, а і аддаваць. Па чым гэта пазнаецца? Па рэакцыі людзей. Настае момант, калі спыняецца бег, які заключаўся ў пашырэнні, накапленні і павелічэнні матэрыяльнага: кватэра на большую, дача на бліжнюю, машына на даражэйшую… І вось раптам заўважаецца жоўты кляновы ліст пад нагамі… І ўспамінаецца іншая восень… І замаруджваюцца крокі… І думка — ці не ўпершыню ў жыцці — а засталося ж менш, чым прайшло! Круці не круці, а трэба памярці… «Холодильник, рыдая, за гробом твоим не пойдёт»…
Вось гэта і ёсць вышняя ўзнагарода літаратару-аўтару — калі тое, што так часта праклінаў: ну чаму, чаму не такі як усе?! — пачынае адкрывацца ў іншым святле.
3. Пахілае дрэва
У 40 гадоў чалавек або сам сабе доктар, або проста дурань.
Слабае, пахілае дрэва даўжэй рыпіць. Шукшын ці Сыс са сваім магутным здароўем маглі за пару дзён, жартуючы, намахаць чарговы шэдэўр, а потым два тыдні гуляць — хадзі хата, хадзі печ…
А чаму? Здароўе дазваляла. Як мне да 30 гадоў. Калі думаў (як усе мы ў нашую маладую бесклапотную пару), што мне зносу не будзе. Да абеду — раман, аповесць, п’еса, сцэнарый, пасля абеду — рэдакцыя, работа з аўтарамі (і ўсё паспяваеш: і сваё напісаць, і чужое адрэдагаваць), увечары — кавярня, сябры, чаркі-шкваркі, літаратурныя (дурныя) спрэчкі, цераз раз таксоўка, бо ногі не трымаюць, а наступнай раніцай, толькі крышку моршчачыся! — за стол, за ручку, да паперы…
Дай мне цяпер такі рэжым, ад мяне на першую ж раніцу мокрага месца не застанецца.
А ці не прасцей, не разумней з большым толкам разлічваць свае сілы? Два месяцы, а то і два гады пісаць апавяданне, а там ужо, так і быць, гульнуць — дазволіць сабе ажно паўшклянкі чырвонага віна?
На сваім «рэдактарскім пасту» часта даводзіцца задаваць аўтарам пытанне: дзеля чаго, нашто гэта пішацца?
І часта чуць у адказ: не ведаю і ведаць не хачу, на тое ёсць крытыка; пачытаю і сам даведаюся, што я хацеў сказаць.
Дык вось, каб не прыпадабняцца такім — увесь час, з настойлівасцю, нават з настырнасцю будзем вяртацца да:
— Якая мэта нашага рамана?
Яна пакуль такая: чалавек можа хоць крышку ўплываць на свой лёс, карэкціраваць, рэдагаваць яго? Ён можа, нават не маючы моцнага здароўя, пры пэўным раскладзе, пры пэўных адносінах да сябе хоць трохі падоўжыць свой век?
4. Смерці няма?
Калі ўспамінаю сябе чатырох-, трох-, асабліва двухгадовага — чым далей туды, да нараджэння, тым робіцца больш жудасна: вісіш як на валасінцы, як маятнік гайдаецца: усведамленне таго, што навокал — назад, у цемру «да-нараджэння». Гады ў два гэта пачалося. Клыпаю-бягу некуды, зямля такая блізкая, трава такая высокая, сонейка такое вялікае — і раптам думка: я жыву, існую, ВЯРНУЎСЯ, я зноў ГЭТА бачу, а яшчэ зусім нядаўна так баяўся паміраць, будучы ўпэўненым, што гэта небыццё, тлен, чарната… Нічога, аказваецца, падобнага! І жаданне затрымаць гэты свет і гэтае святло фізічна, ручкамі ў яго ўчапіцца, рапластацца, упасці, не даць зямлі выкруціцца з-пад сябе… І звон у галаве, і правал у памяці, і зноў нечалавечы страх смерці і небыцця — вяртанне ў той кашмар, які суправаджаў усё ПАПЯРЭДНЯЕ жыццё, асабліва апошні яго перыяд.