Выбрать главу

Ад тэхнікума да шашы, дзе быў аўтобусны прыпынак, цягнулася доўгая, яшчэ па-летняму густая алея таполяў. Мокрае пасля начной расы лісце пад яркімі промнямі сонца ззяла цёмна-чырвоным золатам. Нібы сагрэтыя цяплом, старыя, з маршчыністай, патрэсканай карой дрэвы ледзь чутна шумелі — здавалася, гэта яны, таполі, і наганяюць лёгкі ветрык. Сярод круглай бетоннай клумбы перад самым уваходам, над дробнымі сінімі кветкамі ўзвышаліся два маленькія, познія сланечнікі, у якіх ніколі не бывае зярнят. Яны ўсё ж важна паварочвалі свае мала жоўтыя галовы да сонца, нібы сапраўдныя вясковыя таўстуны-сланечнікі, якіх абвязваюць марлямі, каб не падзяўблі вераб’і…

Цёплая залатая восень! Вяргейчык засмяяўся і заплюшчыў вочы — на міг здалося, што ён не ў тэхнікуме, а зноў у сваёй старой драўлянай школе, выйшаў на ганак і дыхае, не можа надыхацца роднымі, блізкімі з дзяцінства пахамі восені… Поўнасцю забыцца перашкаджаў хіба што роўны гул машын з шашы…

— Здароў! — нехта крануў Вяргейчыка за рукаво.

Гэта быў невысокі белабрысы юнак, які вучыўся ў другой групе, а родам быў з суседняй Вяргейчыку вёскі. Прозвішча яго было Жменька. (Яшчэ ў школе хлопец вельмі не любіў, калі з ягонага прозвішча смяяліся, і даказваў, што такое ж меў адзін з герояў аповесці Шамякіна.)

Вяргейчык моцна паціснуў руку земляка і ўздыхнуў.

— Фізіка ў вас?

Жменька таксама ўздыхнуў і кіўнуў галавой. (Адна крытык пазней напіша: «Героі Федарэнкі увесь час ківаюць і з галавой нешта робяць».) Прыжмурыўшы вочы, ён паглядзеў перш на таполі, а потым прыслухаўся да гулу на шашы.

— Грыбоў зараз поўны лес, га? — ажывіўся ён раптам. — Я іх так спрытна бяру — каб хто толькі ведаў…

Вяргейчык не паспеў адказаць, бо Празвінеў званок, трэба было спяшацца. У тэхнікуме вялі своеасаблівую барацьбу супраць спазненняў: за першае — выклікалі да класнай, за другое — да завуча, а за трэцяе — пасылалі дамоў адзін са спецыяльных бланкаў, якія друкаваліся ў бухгалтэрыі пра запас і былі такога зместу: «Ставім Вас в известность, что Ваш(а) сын — дочь (падкрэслівалася) систематически опаздывают на занятия…» і г. д. Мелася на ўвазе, каб бацькі кідалі ўсе справы і, схапіўшыся за галаву, ляцелі за блізкі свет прымаць меры.

Канечне, гэтыя выклікі і пісьмы не зменшылі лік спазненняў, наадварот: тыя, што спазняліся на хвіліну, не ішлі на цэлы ўрок — усё адно давядзецца адказзаць, дык лепш за ўсё разам.

…Калі задыханы Вяргейчык прыбег у аўдыторыю, яго чакала прыемная навіна: другі ўрок матэматыкі адмяняецца, будзе літаратура! Ужо прыходзіла Клара Іванаўна і сказала, што раз ніхто не браў ні канспектаў, ні падручнікаў, будуць разбіраць сачыненне, якое пісалі на па-за тым уроку.

— Здорава як! — ляпнуў узрадаваны Вяргейчык па плячы свайго суседа па парце., Смолера.

— Будзе яшчэ больш здорава, калі Клара двойку мне ўпякла, — як заўсёды, марудна адказаў той.

— Ты ж спісваў, здаецца?

— А хіба за спісаныя сачыненні пяцёркі ставяць? Яна хітрая…

— Нічога не хітрая, — запярэчыў Вяргейчык.

Смолер прамаўчаў і праз момант загаварыў пра другое:

— Ты, я гляджу, не баішся, — заўважыў ён.

— Яшчэ чаго, — абыякава махнуў рукой Вяргейчык. — Я ў школе ведаеш як сачыненні гэтыя пісаў? Ніколі тройкі нават не было.

— Дык то ў школе.

— А тут што? Мяне нават наш дырэктар, ну, з нашай школы, адгаворваў, каб не паступаў сюды, каб перш дзесяць класаў скончыў. Ты ж літаратар, кажа, — пахваліўся Вяргейчык.

— Ого, — здзівіўся Смоляр. — Чаго ж ты паступаў?

— Папытай ў мяне, — кісла ўсміхнуўся Вяргейчык. — Дзядзька мой, нават не дзядзька, а я і сам толкам не ведаю, хто ён нам, дык вось гэты родзіч паспрыяў, у двукоссі. Ідзі, кажа, паступай. Кватэра потым, кажа, у першую чаргу, грошы добрыя…

(Пры ўсім наіве, нецікавасці, слабасці — які дакумент часу. Хаця б тыя ж самыя бланкі. Калі б я іх яшчэ згадаў?..)

— А свая галава нашто?

— Каб на тую галаву ды цяперашні розум, — разважліва адказаў Вяргейчык, чым вельмі развесяліў свайго таварыша.

— Як жа ты вучыцца будзеш, галава? — смеючыся, запытаў Смоляр. — Я ж заўважаю, ты дуб у матэматыцы.

— А я і не буду. Я ўжо вырашыў…

Ён не дагаварыў, бо ў аўдыторыю хуткім энергічным крокам увайшла выкладчыца літаратуры Клара Іванаўна.

Гэта была высокая, дзябёлая жанчына, якая вельмі глядзела за сабой: падмалёўвала губы, павекі, пудрылася. Апраналася яна вельмі па-сучаснаму, што зусім ёй не йшло, бо Клара Іванаўна была ў гадах.