(А ўсё ж партрэты і апісанні прыроды цярпімыя, як для самага першага ў жыцці апавядання.)
Яна спынілася пасярод аўдыторыі, цярпліва чакаючы, пакуль сціхне шум і ўсе падымуцца.
— Добры дзень, сядайце, — павіталася ціхім, стомленым голасам. Прайшла да стала, але не села, толькі абаперлася аб яго рукой, другой асцярожна паправіла валасы і, застыўшы, пачала доўга, задуменна глядзець у акно. Яна стаяла так кожны раз — нібы настройваючыся перад урокам, і заўсёды гэтая задумёная постаць так падабалася Вяргейчыку.
«Як правільна! — усхвалявана думаў ён. — Толькі так павінен пачынаць урок сапраўдны выкладчык…»
Пастаяўшы крыху, Клара Іванаўна села за стол.
— Дзяжурны, раздайце, калі ласка.
Яна падсунула на край стала стос сшыткаў, разгарнула журнал і схілілася над ім.
Дзяжурны быў якраз Смолер. Калі ён разнёс сачыненні па партах і разгарнуў сваё, твар яго спахмурнеў. Ён штурхнуў Вяргейчыка локцем у бок — глядзі! Сапраўды, як Смолер і баяўся, стаяла двойка і ўнізе — «Спісана!»
— Усё, праляцела стыпендыя, — шэптам падвёў ён вынік. — А-а, хай старыя прысылаюць — я што, грошы зарабляць сюды прыехаў?.. Давай лепш тваё паглядзім, — прашаптаў ён ужо зусім спакойна.
Але Вяргейчык не спяшаўся і толькі пагладжваў пальцамі па вокладцы сшытка, адчуваючы незразумела чаму хваляванне.
— Давай, не бойся, літаратар, — падбадзёрыў Смолер.
— Была не была…
Вяргейчык хутка разгарнуў сшытак і спачатку нават не вельмі здзівіўся, калі ўбачыў пад роўнымі радкамі свайго сачынення якраз такі, як у Смолера, подпіс і адзнаку — адзінку.
Смолер шчоўкнуў языком, хацеў нешта сказаць, але стрымаўся.
— Але чаму не двойка? — прашаптаў Вяргейчык. — Дай…
Ён схапіў сшытак Смолера і пачаў параўноўваць са сваім.
— Тут «спісана» і ў мяне «спісана», але чаму не двойка? — зноў разгублена паўтарыў ён.
— Якая розніца? — заўважыў Смоляр.
Тут Вяргейчык і сам зразумеў, што вярзе глупства. Хіба галоўнае, якая адзнака?
У галаве яго за адзін момант пранеслася: твар хлопца-земляка, «літаратар», «грошы добрыя…», «стыпендыя праляцела…» Вяргейчык адчуў, як стала горача вушам ад сораму, і чамусьці пацёр іх далонямі. Смолер са спачуваннем глядзеў на яго.
— А ты не маўчы, — нахіліўшыся бліжэй, параіў ён Вяргейчыку. — Падыдзі, скажы — так і так. Я спісаў — дык сяджу не рыпаюся, а табе што…
Вяргейчык хутка павярнуўся да сябра, і ў вачах яго засвяцілася ўдзячнасць.
— Ты мне верыш?
— Канечне. Хочаш, я зараз сам скажу? Хочаш?
У Смолера была нейкая пастаянная гатоўнасць рабіць для другіх тое, на што яны самі не адважваюцца. Адпіхнуўшы руку Вяргейчыка, які цягнуў яго за крысо пінжака, ён хутка падняўся і на гэты раз не марудна, а залпам выпаліў:
— Клара Іванаўна, Вяргейчык сам напісаў, а вы напісалі, што спісаў!
Нехта хіхікнуў. Клара Іванаўна адарвалася ад журнала і паглядзела на Смолера пранізлівым позіркам, ад якога хлопец сумеўся і сеў на месца.
— Пісаў — спісаў, нічога не разумею, — прамовіла нарэшце выкладчыца. — Вяргейчык, што ў вас?
Вяргейчык падняўся, скоса зірнуў на збянтэжанага Смолера і паціснуў плячыма:
— Ды вось, я, Клара Іванаўна, чэснае слова, не спісваў…
Ён адкрыта глядзеў проста ў вочы выкладчыцы, усім сваім выглядам паказваючы, што ніколькі не крыўдуе на яе за гэтую маленькую недарэчнасць.
— А хто вам сказаў, што вы не спісвалі?
— Як гэта? — разгубіўся Вяргейчык. — Ну, думкі мае сказалі, — паспрабаваў ён пажартаваць і ўсміхнуўся з надзеяй на ўсмешку ў адказ, але твар Клары Іванаўны застаўся такім жа строга-абыякавым.
Вяргейчыка раптам асяніла — проста яна трапіла ў няёмкае становішча і не ведае, як з яго выйсці!
— Вы толькі не падумайце, — горача сказаў ён, прыціскаючы правую руку да грудзей. — Я маю на ўвазе… — Вяргейчык ніяк не мог знайсці патрэбнага слова.
— Сядайце! Вы надта доўга «маеце на ўвазе», — сказала Клара Іванаўна і спакойна, нібы нічога не адбылося, схілілася над журналам.
Вяргейчык сеў. Ён зрабіўся ўвесь чырвоны і баяўся падняць галаву — здавалася, уся група глядзіць на яго і думае толькі пра яго. Але калі ён спадылба акінуў аўдыторыю хуткім позіркам, то ўбачыў, што нікому да яго няма справы: хто цішком падчытваў наступны ўрок, хто наогул драмаў, а дзве дзяўчаткі-блізняты, што сядзелі збоку ад Вяргейчыка, глядзелі адна на адну і шапталі скарагаворкай песеньку. Яны даволі-такі захапіліся, нават Клара Іванаўна вымушана была адарвацца ад сваёй работы і пастукала алоўкам па стале: